Выстаўкі да 100-годдзя з дня нараджэння Пімена Панчанкі і Янкі Брыля адкрыюцца 23 жніўня

Культура Новости

Янка Брыль і Пімен Панчанк

Выстаўкі да 100-годдзя з дня нараджэння Пімена Панчанкі і Янкі Брыля адкрыюцца 23 жніўня

Выстаўкі да 100-годдзя з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Пімена Панчанкі і народнага пісьменніка Беларусі Янкі Брыля адкрыюцца 23 жніўня ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры, паведамілі БЕЛТА ў музеі.
Супрацоўнікі музея падрыхтавалі выстаўку «Пімен Панчанка. Кніга падарожжаў і любові…» і літаратурна-дакументальную часовую экспазіцыю «Янка Брыль. З людзьмі і сам-насам», дзе будуць прадстаўлены матэрыялы з фондаў музея (фатаграфіі, рукапісы, пісьмы, кнігі), прадметы з асабістых архіваў пісьменнікаў. Усё гэта дасць магчымасць прасачыць іх жыццёвы і творчы шлях.
Урачыстае адкрыццё дзвюх экспазіцый у адзін дзень Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры назначыў невыпадкова: даследчыкі адзначаюць пэўнае падабенства лёсаў Янкі Брыля і Пімена Панчанкі. Нарадзіліся пісьменнікі ў жніўні 1917 года за межамі Беларусі: Янка Брыль — 4 жніўня ў Адэсе, Пімен Панчанка — 23 жніўня ў Таліне. Іх творчая спадчына заняла ганаровае месца ў залатым фондзе беларускай нацыянальнай літаратуры. На адкрыцці экспазіцый сумесна з Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі адбудзецца гашэнне паштовай маркі і канверта, прысвечаных юбілею Пімена Панчанкі, і ўрачыстая перадача ў фонды музея юбілейнага канверта з арыгінальнай маркай «100 гадоў з дня нараджэння Янкі Брыля».
Гасцямі мерапрыемства стануць і прадстаўнікі футбольнага клуба мінскага «Дынама», балельшчыкам якога быў Пімен Панчанка. Пісьменнік амаль ніколі не прапускаў матчы каманды, таму балельшчыкі «Дынама» разам з клубам падрыхтавалі падарунак, які будзе прадстаўлены на выстаўцы.
У мерапрыемстве прымуць таксама ўдзел прадстаўнікі Міністэрства культуры, пасольстваў Ірана, Польшчы ў Беларусі, пісьменнікі, сябры, родныя Пімена Панчанкі і Янкі Брыля, паклоннікі творчасці беларускіх аўтараў.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *