Названы имена лучших старейшин Шумилинского района

Актуалии Общество Сельское хозяйство

Нашы лепшыя старэйшыны
Роля старэйшыны у грамадстве неацэнная. Яны з’яўляюцца звязуючым звяном паміж уладай і насельніцтвам, вырашаюць надзённыя праблемы людзей, прытрымліваюцца актыўнай жыццёвай пазіцыі. Лепшым старэйшынам раёна мы прысвячаем гэтую старонку.
Думаецца, не толькі на тэрыторыі Сіроцінскага сельсавета, але і ва ўсім раёне не знойдзеш такіх дружных вяскоўцаў, як у Сянькове. І дні нараджэння, і юбілеі вяселляў тут святкуюць усёй вёскай. Можна сказаць, што ўсе тут – як адна сям’я. І ў такой  згуртаванасці вялікая заслуга старэйшыны вёскі Лявонавай Ефрасінні Сысоеўны. Шчырая і дабразычлівая, яна аб’яднала вакол сябе землякоў. Ефрасіння Сысоеўна за добрую работу неаднаразова ўзнагароджавалася ўдзячнымі лістамі райвыканкама і памятнымі падарункамі.

Марыя Мацвееўна Кралько з Мікалаёва – адна з самых актыўных старэйшын у раёне. Жанчына ніколі не стаяла ў баку ад грамадскіх спраў. Яна лідар па сваіх поглядах, па адносінах да жыцця. Многа карысных спраў зроблена з лёгкай рукі старэйшыны за дзесяць гадоў на гэтай грамадскай пасадзе. Марыя Мацвееўна ўмее арганізаваць людзей, павесці за сабой, увасобіць у жыццё добрую ініцыятыву іншых. І вось ужо наведзены парадак на мясцовых могілках, высечаны старыя дрэвы, пасаджаны кветкі на грамадскіх клумбах.

Зінаіда Фёдараўна Калдунова называе сябе маладой старэйшынай, бо на гэтай пасадзе ў аграгарадку Башні ўсяго другі год. “Але ж у мяне добры настаўнік – Леанід Вячаслававіч Пагарэльскі, – кажа жанчына. – Гэта ён заклаў той падмурак, на якім сёння лёгка працаваць”. Зінаіда Фёдараўна актыўна ўзялася за грамадскія справы: разам з міліцыянерамі і работнікамі райаддзела па надзвычайных сітуацыях наведвае нядбайныя і мнагадзетныя сем’і, удзельнічае ў падворных абходах, патрабуе ад вяскоўцаў парадку на сваіх сядзібах.

Юрчанку Эдуарда Адамавіча, старэйшыну вёсак Купніно і Гаравыя-2, выбіралі на гэтую грамадскую пасаду некалькі разоў запар. Што і казаць, заслужыў людскую павагу і давер. Мясцовы егер, ініцыятыўны чалавек, Эдуард Адамавіч перажывае за сваю вёску, вельмі хоча зрабіць яе прыгожай. І многае для гэтага робіць сам: клапоціцца пра ачыстку воданапорнай вежы, пра якасць пітной вады, пра рамонт і расчыстку ад снегу вясковых дарог. Але не ўсё яму па сілах. Праблемай застаецца рамонт пад’язных дарог да вёсак.

Святлана Пятроўна Зуева – часты госць у Мішневіцкім сельскім Савеце. Заходзіць яна сюды ўсё больш па грамадскіх справах, бо з’яўляецца старэйшынай аграгарадка Мішневічы. Шмат надзённых пытанняў дапамагае  старэйшыне вырашаць кіраўніцтва КУСГП “Мішневічы”. Святлана Пятроўна добра ведае вясковых людзей. Да яе звяртаюцца і з суседніх вёсак, бо ведаюць, што дапаможа. У вырашэнні розных праблем галоўнае не зацягваць, лічыць С. П. Зуева, своечасова звяртацца ў адпаведныя інстанцыі, і тады ўсё атрымаецца.

Таццяна Дзянісаўна Карась з вёскі Яцукі свой дзень пачынае з грамадскіх праблем. Хвалюецца, што дарога расчышчана толькі да месца прыпынку аўталаўкі, што не ўсюды гараць ліхтары, што ў вёсцы замерзлі калонкі. Вось і тэлефануе старэйшына ў Каўлякоўскі сельвыканкам з просьбай дапамагчы. Ваду ў вёску прывозяць на трактары. Але гэта не выйсце, калонкі трэба рамантаваць, лічыць Таццяна Дзянісаўна. Акрамя Яцукоў, Т. Д. Карась адказвае яшчэ за дзве вёскі, што размешчаны непадалёк, – Заручэўе і Мурашкі.

Падворак Лідзіі Мікалаеўны Жандаравай, старэйшыны з вёскі Залужжа, прыезджыя называюць райскім кутком, тут летам усё патанае ў кветках. Гэта сваімі рукамі Лідзія Мікалаеўна стварае такое хараство. І на агародзе ў яе парадак, і ў палісадзе. Сваім працалюбствам, адносінамі да жыцця і да людзей заслужыла жанчына павагу ў вяскоўцаў. Больш як дзесяць гадоў таму выбралі Лідзію Мікалаеўну старэйшынай вёскі Залужжа.Памяркоўная, разважлівая, яна ніколі не прымае хуткіх рашэнняў. Спярша ўсё абдумае, узважыць.

Настойлівасць, багаты жыццёвы вопыт і энергія дапамагаюць Марыі Цімафееўне Лялюга ў жыцці, дапамагаюць спраўляцца не толькі з асабістымі праблемамі, але і з грамадскімі. Два гады таму Марыю Цімафееўну выбралі старэйшынай вёскі Лялюгі. Ды яна і раней ніколі не заставалася раўнадушнай да вясковых праблем, і цяпер жа лічыць сваім абавязкам дапамагаць адзінокім вяскоўцам, праводзіць абходы неблаганадзейных сем’яў. М. Ц. Лялюга – гаспадар у сваёй вёсцы, яна заўсёды ведае, дзе трэба прыбраць ці  абкасіць.
Надрукавана ў №21 ад 15.03.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *