Вера Андреевна Угневёнок отпраздновала почтенный юбилей

Людзі і лёсы Общество

У роднай вёсцы і душа маладзее
Старэйшая жыхарка вёскі Сосніна Вера Андрэеўна Угнявёнак адсвяткавала на мінулым тыдні сваё 80-годдзе. Дэлегацыя на чале з намеснікам старшыні райвыканкама І. І. Шалахавай прыехала ў в. Прыазёрная (тут Вера Андрэеўна зімой жыве ў дачкі), каб павіншаваць жанчыну з шаноўным юбілеем.
В. А. Угнявёнак сустрэла гасцей бадзёрым настроем, усмешкй. Вельмі дзякавала, што прыехалі павіншаваць. А віншаванняў было багата. Словы ўдзячнасці ветэрану працы выказала І. І. Шалахава, пажадала юбіляру добрага здароўя і яшчэ доўгіх гадоў жыцця. Да віншаванняў далучыліся  в. а. старшыні Дабейскага сельвыканкама А. В. Аляксеенка, старшыня раённай арганізацыі “Фонд міру” Л. В. Шаўцова. А старшыня раённай ветэранскай арганізацыі К. Ф. Палоўнікава разам з сувенірамі падарыла юбіляру адну з яе любімых песень – “Арэнбургская пуховая хустка”.
Старшыня ветэранскай арганізацыі ААТ “Прыазёрны мір” М. Ц. Лялюга, якая таксама прыехала да юбіляра,  разам з Верай Андрэеўнай згадалі маладыя гады. Калісьці разам працавалі ў калгасе, хадзілі на палявыя работы.
Жыццёвы лёс В. А. Угнявёнак не быў усеяны ружамі. Хутчэй, наадварот, жыццё нібыта выпрабоўвала жанчыну на трываласць: трагічна памёр муж, адной прыйшлося выхоўваць дзвюх дачок і сына. І яны выраслі дастойнымі людзьмі.  На жаль, сына Віктара няма ў жывых ужо больш за тры дзясяткі гадоў. У 1984 годзе ён геройскі загінуў у Афганістане. У дзень юбілею ні сама Вера Іванаўна, ні госці не маглі не ўспомніць Віктара  – гэта гордасць і гора для маці адначасова.
Нягледзячы на ўсе выпрабаванні лёсу, Вера Іванаўна ніколі не скардзілася на жыццё. Яна старалася перажыць свой боль самастойна, казала, што няма таблетак, якія лечаць ад гора. Згадзіцеся, гэта словы мудрага чалавека.
Сёння В. І. Угнявёнак пераканана, што жыве на свеце не дарэмна. Ёй ёсць кім ганарыцца: удзячныя дочкі, шчаслівыя ўнукі і праўнукі, якія заўсёды бяруць прыклад са сваёй справядлівай, настойлівай і пакладзістай маці, бабулі і прабабулі. А яна з нецярпеннем чакае лета, калі зноў паедзе ў сваю родную вёску Сосніна, дзе нарадзілася, дзе прайшлі яе дзяцінства і маладосць. Паедзе, каб прыбраць двор, пасадзіць гародніну і падыхаць свежым вясковым паветрам. У роднай вёсцы, як лічыць Вера Андрэеўна, і душа маладзее.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў № 30 ад 15.04.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *