Шуміліна і шумілінцы на “Славянскім базары”

Актуалии Культура Общество

Агні музычнай вясёлкі Міжнароднага фестывалю “Славянскі базар у Віцебску” добра бачны і з Шуміліна. І натуральна, што мы бяром самы непасрэдны ўдзел у гэтым феерычным свяце: працуем і адпачываем, радуем гасцей сваім талентам, дзівімся на заезджы.   У парку Пераможцаў ля Дзвіны 8 ліпеня адкрыў дзверы “Шумілінскі панадворак”. Удалы сімбіёз гандлю і культуры прыносіць плён. Майстры Дома рамёстваў сваімі вырабамі ўпрыгожылі панадворак, тут гучыць жывая музыка, смажацца свежыя шашлыкі, прапануюцца розныя напіткі, а галоўнае, у “Шумілінскім панадворку” заўсёды жыве гасціннасць і сардэчнасць.   Як паведаміў рэдакцыі раённай газеты в. а. старшыні райспажыўтаварыства Ігар Паграбняк, шумілінскія гандляры працуюць у Віцебску з Дня горада (з 27 чэрвеня). За гэты час атрымалі 160 мільёнаў выручкі. Безумоўна, працаваць з васьмі раніцы да дваццаці трох вельмі няпроста, але, як адзначыў Ігар Аляксандравіч, маладая каманда з 12 чалавек спраўляецца выдатна.   Дык вось, калі вы проста паедзеце пагуляць у святочны Віцебск, падзівіцца на замежных артыстаў ці на музычныя фантаны, зайдзіце адпачыць у “Шумілінскі панадворак”, месца хопіць усім, тут адначасова могуць размясціцца за столікамі каля двухсот чалавек. Ну, і грошы вашы вернуцца ў Шуміліна.   А пасля таго як вы падмацуецеся, самы час на канцэрт. І не абавязкова ў Летні амфітэатр, дзе білеты дарагія, ды і тыя ўжо прададзены. Падчас “Славянскага базару” у Віцебску працуе мноства бясплатных канцэртных пляцовак, дзе вам будуць вельмі рады.   Дарэчы, як нам паведаміла намеснік начальніка аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі райвыканкама Валянціна Навіцкая, на адной з такіх пляцовак – на вуліцы Пушкіна (каля драмтэатра імя Якуба Коласа) – выступяць самадзейныя артысты Шумілінскага раёна. 10 ліпеня з 19 да 20 гадзін канцэрт дадуць “Гарэзнікі” Обальскай дзіцячай школы мастацтваў, а 11 ліпеня двума канцэртамі (з 16.15 да 17.00 і з 18.30 да 19.15) парадуюць гледачоў “Славянскага базару” удзельнікі фальклорнага калектыву “Гульбічы” і народнага хору “Світанак”.   12 ліпеня ў рамках ХХІІІ Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” пройдзе Дзень моладзі, дзе Шумілінскі раён будзе прадстаўляць дэлегацыя з 15 чалавек – гэта маладыя людзі, якія славяць Шуміліншчыну сваёй выдатнай працай і вучобай.   Нашу кароткую замалёўку-афішу пра ўдзел Шуміліна і шумілінцаў у “Славянскім базары” дапоўнім інфармацыяй, якую зноў жа прадставіла Валянціна Навіцкая: на розныя канцэрты і пастаноўкі “Славянскага базару” жыхары Шумілінскага раёна выкупілі (на раніцу 9 ліпеня) 337 білетаў, у тым ліку 103 білеты – на канцэрт “Саюзная дзяржава запрашае… “Я люблю цябе, жыццё”.   А колькі шумілінцаў будзе гуляць па “Горадзе майстроў” (дзе, дарэчы будзе сказаць, майстры Шумілінскага Дома рамёстваў штодзень даюць майстар-класы, арганізорўваюць выставы, выставы-продажы), любавацца іскрыстымі феерверкамі, гуляць па сонечных і зорных вуліцах святочнага Віцебска, статыстыцы пакуль невядома. Аліна ПЯТРОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *