Общество, алкоголь, насилие – где выход из замкнутого круга?

Общество

“Дом без насілля!”
Дамашняе насілле – гэта сістэма паводзін, мэтай якіх дасягаецца ўлада аднаго чалавека ў сямейных ці блізкіх адносінах. Дамашняе насілле праяўляецца ў розных формах. Гэта можа быць фізічнае, эканамічнае, сексуальнае або псіхалагічнае насілле.  Таму ў мэтах прыцягнення ўвагі грамадскасці да праблем бытавога насілля з 15 па 30 красавіка праводзіцца рэспубліканская прафілактычная акцыя “Дом без насілля!”
Адной з прычын бытавога насілля з’яўляецца п’янства. Вось і сёлета ў нашым раёне была ўзбуджана адна крымінальная справа супраць чалавека, які пагражаў забойствам сваёй жонцы.
Дамашнія сваркі ў любы момант могуць перарасці ў сапраўдную трагедыю. Вельмі часта пацярпелымі становяцца састарэлыя, жанчыны і дзеці. Аднак не заўсёды людзі лічаць сваім абавязкам паведаміць пра дамашнія дэбошы ў міліцыю.
Нагадваем, што за кансультацыяй па пытаннях дамашняга насілля жыхары раёна могуць звярнуцца ў РАУС па тэл. 102, 4-10-06.
В. ВОРАНАЎ, в. а. начальніка аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС.
Сталі піць удвая больш
Сям’я – адна з найвялікшых каштоўнасцяў, створаных чалавецтвам за ўсю гісторыю яго існавання. У яе пазітыўным развіцці, захаванні і ўмацаванні зацікаўлена грамадства і дзяржава. У моцнай надзейнай сям’і мае патрэбу кожны чалавек незалежна ад узросту. Сям’я – своеасаблівае люстэрка грамадства. Усё, што адбываецца ў грамадстве, адлюстроўваецца ў сям’і, у яе псіхалагічным і маральным клімаце, бытавых умовах, эканамічным стане.
Крымінальныя дзеянні, якія здзяйсняюцца ў ходзе сварак паміж членамі сям’і, часам па сваёй жорсткасці і цяжкасці наступстваў шматразова перасягаюць спланаваныя і падрыхтаваныя злачынствы. Большасць такіх дзеянняў адбываецца ў стане алкагольнага ап’янення.  Па даных статыстыкі, у Беларусі ў сярэднім за год здзяйсняецца каля 3 тысяч самазабойстваў, 60% якіх – у нецвярозым стане. Змрочная статыстыка, але беларусы сталі піць удвая больш, чым у савецкія часы, сцвярджаюць нарколагі. Па даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта, сукупны ўзровень продажу алкаголю ў Беларусі з 1970 па 2011 год вырас амаль удвая, з 6,4 літра спірту ў год на душу насельніцтва да 12,3 літра ў 2011 годзе.
“У жыхароў Беларусі неабходна фарміраваць нецярпімыя адносіны да п’янства і алкагалізму, каб знізіць узровень алкагалізацыі насельніцтва,” – такую думку выказаў загадчык сектара наркалогіі рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра псіхічнага здароўя кандыдат медыцынскіх навук Уладзімір Максімчук, адзначаючы негатыўную тэндэнцыю росту ўзроўню алкагалізацыі насельніцтва краіны.
В. БУРЭНЬ, галоўны ўрач РЦГЭ.
Надрукавана ў №32 ад 23.04.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *