“Клад”, который принесли в редакцию

Общество

“Скарб”, які прынеслі ў рэдакцыю
Здавалася б, ну што за падзея: прынёс чалавек у рэдакцыю вучнёўскія сшыткі, датаваныя 1955-ым, або часопісы, што праляжалі ў хаце, якую разбіралі, пяцьдзясят з гакам гадоў. Але ж сёння можна пагартаць (такое магчыма хіба ў Нацыянальнай бібліятэцы ў Мінску) сёмы нумар часопіса “Колхозное производство” за 1956 год – “штомесячны навукова-вытворчы часопіс для старшынь калгасаў і калгаснага актыву”, які выдаваўся ў Маскве. Ёсць цікавыя падборкі інфармацый. Напрыклад, вось такі лозунг, вынесены ў загаловак: “Рыбная гаспадарка – кожнаму калгасу”. Або вось: у Маскоўскай вобласці атрымліваюць па 30 тон бульбы з гектара. Сёння, з прыходам новых тэхналогій і  навінак агранамічнай навукі,  нямала гаспадарак і гэтага не маюць. А ў Разанскай вобласці бяруць з гектара 25 цэнтнераў яравой пшаніцы. На радзіме Сяргея Ясеніна і тады бралі, а ў нас не бяруць і сёння, праз 57 гадоў.
Нямала ў часопісе цікавых і карысных парад, падказак навукоўцаў. Хаця б вось артыкул з назвай  “Барацьба з эрозіяй глебы”. Або практыкум, з якім выступае аграном, расказваючы пра сутнасць комплексных брыгад у калгасе.
А вось часопісу “Беларусь”, у якім, акрамя вершаў і публіцыстыкі, змешчана апавяданне Івана Шамякіна “Хадакі”, – 63 гады. А празаічны твор – пра старшынёўскія клопаты Жданковіча, былога, па ўсім відаць, франтавіка (старонкі “паедзены” шашалем ці мышамі, таму ўвесь тэкст прачытаць не ўдалося), пра тое, як з’язджалі маленькія вёскі ў буйныя, як радаваліся людзі, што жывуць усёй грамадой, супольна.
І нарэшце – пра сшыткі. Скажам адразу, што ўвесь гэты скарб (часопісы і вучнёўскія сшыткі) даставіў у рэдакцыю Уладзімір Іванавіч Шкулаў. Сшыткі захаваліся лепш за часопісы. Адзін з іх па трыганаметрыі (пад нумарам 3: бач ты яго – нават нумараваліся) вучня 10 “В”  класа СШ № 1 Ігара Карнавушанкі, другі – па алгебры (сшытак № 4) вучаніцы таксама 10 “В” класа Яўгеніі Квятовіч. Праўда, Яўгенія хадзіла ў дзясяты на два гады пазней, у 1958 годзе. Тым не менш кідаецца ў вочы, што абодва вучні былі старанныя ў вучобе, і што не менш паважліва – акуратныя ў пісьме. І гэта пры тым, што ацэнак у сшытках няма, таму не ведаеш, ці правільна выканана тое або іншае заданне. Аднак ведаючы, што ў тыя гады не пісалі яшчэ шарыкавымі ручкамі, што тады на партах стаялі чарніліцы і ўсе насілі ручкі з пёрамі, радуешся, якія прыгожыя і выразныя былі ў дзяцей почыркі. У Ігара – літары выходзілі трохі вуглаватыя, амаль без нахілу, у Яўгеніі почырк больш каліграфічны, дзявочы, словы нахілены ўправа, з буйнымі і кругленькімі, як бачоначкі, літарамі “о” і “а”.
Цікава, ці змяніліся почыркі ў сённяшніх Ігара Карнавушанкі і Яўгеніі Квятовіч? Калі шчыра, і я пісаў даволі прыстойна ў школе, а з гадамі так сапсаваў свой почырк, што калі, бывае, запісваеш за некім у нататнік, праз тры дні можаш не разгадаць сваіх “рэбусаў”. Дарэчы, адзін з маіх былых калег-журналістаў свае “каракулі” мог разабраць толькі праз гадзіну-другую, назаўтра ж яны яму былі ўжо непадуладны.
Але гэта між іншым. А можа, і да месца, бо ведаем, што почырк – гэта характар чалавека. Таму надзвычай  цікава, як мяняецца з гадамі почырк, а значыць, і характар кожнага з нас.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №8 ад 31.01.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *