Доска почёта Шумилинского района. Иван Жигалко

Актуалии Людзі і лёсы Экономика

Прафесіянал высокага класа
Ён любіць сваю справу, робіць яе сумленна і якасна – і ў гэтым знаходзіць сябе. Рэалізоўвае сваю энергію, раскрывае асабістыя якасці прафесіянала: надзейнасць,  адказнасць, хуткасць, спрыт. І ўвогуле электрагазазваршчык Шумілінскай ПМК-70 Іван Мікалаевіч Жыгалка працуе на радасць сабе і на карысць людзям. І ад гэтага атрымлівае задавальненне.
Пасля заканчэння школы Іван Жыгалка вывучыўся на слесара. Але калі высветлілася, што шумілінскія прадпрыемствы маюць патрэбу ў электрагазазваршчыках, не задумваючыся, пайшоў вучыцца далей. Тым больш, што тагачасны дырэктар ПМК-70 Уладзімір Карнілаў абяцаў ўладкаваць на працу.
“Прыйшоў на прадпрыемства ў 2005 годзе, як кажуць, зялёным хлопцам, – усміхаецца Іван Мікалаевіч. – Тэорыя тэорыяй, а практычныя навыкі набываюцца гадамі. Маім старэйшым настаўнікам і дарадцам стаў электрагазазваршчык Іван Карэлін, які зараз знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Ён навучыў мяне тонкасцям кантактнай  і электрадугавой зваркі. Разам выраблялі розныя канструкцыі са сталі, чыгуну, каляровых металаў і сплаваў”.
Прафесія Іван Жыгалкі, які працуе ў цэху жалезабетонных вырабаў, вельмі запатрабаваная. І хаця тут некалькі зваршчыкаў, кожны забяспечаны работай пад завязку. Як нам расказалі на прадпрыемстве, без электрагазазваршчыка не абыходзіцца будаўніцтва ніводнага аб’екта. Іван Жыгалка, да прыкладу, “зварвае” металічныя бэлькі, які выкарыстоўваюць пры ўзвядзенні дахаў, а таксама каркасную сетку, якая патрэбна для фундаментаў. Вопытнаму электрагазазваршчыку, а менавіта такім лічаць на прадпрыемстве Івана Жыгалку, давяраюць не толькі самую складаную работу, але яшчэ і вучняў. Напрыклад, калі ўчарашнія студэнты прыходзяць на прадпрыемства, іх замацоўваюць за Іванам Мікалаевічам, бо ведаюць: навучыць, не падвядзе. Некалькі месяцаў таму прызначылі Івану Жыгалку маладога напарніка Андрэя Алексіна, і сёння ўжо Андрэй працуе нараўне са сваім настаўнікам.
Іван Мікалаевіч любіць сваю работу. Яму цікава эксперыментаваць, спрабаваць, зварваць адзін  метал з другім, ён з задавальненне працуе з нержавейкай і ацынкоўкай, асабліва даспадобы  электрадугавая зварка.  Прафесія стала яго любімай справай, дзе дасягнуў высокага ўзроўню майстэрства, і стабільнай крыніцай заробку. Заўсёды сабраны, вытрыманы, нешматслоўны, скрупулёзны і тактоўны, Іван Мікалаевіч ведае сваю работу. І на прадпрыемстве яго цэняць не толькі за прафесіяналізм, але і за самыя лепшыя чалавечыя якасці – таварыскасць, разуменне і гатоўнасць прыйсці на дапамогу.
Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *