Абаянне і адкрытасць Пятра Машэрава. Да 100-годдзя з дня нараджэння

Актуалии Новости

Абаянне і адкрытасць Пятра Машэрава.  Да 100-годдзя з дня нараджэння

П. М. Машэраў (у цэнтры) з першым сакратаром райкама КПБ Н. С. Сянчурай і старшынёй Шумілінскага райвыканкама У. С. Пясоцкім на жытнёвым полі саўгаса «Ульскі».

Самы вядомы беларускі палітык ХХ стагоддзя да гэтай пары застаецца для беларусаў адным з самых паважаных дзяржаўных дзеячаў. Першага сакратара ЦК у краіне ведалі як цудоўнага настаўніка, дзёрзкага партызана па клічцы Дубняк. А самае галоўнае – як нестандартна думаючага кіраўніка.

Пётр Міронавіч Машэраў нарадзіўся ў простай сялянскай сям’і ў вёсцы Шыркі Сенненскага раёна 13 лютага 1918 года. Да вайны ён паспеў скончыць Віцебскі педінстытут і два гады адпрацаваць настаўнікам матэматыкі і фізікі ў Расонах.
З першых дзён вайны Машэраў у радах дабравольцаў Чырвонай Арміі, баец знішчальнага батальёна. У жніўні 1941 года трапіў у акружэнне і ў палон, але здолеў збегчы: выбраўся з таварнага цягніка праз бакавы люк і саскочыў на хуткасці. У гэтым жа месяцы ён стварыў і ўзначаліў камсамольска-маладзёжнае падполле ў Расонах, пачаў арганізацыю партызанскага руху. Кіруемы ім атрад у жніўні 1942 года здзейсніў буйную аперацыю – падарваў мост цераз раку Дрысу на чыгунцы Віцебск–Рыга. З сакавіка 1943 года – камісар партызанскай брыгады імя К. К. Ракасоўскага. Двойчы паранены. За арганізацыю партызанскага руху, асабістую мужнасць і гераізм у 1944 годзе ўдастоены звання Герой Савецкага Саюза.
Пасля вызвалення Беларусі з ліпеня 1944 года Пётр Машэраў працуе першым сакратаром Маладзечанскага, Мінскага абкамаў ЛКСМБ. З ліпеня 1946 – сакратар, а з кастрычніка 1947 года – першы сакратар ЦК ЛКСМБ. У ліпені 1954 года быў абраны другім сакратаром Брэсцкага абкама Кампартыі БССР. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР 3-5 і 7-10 скліканняў.
З 1959 года сакратар, з 1962 – другі сакратар, а з сакавіка 1965 года – першы сакратар ЦК КП Беларусі.

Што паспеў
Пры Машэраве пасляваенная рэспубліка прыкметна змянілася: актыўна ішла меліярацыя на Палессі, сельскагаспадарчая вытворчасць рабілася больш эфектыўнай, развівалася індустрыялізацыя. Менавіта пры Машэраве БССР стала зборачным цэхам Савецкага Саюза. Да пачатку 1980-х беларуская прамысловая прадукцыя ішла на экспарт у больш чым 100 краін, у тым ліку ў ЗША, Канаду і Германію. У свеце даведаліся і прызналі “БелАЗы”, “МАЗы”, трактары “Беларусь”, халадзільнікі “Мінск”.
Перыяд яго кіраўніцтва рэспублікай адзначаны эканамічным пад’ёмам. З 1965 па 1980 год у некалькі разоў вырас нацыянальны даход. У гэты перыяд быў пабудаваны шэраг буйных прадпрыемстваў, у тым ліку Гродзенскі хімічны камбінат “Азот”, Наваполацкі хімічны камбінат “Палімір”, Гомельскі хімічны завод, Бярозаўская ГРЭС, у Мінску пачалося будаўніцтва метрапалітэна. З імем Машэрава звязана стварэнне мемарыяльных комплексаў “Брэсцкая крэпасць-герой” і “Хатынь”, адкрыццё Кургана Славы, мемарыяльнага комплексу “Прарыў”. Машэраў падтрымліваў “Песняроў”, пры ім у Мінску былі ўстаноўлены помнікі Янку Купалу і Якубу Коласу. Ён дабіўся, каб сталіцы БССР прысвоілі званне Горада-героя.
У 1978 годзе Пятру Міронавічу Машэраву прысвоена званне Героя Сацыялістычнай працы.

П. М. Машэраў у калгасе імя Суворава Шумілінскага раёна. Верасень 1980 г.

На шумілінскай зямлі
Пётр Міронавіч Машэраў не аднойчы наведваў Шумілінскі раён. Ніна Сяргееўна Сянчура, якая ў той час працавала першым сакратаром Шумілінскага райкама партыі, з цеплатой успамінае вялікае абаянне кіраўніка рэспублікі, яго інтэлігентнасць, адкрытасць і прастату ў зносінах, павагу да людзей. Ён мог прыляцець у раён нечакана, расказвае яна, пасадзіць верталёт на ўзмежку поля, тут жа правесці незапланаваную нараду, паабедаць з механізатарамі. Былы фотакор “Герой працы” Віктар Палісадзін успамінаў, як яго запрашалі зрабіць здымкі. Цяпер гэтыя кадры ўжо гісторыя.
Дарэчы, толькі ў рэдакцыйным фотаархіве мы знайшлі здымкі Віктара Палісадзіна, якія сведчаць, што кіраўнік рэспублікі пабываў як мінімум у пяці гаспадарках раёна. Вось мы бачым П. М. Машэрава разам з кіраўніцтвам раёна ў саўгасе “Ульскі”, на вуліцы ліпеньскі пагодлівы дзянёк, аб чым сведчаць налітыя каласы. На здымку з калгаса імя Урыцкага фонам з’яўляецца вясенняе поле, а дэлегацыя апранута ў плашчы і паліто. Пра асеннюю пару сведчаць здымкі з саўгаса “Сіроцінскі”. Апошнія здымкі, на якіх адлюстраваны канец жніва ў калгасах імя Леніна і імя Суворава, датуюцца вераснем 1980 года. А ў кастрычніку яго не стала.
Пётр Машэраў загінуў 4 кастрычніка 1980 года ў аўтамабільнай катастрофе. Гэта была трагедыя для ўсяго беларускага народа, які і сёння захоўвае аб ім светлую памяць.
Аліна ПЯТРОВА.
Фота Віктара ПАЛІСАДЗІНА
(з фотаархіва рэдакцыі).
Надрукавана ў №13 ад 13.02.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *