Председатель Шумилинского районного Совета депутатов И. Н. Новикова выступила с отчётом о работе за 2012 год на очередной сессии

Актуалии Президент

Дынаміка станоўчая, але напружанне не спадае
Старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава, якая выступіла на сесіі са справаздачным дакладам, засяродзіла ўвагу дэпутатаў на многіх ключавых пытаннях дзейнасці прэзідыума райсавета, сваёй работы з тым, каб расказаць пра тыя меры, якія былі прыняты для  дынамічнага росту эканомікі раёна, паляпшэнні дабрабыту людзей.  Трэба адразу сказаць, што на   2012 год былі закладзены напружаныя заданні, якія мелі на мэце палепшыць якасць жыцця чалавека. І  нягледзячы на напружанне, у раёне захавалася станоўчая дынаміка росту аб’ёмаў вытворчасці ў асноўных галінах эканомікі. З 17 паказчыкаў, устаноўленых рашэннем раённага Савета дэпутатаў, выкананы 11, ёсць істотныя зрухі па выкананні распараджэнняў старшыні Віцебскага аблвыканкама. Вынікі мінулага года не раз разглядаліся на розных узроўнях, вялася непрадузятая і дзелавая гаворка  з тым, каб  палепшыць сітуацыю. Аб’ектыўныя вывады, вынесеныя ўрокі з размовы прыносілі свой плён. Зараз галоўнае – не расслабляцца, трымаць на кантролі асноўныя параметры сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна.
Не менш напружаныя задачы стаяць у 2013 годзе. Па ацэнцы, за першы квартал чакаецца выкананне 2 з 5 паказчыкаў: інвестыцыі ў асноўны капітал і ўвод жылля. Аднак  асноўным галаўным болем застаецца рэнтабельнасць у  рабоце  галін эканомікі, не дамагліся  ў раёне вызначаных параметраў па росце заработнай платы (яна за студзень-сакавік складзе 3115 тысяч рублёў – 63% да прагнозных паказчыкаў).
У раёне створаны спрыяльны клімат для развіцця малога і сярэдняга бізнэсу. За мінулы год падатковыя плацяжы ад работы гэтага сектара эканомікі ў кансалідаваным бюджэце раёне займалі 54% ад агульнага аб’ёму паступленняў.  Аднак не можа задаволіць напаўненне бюджэту раёна ў цэлым (доля ўласных даходаў ніжэй за планавыя на 0,8%).
Кадры рашаюць усё. Гэты лозунг не новы, аднак праблем у кадравай палітыцы пазбегнуць не ўдалося. Асабліва напружана з кадравым патэнцыялам у АПК. Хранічна не хапае ветурачоў і заатэхнікаў, аграномаў і эканамістаў, кіраўнікоў і спецыялістаў сярэдняга звяна, у гаспадарках хранічны голад на кадры масавых прафесій. Нягледзячы на тое, што кожны год шмат нашых выпускнікоў школ  паступаюць у ВНУ, мала хто з іх выбірае сельгаспрофіль. Тут відавочныя недапрацоўкі ў прафарыентацыйнай рабоце з моладдзю. Аналіз жа паказаў: многія маладыя спецыялісты не задаволены зарплатай,  ім не па душы напружаны, амаль без выхадных,  характар работы ў гаспадарцы, вельмі сціплыя, калі не сказаць больш, умовы для адпачынку.
У вёсцы здаўна жылі падмогай  ад рэалізацыі лішкаў прадукцыі з асабістага падворка. Гэта  сапраўды добры прыварак да сямейнага бюджэту. І хаця колькасць кароў у прыватным сектары знізілася, усё ж  вясковец не пакінуты сам-насам з праблемамі. У 2012 годзе насельніцтву прададзена 975  парасят, 917 цялушак, нецелей, кароў, тым, хто здае лішкі прадукцыі, выдзяляецца сена, для апрацоўкі надзелаў выдзяляецца тэхніка. Зараз нельга паслабляць работу па кантрактацыі маладняку буйной рагатай жывёлы, трэба актывізаваць закуп малака і мяса, рабіць усё для пераводу ў севазварот гаспадарак сотак, дзе высявалася зерне, садзілася бульба на ўласныя патрэбы вяскоўцаў.
Спынілася ў дакладзе І. М. Новікава на пытаннях культуры, дэмаграфіі,  выканання сацыяльных праграм. Асаблівы клопат – лёс дзяцей,  якія выхоўваюцца ў нядобранадзейных сем’ях, дзе бацькі п’юць і вядуць разбэшчаны лад жыцця.  У сацыяльна небяспечным становішчы сёння жывуць 219 дзяцей са 131 сям’і. Турбуе  эфектыўнасць у рабоце з так званымі абавязанымі асобамі. Яны павінны кампенсаваць па закону выдаткі дзяржаве за ўтрыманне іхніх дзяцей, але за мінулы год  выдаткі пагашаліся ўсяго на 55%.
Многае  ў вырашэнні надзённых патрэб людзей залежыць ад пазіцыі дэпутата.  Асабістыя прыёмы старшыні абласнога Савета дэпутатаў А. Я. Ацясава,  “прамыя лініі”  кіраўнікоў раёна прыносяць відавочны плён, знімаюць   напружанне ў грамадстве. Не трэба скідваць з рахункаў ролю дэпутата раённага і сельскага ўзроўняў.  Вось прыклад: дэпутат В. С. Курчанава дамаглася, каб у аграгарадку Мішневічы ўстанавілі аўтобусны павільён.  Дапамагаюць ва ўзаемаадносінах улады і чалавека  правядзенне Дзён работы з насельніцтвам, Дні інфармавання, работа са старэйшынамі, з іншым вясковым актывам. Важная роля ў вырашэнні надзённых праблем адво-дзіцца дэпутату Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь.
Ірына Мікалаеўна  не прамінула сказаць таксама пра  комплекс мер па добраўпарадкаванні вёсак і мястэчкаў. З кожным годам у звычку людзей усё больш укараняецца патрэба мець прыстойны дворык, гожую і дагледжаную  сядзібу. Для заахвочвання праводзяцца агляды-конкурсы, лепшым уручаюцца граматы, прэміі. Гуртуюць вяскоўцаў, ствараюць жыццёвы камфорт святы вуліц, вёсак. Вёскі збаўляюцца пакрысе ад пахілых агароджаў, ад струхлелых і закінутых хат.
Праўда, нельга сказаць, што  ў рабоце былі зной-дзены такія формы работы, якія прынеслі  максімальна магчымыя вынікі. Праблем жыццё нараджае нямала. Дзе-нідзе ў кіраўнікоў не стае разумення  важнасці пастаўленых  задач, недзе  і сам чалавек  не збавіўся  ад такіх небяспечных “вірусаў”, як утрыманства, інертнасць, абыякавасць.
*      *      *
З дакладамі па курыруемых пытаннях выступілі на сесіі намеснікі старшыні райвыканкама А. П. Быкаў і В. В. Доктараў. Алег Пятровіч спыніўся  на рабоце УП ЖКГ, адзначыў, што  з 13 нарматываў сацыяльных стандартаў 11 забяспечваюць камунальнікі. Работы за 2012 год праведзена імі нямала: і па замене сетак, і па рамонце, і мадэрнізацыі  кацельняў, па набыцці тэхнікі. Куплены шчэпаздрабляльны комплекс коштам 1,793 мільярда рублёў, які дазваляе эканоміць прыродны газ,   а значыць, грашовыя сродкі прадпрыемства.
Нямала робіць для больш камфортнага жыцця нашых людзей філіял ДРБУ-204. Рамантуюцца пад’езды да вёсак, ставяцца аўтапавільёны, ладзяцца тратуары, робіцца шмат чаго іншага. У маі 2011 года рашэннем райвыканкама на баланс некалькіх арганізацый былі перададзены пад’езды да грамадзянскіх могілак (гэта 63,7 км).  Работа вядзецца, але яна патрабуе ўсё-такі пэўных фінансавых укладанняў.
Не можа, не мае права  адставаць  ад імклівага рытму жыцця спажывецкі рынак, нельга дапусціць пагаршэння ў аказанні людзям паслуг бытавога характару. В. В. Доктараў адзначыў тэндэнцыі па паляпшэнні якасці гандлёвага абслугоўвання (і не толькі сіламі райспажыўтаварыства),  па  магчымасці мець магазіны ў рэжыме крокавай даступнасці. Тым не менш праблем хапае. Райспажыўтаварыства   губляе свае нішы на спажывецкім рынку раёна, зараз  яго доля ў структуры рознічнага тавараабароту складае ўсяго 43%.  Распраўляе плечы прыватны гандаль.
Па аказанні бытавых паслуг. Удзельная вага КУП БАН   у аб’ёме бытавых паслуг юрыдычных асоб складае 36,6%. Крайне мала, хаця кіраўніцтва камбіната прадпрымае многае, каб палепшыць сітуацыю. Адкрываюцца новыя рабочыя месцы, пашыраецца пералік паслуг па рамонце жылля, па вырабу жалезабетонных пліт для агароджаў, у 2012 го-дзе камбінат прыступіў да  перааснашчэння швейнай вытворчасці. Між тым,  у вёсках дзе-нідзе комплексныя прыёмныя пункты працуюць напаўсілы, а то і наогул зачыняюцца. Гэта непарадак, такога дапускаць нельга.
*      *      *
Спрэчкі па дакладах. Выступіла старшыня Дабейскага сельсавета І. І. Шалахава.  Ірына Іванаўна  спынілася на  тых напрамках у рабоце, дзе дамагліся поспехаў, выказала занепакоенасць тым, што ў аграгарадку Амбросавічы  зачынена аддзяленне Беларусбанка і людзям даводзіцца ехаць у Шуміліна, каб зняць грошы з пластыкавых картачак.
Дырэктар цэнтра банкаўскіх паслуг № 225 філіяла № 200 ААБ Беларусбанк А. В. Паўлючэнка  сцвярджае, што аддзяленне стратнае, яно не акупляе выдаткі. Тым не менш старшыня абласнога Савета дэпутатаў А. Я. Ацясаў, які прымаў удзел у рабоце сесіі і выступіў з прамовай,  перакананы: вяскоўцы не павінны цярпець ад такой нязручнасці. Якая цана ўсёй агітацыі заставацца ў вёсцы, пераходзіць на разлікі банкаўскай карткай, калі  не працуе на месцы, у аграгарадку, банкамат?..
Дырэктар КУП БАН  В. П. Бабічаў  расказаў пра поспехі калектыву,  пра тыя зрухі, якія не могуць не радаваць. Напрыклад, вытворчасць жалезабетонных пліт дазволіла на 97 мільёнаў рублёў зменшыць дэбіторскую запазычанасць, упершыню за апошнія гады разлічыўся камбінат з УП ЖКГ за спажытыя  ваду і цяпло. Праўда, застаецца нізкай зарплата (хаця яна і ўзрасла на 180%). Дырэктар  паабяцаў у бліжэйшы час паправіць сітуацыю з работай КПП у Мішневічах і Кардоне, наладзіць больш эфектыўную работу ў іншых КПП.
Старшыня Светласельскага сельсавета В. В. Шчарбакоў  у выступленні выказаў крытыку ў адрас знешняга выгляду будынкаў магазінаў у Лескавічах, у Башнях, сказаў, што напярэдадні вясенняга сезона няма ў продажы сельгасінвентару, гумавых ботаў, фуфаек.  Гаворачы пра знос закінутых дамоў, Віктар Вікенцьевіч прапанаваў  адкрыць раённы банк даных па продажы занядбаных ці безгаспадарчых вясковых сядзіб. Гэта важна для таго, каб  гараджане маглі мець пад рукой варыянты для пакупкі жылля сабе пад дачы.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №24 ад 26.03.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *