Криминал. Происшествия

Актуалии Происшествия

Прагульшчык
Непрацуючы жыхар Шуміліна быў асуджаны за нявыплату грошай на ўтрыманне непаўналетніх дзяцей да аднаго года выпраўленчых работ з вылікам 10% заробку ў даход дзяржавы. Маючы нязнятую судзімасць, ён прагульваў рабочыя дні. За тры месяцы накапілася больш за дзесяць прагулаў… Супраць мужчыны ўзбуджана крымінальная справа.
Труп
У лясным масіве непадалёк ад вёскі Шыпуліна знойдзены шкілетаваны труп невядомага чалавека з рэшткамі адзення чорнага колеру. Мяркуюць, што гэта труп мужчыны. А дакладней пакажа генетычная экспертыза, якую робяць сталічныя спецыялісты.
Упаў, апрытомнеў…
У РАУС паведамілі, што ў прыёмны пакой райбальніцы брыгада хуткай дапамогі прывезла мужчыну з чэрапна-мазгавой траўмай. Пацярпелы жыве ў Шуміліне. Следства высветліла, што ў той дзень ён у стане моцнага алкагольнага ап’янення ішоў па вуліцы Ленінскай, страціў раўнавагу, упаў і ўдарыўся галавой аб бардзюрны камень. У выніку – закрытая чэрапна-мазгавая траўма. Мужчыну зроблена аперацыя, цяпер ягонаму жыццю нічога не пагражае. Калі, зразумела, не будзе больш напівацца да непрытомнасці.
Веласіпед
І зноў у зводцы РАУС значыцца крадзеж веласіпеда. Нягледзячы на перасцярогі і сумны вопыт іншых, веласіпеды па-ранейшаму пакідаюць у пад’ездах дамоў, ля магазінаў ці прадпрыемсваў. На гэты раз пацярпела жыхарка аграгарадка Светласельскі – яе веласіпед укралі з пад’езда шматпавярховага дома…
Аўтамабіль
У РАУС звярнуўся абальчанін, у якога ўгналі аўтамабіль. Неўзабаве міліцыянеры ўстанавілі, што на чужым аўтамабілі паехаў жыхар гэтага ж гарадскога пасёлка. Ён сеў за руль “Фольксвагена”, які стаяў ля мясцовага гандлёвага цэнтра, завёў аўто пры дапамозе ключоў, якія знаходзіліся ў замку запальвання і толькі яго і бачылі. Пакатаўся па вёсцы Гаравыя, а на вуліцы Цэнтральнай у Обалі з’ехаў у кювет, дзе і трапіў у рукі супрацоўнікаў міліцыі. Устаноўлена, што злодзей-вадзіцель знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення. Ён знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання РАУС.
Пажар
На мінулым тыдні работнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях выязджалі на пажар ў вёску Боськава. Гарэў дачны дом, гаспадыня якога жыве ў Віцебску. У доме знішчана маёмасць і дахавае перакрыццё. Прычыны пажару высвятляюцца.
П’яны за рулём
У мінулым годзе жыхар Шуміліна за тое, што сеў нецвярозым за руль аўтамабіля, атрымаў 1 мільён 225 тысяч рублёў штрафу. Але нядаўна зноў п’яны кіраваў уласным аўтамабілем “Мазда”. На гэты раз супраць мужчыны ўзбуджана крымінальная справа.
Абгон
На аўтадарозе Язвіна-Башні адбылося дарожна-транспартнае здарэнне. Вадзіцель малакавоза стаў абганяць УАЗ, што рухаўся ў спадарожным накірунку. У выніку машыны сутыкнуліся, УАЗ з’ехаў у кювет. Вадзіцель і два пасажыры атрымалі цялесныя пашкоджанні. Падрабязнасці аварыі высвятляюцца.
Па матэрыялах РАУС падрыхтавала Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №58 ад 02.08.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *