К первой учительнице идут за советом

Людзі і лёсы

Да першай настаўніцы ідуць з парадай
Сафія Ісакаўна Пракапішка з райцэнтра нядаўна адсвяткавала свой 90-гадовы юбілей. Віншавалі родныя, суседзі, сябры. А яшчэ – былыя вучні. Іх у Сафіі Ісакаўны многа – педагагічны стаж былой настаўніцы налічвае амаль сорак гадоў.
І сёння Сафія Ісакаўна рухавы і цікаўны чалавек. Яна чытае раённую газету “ад коркі да коркі”, ёй цікавы навіны ў галіне адукацыі, культуры, сельскай гаспадаркі. Стараецца быць у курсе ўсіх падзей раёна, краіны.
“Ды Сафія Ісакаўна заўсёды была такая – граматная, інтэлігентная, – кажа былая вучаніца С. І. Пракапішка Валянціна Паташкова. – Яе вельмі паважалі бацькі, бо заўсёды абыдзе кожнага вучня на даму, раскажа пра яго дасягненні. Затое і на бацькоўскія сходы нашы мамы і таты хадзілі з вялікай ахвотай. Сафія Ісакаўна вельмі добрая настаўніца.  І яе работа была высока ацэнена – наша настаўніца  ўдастоена ганаровага звання “Выдатнік народнай асветы”. Да яе заўсёды хочацца прыйсці проста так, праведаць, пагаварыць. І ў гэтым годзе, калі ў нашага выпуску быў юбілей – 40 гадоў пасля  заканчэння школы – мы завіталі не толькі ў школу, але і прыйшлі да сваёй першай настаўніцы. Яна нам запомнілася са школьных гадоў вельмі прыгожай, усмешлівай. Такая яна і зараз. Яна вучыла нас працалюбству, сумленнасці, паважаць старэйшых. І тую любоў да кнігі, якую заклала ў нашы душы, мы пранеслі праз усё жыццё”.
С. І. Пракапішка родам сама з Дубровенскага раёна, на Шуміліншчыну прыехала разам з мужам ў 1947 годзе. “Муж, Аляксей Фёдаравіч Аўчыннікаў, быў прызначаны дырэктарам машынна-трактарнай станцыі. “Ну, а я пайшла працаваць у школу, – успамінае Сафія Ісакаўна. – Пасля вайны на месцы сучаснага трохпавярховага будынка школы размяшчаліся драўляныя баракі, там і месціліся вучэбныя класы. Школьнікаў пасля вайны было многа. У кожным пачатковым класе (а тады было па чатыры паралелі) – па 35-37 чалавек. Прычым, у пачатковыя класы хадзілі і пераросткі, якім вайна перашкодзіла вучыцца”.
Згадала Сафія Ісакаўна, што ў 1948 годзе дырэктарам школы працаваў Іван Фёдаравіч Пратасевіч. Помніць і іншых дырэктараў  – Мікалая Фаміча Лосева, Аляксея Анісімавіча Калкова. У саракавыя гады школа працавала ў дзве змены, было яшчэ і вячэрняе навучанне, працаваць было нялёгка. Да таго ж не хапала падручнікаў, мэблі. “Нягледзячы на ўсе нястачы, вучыліся, – кажа жанчына, – і хацелі вучыцца. Не скажу, што ўсе былі выдатнікамі, аднак цяга да ведаў была ў кожнага”.
Сафія Ісакаўна выпусціла дзесяць класаў. Больш за трыста чалавек з яе лёгкай рукі перайшлі ў сярэдняе звяно школы. І першая настаўніца заўсёды заставалася для сваіх вучняў старэйшым сябрам і дарадцам. З многімі вучнямі С. І. Пракапішка трымае сувязь. Ёй тэлефануюць і прыязджаюць былыя вучні з Санкт-Пецярбурга, Мінска, Віцебска. “Тых, хто прыходзіць рэдка, магу ў твар і не пазнаць – усё ж столькі гадоў прайшло, – кажа Сафія Ісакаўна. – Але як толькі скажуць прозвішча – адразу называю імя, нават помню на якой парце сядзеў гэты мой вучань”.
С. І. Пракапішка і зараз на памяць чытае вершы Пушкіна і Цютчава, любіць перачытаць “Вайну і мір” Талстога. Цікавіцца і сучаснай літаратурай, наведвае бібліятэку, вядзе чытацкі дзённік. Гаворыць, што ні дня не можа пражыць без кнігі. Зараз, напрыклад, чытае кнігу сучаснай пісьменніцы Дзіны Рубінай “На сонечным баку вуліцы”. Гаворыць, што цікава.
Сафія Ісакаўна жыве па прынцыпу: ніколі нікога не асуджаць. Яна паважае людзей, заўсёды прыслухоўваецца да іх думкі. Лічыць, што своеасаблівым памочнікам для плённай работы з’яўляецца добры настрой. Таму праз жыццё пранесла знакамітыя словы Сервантэса: “Нішто так дорага  не цэніцца, як усмешка”.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №18 ад 05.03.2013 г



1 комментарий по теме “К первой учительнице идут за советом

  1. Дорогая Софья Исаковна,я выпускник 1958 года. Поздравляю с Юбилеем! Здоровья,здоровья,здоровья.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *