К профессиональному празднику. Педагог и спортсмен Алексей Паршиков

Общество Спорт, туризм

Дапамагае дзецям палюбіць спорт
З гэтага навучальнага года трэнерам па валейболе ў Шумілінскай ДзЮСШ працуе Аляксей Паршыкаў. У Аляксея Аляксеевіча за плячыма багаты трэнерскі вопыт – 15 год ён адпрацаваў у Віцебскай ДзЮСШ. А пачынаў трэнерскі шлях у Шуміліне.
“Пасля заканчэння Віцебскага педінстытута мяне размеркавалі ў нашу ДзЮСШ, – расказвае Аляксей. – Два гады працаваў з юнымі валейбалісткамі, прывёў іх да  перамогі ў чэмпіянаце вобласці”. Менавіта з той каманды Вольга Далжанкова і Таццяна Лазоўская, якія і сёння годна гуляюць у валейбольнай зборнай раёна.
Праца ў Віцебску сфар-міравала Паршыкава як прафесійнага трэнера. Спакойны, удумлівы, ураўнаважаны, патрабавальны, Аляксей увесь час у пошуку новых схем, новых падыходаў. “Заўсёды стараюся, каб трэніроўкі былі цікавымі, каб кожная хвіліна на пляцоўцы станавілася новым адкрыццём для спартсменаў, – дзеліцца трэнер. – Трэніроўка – час пошукаў і эксперыментаў, а на спаборніцтвах трэба даваць вынік”.
Упэўнены Аляксей, што абавязак трэнера – дапамагчы юным дзецям палюбіць спорт. У гэтым плане ў яго ёсць яскравы прыклад. “Мне пашчасціла, што маім трэнерам быў А. Я. Завадскі, – адзначае Аляксей. – Дзякуючы Анатолю Яўгенавічу палюбіў валейбол і захварэў ім на ўсё жыццё. Прафесійным іграком не стаў – росту не хапіла. Вось і стаў трэнерам, хай мае выхаванцы дасягаюць спартыўных вяршынь, пра якія марыў я”.
За час работы ў Віцебску А. Паршыкаў выхаваў нямала годных валейбалістак, якія выступаюць за мацнейшыя беларускія клубы. Аляксей трэніраваў лідара нацыянальнай зборнай Беларусі па валейболе Аксану Аксёнаву, якая гуляла за зборную свету ў матчы супраць расіянак, Аксану Барбачэнка, якая ў складзе маладзёжнай зборнай Беларусі заваявала шостае месца на чэмпіянаце Еўропы, Яўгенію Карпінскую – іграка маладзёжнай зборнай.
Гэты год для трэнера Паршыкава вельмі ўдалы: шумілінскія валейбалісты ў двух узростах сталі чэмпіёнамі вобласці, на базе шумілінскай каманды была сфарміравана зборная вобласці, якая выйграла і чэмпіянат Беларусі. “Зразумела, што вялікая заслуга ў гэтых перамогах А. Я. Завадскага, які падрыхтаваў такія моцныя каманды, — адзначае Аляксей Паршыкаў. – Я ж з імі няпоўны год займаўся”. Канечне, пра такое чэмпіёнскае вяртанне дадому, у родную ДзЮСШ, трэнер нават і марыць не мог. Перамога цяпер – справа гонару.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *