Спрашивали-отвечаем. Молодой специалист и контракт

Вопрос-Ответ Закон

Малады спецыяліст і кантракт
“Працую па размеркаванні пасля заканчэння вышэйшай навучальнай установы. Наймальнік адмаўляе мне ў скасаванні кантракта ў сувязі з парушэннем ім заканадаўства аб працы. Ці законна гэта?”                    Сяргей М.
Пытанне каменціруе Галіна ГАЛАЙ, начальнік аддзела па нагляду і кантролю за выкананнем заканадаўства аб працы Віцебскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента дзяржінспекцыі працы:
– Не законна. Згодна з п. 33 Палажэння аб размеркаванні тэрміновы працоўны дагавор (кантракт) з маладым спецыялістам можна скасаваць датэрмінова ў выпадку парушэння наймальнікам заканадаўства аб працы, калектыўнага дагавора (арт. 41 ПК РБ) да заканчэння ўказанага ў пасведчанні аб накіраванні на работу тэрміну абавязковай работы.
Невыкананне наймальнікам абавязкаў па арганізацыі працы работніка можа выяўляцца, у прыватнасці, у незабеспячэнні здаровых і бяспечных умоў працы, нявыплаце ці несвоечасовай выплаце заработнай платы, непрадастаўленні гарантый і кампенсацый у сувязі са шкоднымі і небяспечнымі ўмовамі працы.
У выпадку, калі работнік патрабуе датэрміновага скасавання кантракта ў сувязі з невыкананнем ці неналежным выкананнем умоў кантракта па віне наймальніка, павінен быць устаноўлены факт такога парушэння спецыяльна ўпаўнаважаным дзяржаўным органам нагляду і кантролю за выкананнем заканадаўства аб працы, прафсаюзамі і (ці) судом. Гэта азначае, што, нягледзячы на ўсю перакананасць довадаў, прыводзімых у заяве, наймальнік мае права не задаволіць патрабаванне маладога спецыяліста аб тэрміновым скасаванні працоўнага дагавора па ўказанай падставе, калі канкрэтнае парушэнне не знайшло адлюстраванне ў адпаведных дакументах указаных вышэй органаў: прадпісаннях, пратаколах, судовых пастановах.
Да прыняцця рашэння наймальнікам аб скасаванні кантракта па арт. 41 ПК РБ работнік не мае права спыніць работу, паколькі можа быць звольнены па іншых падставах, напрыклад, па п. 5 арт. 42 ПК РБ за прагул без уважлівай прычыны.
У выпадку датэрміновага скасавання кантракта з-за невыканання ці неналежнага выканання яго ўмоў па віне наймальніка ўстаноўлена мінімальная кампенсацыя ў памеры трох сярэднямесячных зарплат.
Падрыхтавала Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №37 ад 16.05.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *