Сацыяльныя стандарты ў сферы ЖКГ абмеркаваны на пасяджэнні прэзідыума Шумілінскага райсавета

Главное Новости Президент

Сацыяльныя стандарты ў сферы ЖКГ

У сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі на сённяшні дзень устаноўлены нарматывы сацыяльных стандартаў па забеспячэнні насельніцтва сістэмай цэнтральнага водазабеспячэння, нарматыву ацяплення жылых памяшканняў, нарматыву тэмпературы і падачы гарачай вады, удзельнай вазе асветленых вуліц, удзельнай вазе вуліц з удасканаленым пакрыццём, наяўнасці грамадскіх туалетаў. Як выконваюцца сацыяльныя стандарты ў нашым раёне, з чым у нас усё ў парадку, а дзе варта ўдасканальваць работу, спрабавалі разабрацца і намеціць шляхі вырашэння праблем на пасяджэнні прэзідыума раённага Савета дэпутатаў, якое прайшло на мінулым тыдні пад кіраўніцтвам старшыні райсавета Мікалая Будневіча.

У цэлым, адзначыла ў сваім дакладзе намеснік начальніка аддзела архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Ірына Карпава, у раёне забяспечана выкананне сацыяльных стандартаў у сферы ЖКГ, аднак ёсць праблемныя пытанні, якія неабходна рэалізоўваць для паляпшэння жыццезабеспячэння жыхароў.

Водазабеспячэнне
Сацыяльны стандарт па забеспячэнні доступу да цэнтралізаванай сістэмы водазабеспячэння па раёне выконваецца. Па стану на 1 ліпеня па гарадскіх пасёлках гэты паказчык складае 91,7% (нарматыў – 85%), па аграгарадках – 90,6% (нарматыў не менш 50%). Забяспечанасць спажыўцоў вадой пітной якасці зараз складае 92,9% пры сярэднеабласным паказчыку 97,2%. Многае зроблена ў раёне па паляпшэнні якасці пітной вады. Так, за апошнія тры гады пабудаваны аб’екты водазабеспячэння са станцыямі абезжалезвання ў Кардоне, Мікалаеве, Дабеі, Язвіне, Амбросавічах, Крывым Сяле, Пабедзе, Сураўнях, Прыазернай. Сёлета прабураны дзве артэзіянскія свідравіны ў райцэнтры на тэрыторыі водазабору «Лескавічы», што дазволіла забяспечыць бесперабойнае водазабеспячэнне, выключыць выпадкі перападаў ціску ў сетках водаправода, а галоўнае – забяспечыць шумілінцаў якаснай пітной вадой.
На наступныя два гады запланавана будаўніцтва станцый у Мішкавічах, Мішневічах, Башнях і Добрыне. Тым не менш, асабліва вострым застаецца пытанне па якасці пітной вады ў г. п. Обаль.

Цяпло і гарачая вада ў кватэрах
Па нарматывах у нашых кватэрах тэмпература паветра павінна быць не менш 18 градусаў. Праводзімая планавая замена цепласетак, ізаляцыя трубаправодаў, прафілактычныя рамонты абсталявання кацельняў і цэнтральных цеплавых пунктаў, рамонты стыкаў сценавых панеляў і дахаў у жылым сектары дазваляюць выконваць гэты паказчык у раёне, зазначыла Ірына Карпава. У асноўным выконваецца і нарматыў падачы гарачай вады не менш 50 градусаў. Хаця маюць месца выпадкі неадпаведнасці тэмпературы сацыяльным стандартам, пра што сведчаць заяўкі на дыспетчарскую службу 115.

Вулічнае асвятленне
Сацыяльным стандартам вызначана ўдзельная вага асветленых вуліц не менш 85%. Зараз нарматыў выконваецца. Вулічнае асвятленне арганізавана ва ўсіх населеных пунктах раёна, тым не менш існуе праблема няспраўнасці і адсутнасці вулічнага асвятлення ў некаторых населеных пунктах. Па словах дакладчыка, адсутнічае алгарытм узаемадзеяння з Шумілінскім РЭС па арганізацыі прыёму заявак аб адсутнасці асвятлення альбо неабходнасці яго рэгуліроўкі.

Дарогі
Дзякуючы абласным «Дажынкам» у Шуміліне, у раёне сёлета былі праведзены вялікія аб’ёмы работ па бягучым і капітальным рамонце вулічна-дарожнай сеткі. Дзяржаўны сацыяльны стандарт па ўдзельнай вазе вуліц з удасканаленым пакрыццём складае 60%, у раёне ён выкананы.

Грамадскія лазні і туалеты
Да 2020 года сацыяльны стандарт прадугледжваў нарматыў па наяўнасці памывачных месцаў у грамадскіх лазнях для гарадскіх пасёлкаў – 3 месцы на 1 тысячу чалавек. У канцы мінулага года Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь №720 гэты нарматыў быў выключаны. Тым не менш, улады зацікаўлены, каб паслугамі лазні былі забяспечаны жыхары раёна, таму шукаюць розныя шляхі вырашэння пытання. Так, шумілінцам прапанавана лазня ў аграгарадку Светласельскі, зараз вырашаецца пытанне з арганізацыяй падвозу ў гэтую ж лазню абальчан.
Стандартам прадугледжана наяўнасць грамадскіх туалетаў у гарадскіх пасёлках не менш аднаго на 1 тысячу чалавек. У раёне гэты стандарт выконваецца за кошт наяўнасці туалетаў, размешчаных на прыдамавых тэрыторыях блакіраваных жылых дамоў. Таму разглядаецца пытанне набыцця ў наступным годзе не менш 4 біятуалетаў.
Па абмеркаваным пытанні выступілі кіраўнікі дарожнай, камунальнай, санітарнай службаў, начальнік дзяржаўтаінспекцыі.
* * *
На пасяджэнні прэзідыума было таксама разгледжана пытанне аб ходзе выканання пастановы прэзідыума раённага Савета дэпутатаў ад 2 кастрычніка 2017 г. №118 «Аб аптымізацыі расходаў ва ўстановах адукацыі раёна, развіцці пазабюджэтнай дзейнасці». З дакладам выступіла намеснік начальніка аддзела па адукацыі райвыканкама Іна Чарнічэнка. Па абодвух пытаннях прыняты пастановы.
Алена КАРПУШЭНКА.
Апублікавана ў №85 ад 02.11.2021 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *