Штогод у першую нядзелю верасня ў Беларусі адзначаецца Дзень работнікаў нафтавай, газавай і паліўнай прамысловасці. Для нашага раёна гэта свята мае асаблівае значэнне, бо Шумілінскі раён газазабеспячэння філіяла вытворчага ўпраўлення «Полацкгаз» УП «Віцебскаблгаз» кругласутачна служыць надзейным гарантам бяспекі рэгіёна. Гэта дзень прызнання заслуг людзей, чыя праца схавана за звыклым камфортам у нашых дамах, але патрабуе каласальнай адказнасці, глыбокіх тэхнічных ведаў і поўнай самааддачы ў рэжыме 24/7.
Сёння ў раёне газазабеспячэння працуе згуртаваная каманда з 53 чалавек. Кожны работнік тут – сапраўдны прафесіянал сваёй справы, які прайшоў строгую падрыхтоўку. Калектыў прадпрыемства вызначаецца добрапрыстойнасцю ў адносінах са спажыўцамі, высокай аператыўнасцю пры рэагаванні на любыя выклікі і бездакорнай выканальніцкай дысцыплінай.
Шумілінскія газавікі па праве служаць прыкладам ва ўсім: тэрыторыя прадпрыемства заўсёды знаходзіцца ва ўзорным парадку, уражвае сучаснымі ідэямі і безфдакорнай чысцінёй. Акрамя таго, работнікі раёна газазабеспячэння займаюць актыўную грамадзянскую пазіцыю, рэгулярна ўдзельнічаюць у раённых і рэспубліканскіх акцыях, аказваюць шчырую дабрачынную дапамогу дзецям, пенсіянерам і ветэранам працы.
Галоўная задача Шумілінскага РГС – гэта забеспячэнне бесперабойнай і безаварыйнай пастаўкі газу на ўсе аб’екты раёна. Штодня абслугоўваючы кіламетры газавых сетак і складанае тэхналагічнае абсталяванне, спецыялісты робяць усё, каб у кожным доме і на кожным прадпрыемстве заўсёды было цёпла і ўтульна. Іх прафесіяналізм, спагадлівасць і адданасць абранаму шляху з’яўляюцца надзейным залогам дабрабыту і спакою жыхароў Шуміліншчыны.
«Мы трымаем высокую планку абсалютна ва ўсім: ад узорнага парадку на нашых працоўных месцах і тэрыторыі прадпрыемства да шчырай дапамогі тым, хто мае ў ёй патрэбу. У нашай камандзе працуюць выключна прафесіяналы сваёй справы з вялікім і добрым сэрцам», – падкрэсліў начальнік Шумілінскага раёна газазабеспячэння Юрый Волкаў.
Напярэдадні прафесійнага свята Юрый Аляксандравіч павіншаваў ветэранаў працы і калег структуры:
«Шчыра дзякую вам за адданасць прафесіі, за надзейную, бесперабойную і безаварыйную работу ў любы час сутак і ў любое надвор’е. Менавіта наша з вамі штодзённая адказная праца прыносіць цяпло ў дамы кожнага жыхара Шуміліншчыны. Жадаю вам і вашым сем’ям моцнага здароўя, мірнага неба, дабрабыту і новых прафесійных поспехаў!».
Дар’я ЧАПУРНОВА.

