День информирования прошел на предприятиях района

Актуалии Общество Президент

Гаварылі  пра гасціннасць, “лічбу”, пра тое, як жывём
Адзіны дзень інфармавання, у ходзе якога інфармацыйныя групы райвыканкама наведалі арганізацыі і прадпрыемствы раёна, быў прысвечаны важным падзеям, што адбываюцца ў грамадска-палітычным і эканамічным жыцці краіны.
2014 год  абвешчаны Годам гасціннасці. У першую чаргу гэта звязана з тым, што ў нашай краіне пройдзе чэмпіянат свету па хакеі. У год 70-годдзя вызвалення Беларусі да нас па традыцыі завітаюць ветэраны, іх сваякі, тысячы гасцей з былых савецкіх рэспублік. У Год гасціннасці трэба раскрыць турыстычны патэнцыял нашай краіны, паказаць гасцям беларускую шчырасць, гасціннасць, ветлівасць, прадставіць магчымасці адпачынку. Дарэчы, у Шумілінскім раёне набывае развіццё аграэкатурызм, створаны некалькі сядзіб, якія карыстаюцца папулярнасцю.
Другое пытанне дня інфармавання прысвечана таму, што з 1 чэрвеня ў нашым раёне знікне магчымасць глядзець аналагавае тэлебачанне. Пераход на новыя тэхналогіі – патрабаванне часу. Каб шумілінцы не засталіся без любімых серыялаў і тэлеперадач, трэба паклапаціцца пра набыццё тэлевізійнай прыстаўкі ці сучаснага тэлевізара, якія дадуць магчымасць прымаць лічбавы тэлесігнал.
І нарэшце трэцяя тэма – гэта правядзенне статыстычнага даследавання з мэтай вывучыць, як жыхары нашай краіны праводзяць свой час ў рабочы і выхадны дзень.
Рабочая група, якую ўзначальвае старшыня раённага выканаўчага камітэта У. П. Куранны, наведала Шумілінскае прадпрыемства меліярацыйных сістэм. Уладзімір Пятровіч расказаў пра сацыяльна-эканамічнае развіццё раёна,  заўважыў, што ад работы прысутных залежыць выкананне ўсіх сацыяльных праграм раёна, бо менавіта прадпрыемствы рэальнага сектара эканомікі – прамысловыя, сельскагаспадарчыя, будаўнічыя, гандлёвыя – напаўняюць падаткамі бюджэт і дазваляюць тым самым рашаць сацыяльныя пытанні.
Кіраўнік раёна расказаў, што дзяржава падтрымлівае і дапамагае прадпрыемствам. Знойдзены грошы на рэканструкцыю Обальскага керамічнага завода, зараз паступае абсталяванне.
Гэта ўдыхне ў прадпрыемства новае жыццё. Ёсць цікаўнасць да нашага раёне з боку замежных інвестараў – яны мяркуюць рабіць інвестыцыі, у першую чаргу, у дрэваапрацоўку. Павінны пачаць работу прадпрыемствы па вырабе пластыкавых акон, пластыкавай тары, іншыя.
У сваім выступленні старшыня райвыканкама закрануў стан правапарадку ў раёне, расказаў пра тое, што ўлады робяць для прафілактыкі правапарушэнняў. Але галоўнай мерай у гэтай рабоце павінна стаць нераўнадушнасць людзей. “Не праходзьце міма, калі бачыце непарадак. Не можаце зрабіць самі – патэлефануйце ў міліцыю, прыедуць і навядуць парадак”, – заклікаў прысутных У. П. Куранны.
Таксама выступілі галоўны ўрач Шумілінскай ЦРБ К. Ф. Баканаў, намеснік начальніка РАНС В. В. Шархун, дырэктар УП ЖКГ І. К. Штуро.
Пасля сустрэчы кіраўнік раёна правёў прыём па асабістых пытаннях.
***
У калектыве цэнтральнай раённай бальніцы, дзе праводзіла Дзень інфармавання інфармацыйна-прапагандысцкая група райвыканкама на чале са старшынёй раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікавай, гаворка адбылася дзелавой, зацікаўленай і прынцыповай. А зачын гэтай гаворкі пачаўся з выступлення галоўнага спецыяліста аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Н. У. Хамаганавай. І тэма была “жывой” і ўсцешанай – гасціннасць беларуса, развіццё аграэкатурызму. Выступоўца расказала пра тое,  што робіцца ў раёне па актывізацыі маладога ўвогуле напрамку ў турызме, падзялілася думкамі пра маючы прыйсці ў Беларусь чэмпіянат свету па хакеі, пра тое, што мы павінны паказаць сваю выключную гасціннасць і абыходлівасць.
Па тэме  з прапановамі адкрываць дарогу  так званаму царкоўнаму агратурызму выступіў загадчык тэрапеўтычнага аддзялення бальніцы  В. В. Улюценка.
Не меншую цікавасць выклікаў разгляд другога пытання парадку дня – перавод на лічбавае вяшчанне і трансляцыю. З інфармацыяй выступіў начальнік участка РВЭС  Ю. П. Краўчанка. Было адзначана, што з 1 чэрвеня “лічба” запрацуе па ўсёй Беларусі. Праўда, не без пераходнага перыяду: людзям трэба прывыкнуць да той думкі, што яны павінны ўсё ж набываць хвалевы радыёпрыёмнік, што не кожны тэлевізар абыдзецца без тэлепрыстаўкі – гэта для таго, каб чалавек мог камфортна і з патрэбнай якасцю глядзець тэлевізар. Як абяцаюць сувязісты, праблем з падключэннем прыставак і абслугоўваннем абсталявання не будзе.
Між тым і ў іх адкрыліся, калі хочаце, болевыя кропкі. Напрыклад, па продажы радыёпрыёмнікаў. Іх  не купіць у вёсках – у магазінах ці дзе-небудзь яшчэ, ёсць яны толькі ў Шуміліне ў РВЭС.  А пасля пасыпаўся град пытанняў: “ У мяне кабельнае тэлебачанне. Ад “Гаранта”. Ці патрэбна прыстаўка?”, “Ці ўсе тэлевізары змогуць прымаць лічбавую трансляцыю?”, “Хто падбірае тэлеканалы? Там жа глядзець няма чаго”, “Ці трэба купляць радыёпрыёмнікі на кожную палату?” Ю. П. Краўчанка ледзь спраўляўся адказваць.
На выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна за 1 квартал 2014 года спыніла сваю ўвагу ў выступленні І. М. Новікава. На думку Ірыны Мікалаеўны, тыя “прабелы”, якія назіраюцца ў эканоміцы, свае вытокі бяруць яшчэ ў 2013 годзе.  Цяжка ў сельскай гаспадарцы. “Падкасіла”  зараза свіней. Праўда, да гонару комплексу, што ў Добрыне, там экзамен вытрымалі. Неўзабаве пойдзе рэалізацыя парасят. Паглядзіце, як бы цяжка ні было, а “Вітконпрадукт”, дзе працуе 400 чалавек, не здаецца на волю выпадку, работу сваю наладзіў рытмічна, без збояў. Істотная па-ранейшаму вага ў  аб’ёме падатковых адлічэнняў і ў СТАА “Вежа”, і ЗП “Славянскі прадукт”.
Спынілася І. М. Новікава на дэмаграфіі. У раёне з кожным годам жыве ўсё менш людзей, акрамя гэтага, каля 2 тысяч выязджаюць за межы краіны ў заробкі або жывуць на ўтрыманні сваякоў, або крадуць. Дзіўная лічба: на “біржы” працы стаіць у раёне усяго 55 чалавек. Гэты кантынгент змірыўся са сваім статусам, а тыя, хто не змірыўся, шукае прыстойны заработак.  У нас у раёне ён склаў за месяц у сярэднім 3,8 мільёна рублёў. Моладзь такія “крыхі” не задавальняюць.
Гаворка вялася вакол “рэзанансных” аб’ектаў – школы мастацтваў, ФАК,  пракладкі ліўневай каналізацыі, будаўніцтва храмаў у Обалі і Шуміліне.
Шмат праблемных пытанняў адрасавалася камунальнай службе раёна. Намеснік дырэктара УП ЖКГ У. П. Воранаў, які браў удзел у рабоце групы, занёс усе пытанні ў свой “кандуіт” з тым, каб рашаць іх у першачарговым парадку.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ, Мікалай  МАРОЗ.
Надрукавана ў №31 ад 22.04.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *