Как отпраздновали масленицу…

Новости Сельское хозяйство

У Мішкавічах
Жыхары вёскі Мішкавічы палічылі недапусцімым прапускаць святкаванне Масленіцы. І, нягледзячы на стыхію, скрозь снежныя сумёты, дабраліся да  загадчыцы клуба З. Касьянавай і “запатрабавалі” святочных гулянняў.  Ад імя жыхароў вёскі  станоўчымі эмоцыямі з рэдакцыяй падзялілася І.М. Паўлава. Расказала, як елі бліны, як біліся мяхамі, як удзельнічалі ў конкурсах.
Марына МАЛІНІНА.
У Ляжнях
У Ляжнёўскай дзіцячы сад-пачатковай школе шырока, весела, звонка адспявала, адгуляла народнае свята Масленіца.
Дзеці цэлы тыдзень рыхтаваліся да свята: развучвалі масленічныя песні, карагоды, гульні, удзельнічалі ў конкурсе малюнкаў “Шырокая Масленіца”, рыхтавалі святочныя плакаты, разам з дарослымі рабілі пудзіла Масленіцы.
Вясёлая музыка сабрала дзяцей, бацькоў, педагогаў на пляцоўцы перад школай. Дзеці спявалі песні, вадзілі карагоды, каталіся на санках, спаборнічалі ў спрытнасці і хуткасці, за што былі ўзнагароджаны масленічнымі блінамі.
Напэўна, самай важнай падзеяй свята было спальванне пудзіла. Праводзілі Зіму, спалілі ўсе непрыемнасці, крыўды і пакінулі месца Вясне, сімвалу ўсяго маладога  і лепшага.
Галоўным пачастункам на свяце былі бліны, якія з’яўляюцца сімвалам сонца і надыходзячай вясны.
Хочацца выказаць словы падзякі бацькам нашых выхаванцаў, якія напяклі многа бліноў. І якіх іх толькі не было на свяце – з маслам і цукрам, з бананамі, з тварагом і разынкамі, са згушчонкай, з варэннем…
На славу атрымалася Масленіца!
А. РАБЧАЕВА, выхавальніца дзіцячага сада.
У Дабеі
Нягледзячы на сюрпрызы надвор’я, 17 сакавіка ў вёсцы Дабея адбылося свята народнага календара «Масленічныя забавы».
Гэта мерапрыемства арганізавала і правяла загадчыца Дабейскага сельскага клуба Аксана Леановіч у рамках раённага агляду-конкурсу па зберажэнні і папулярызацыі народных святаў, абрадаў, традыцыйнай культуры “З глыбінь вякоў у будучыню нашу”. Удзельнікі аматарскіх аб’яднанняў Дабейскага сельскага клуба і бібліятэкі паказалі сапраўднае фальклорнае свята. Яркія і вясёлыя Блазны не давалі сумаваць прысутным: вадзілі карагоды, жартавалі. Гучала шмат народных песень, танцавальных мелодый. Каманды Зімы і Вясны спаборнічалі ў конкурсах і гульнях, прызы для іх былі прадстаўлены ААТ «Прыазёрны мір». Гаспадыня частавала блінамі самых актыўных удзельнікаў.
Скончылася свята па традыцыі – спальваннем пудзіла Масленіцы са словамі  «Гары, гары ясна, каб не згасла! Гары ярчэй, лета будзе жарчэй!».
У Амбросавічах
У той дзень Амбросавічы патаналі ў вялізных гурбах снегу. Ды ўсё роўна мясцовы Дом культуры ачысціў ад снегу пляцоўку і дарогу (пастараліся Віктар Мацюшкоў і Леанід Асіпкоў), а пасля ўвесь час гучала музыка, запрашаючы вяскоўцаў на свята.
Вядучыя Мікалай Ліскоў і Алена Пясецкая коратка сказалі пра нагоду, па якой сабраліся. Потым персанажы: Вясна (Раіса Маркіянава), Масленіца (Валянціна Кабылкіна) – павіншавалі вяскоўцаў са святам. Яго прадоўжылі конкурсы і гульні. Асабліва спадабалася адна гульня, калі даводзілася бегаць ад сумёту снегу да сумёту.
Карагод спявае народныя песні, спальваецца пудзіла зімы. Затым усе частуюцца гарачай гарбатай з блінамі і духмяным варэннем. І апошні акорд свята: падзяка за наладжанае свята дырэктару Амбросавіцкага СДК Алене Пясецкай і мастацкаму кіраўніку Мікалаю Ліскову, бібліятэкару Наталлі Хмяльніцкай.
С. КУЗЬМІНІЧ, а.-г. Амбросавічы.
Надрукавана ў №24 ад 26.03.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *