Люди и судьбы. 60 лет вместе живут Анна и Владимир Жуковы

Людзі і лёсы

Такое доўгае, такое рознае жыццё
Жыць доўга – гэта    знаць, шмат ведаць, многае ўмець; жыць доўга – гэта бачыць шчасце дзяцей і ўнукаў, бавіцца з праўнукамі; жыць доўга – гэта разумець і цаніць кожнае імгненне,  усведамляць каштоўнасць жыцця ў самых простых, натуральных яго праявах.
Бог не кожнаму адмярае столькі, колькі выпала Ганне Рыгораўне і Уладзіміру Фёдаравічу Жукавым. Толькі разам, адной сям’ёй, яны жывуць ужо 60 год. А Уладзіміра Фёдаравіча наогул можна павіншаваць з 90-гадовым юбілеем. Гадоў на шэсць адстае жонка. Значыць, яны заслужылі такую доўгую дарогу; значыць, іх зямны шлях бласлаўлёны нябёсамі; значыць, тут, на зямлі, карысныя іх вопыт, іх мудрасць.
Гэты домік ля чыгуначнага вакзала ведаюць усе, напэўна ж, і вы не раз праходзілі міма і лавілі сябе на думцы:  “Як жа тут можна жыць пад гэты несупынны грукат паяздоў, што не сціхае ні днём, ні ўначы?” А яны вось жывуць  амаль усё жыццё. А грукат не палохае, ён прывычны: абодва ж працавалі на чыгунцы. Успамінаюць, што як толькі ажаніліся, дык наогул  нейкі час жылі ў пакойчыку на другім паверсе чыгуначнага вакзала, дзе ні вады, ні ацяплення. Канешне, у свой час спадзяваліся на добраўпарадкаваную кватэру: як ні як, а Уладзімір Фёдаравіч амаль 40 год адпрацаваў на чыгунцы. Але знайшліся, так мовіць, больш спрытныя і перабеглі дарогу, а Жукавы так і засталіся ў сваёй невялікай, без зручнасцяў, кватэрцы. Тут выгадавалі дваіх дзяцей, тут разам састарэлі, тут цяпер чакаюць у госці ўнукаў і праўнукаў.
У іх надзвычай добрая сям’я, узаемаадносіны ў якой можна без сумнення ставіць у прыклад іншым. Ганна Рыгораўна кажа, што выхоўвала дачку Людмілу і сына Мікалая ў строгасці, сачыла за тым, з кім сябруюць, чым займаюцца. За Людмілу мы не скажам, яна з сям’ёй жыве аж у Разані, а вось Мікалая Жукава, былога начальніка райаддзела па надзвычайных сітуацыях, у Шуміліне ведаюць, як чалавека адказнага за свае ўчынкі, добрасумленнага, надзвычай працалюбівага. І бацькі ахвотна з гэтым згаджаюцца. Іх бязмежную бацькоўскую любоў выдае той факт, што, якую б ні вялі размову, яны абавязкова ўспомняць і пра дзяцей, абавязкова пахваляць, парадуюцца, што яны выраслі менавіта такімі. Ганна Рыгораўна прызнаецца, што ўсе клопаты па гаспадарцы даўно ўзялі на сябе нявестка з унучкамі, а Уладзімір Фёдаравіч, здаецца, нават крыху крыўдуе на тое, што сын пакрысе пасунуў яго і ў нарыхтоўцы дроў, і ў вядзенні агарода, маўляў, зусім без працы  складана. Унучкі – медыцынскія работнікі – наведваюць штодня, тэлефануюць, сочаць за іх здароўем.
У іх на дваіх столькі ўспамінаў, што ніякага газетнага артыкула не хопіць, каб апісаць усё.  Шмат гатовы гаварыць пра Шуміліна, яшчэ даваеннае, Уладзімір Фёдаравіч расказаў, напрыклад, такую гісторыю. Якраз насупраць іхняга дома стаяла гасцініца (гэты будынак ёсць і зараз). А ў Шуміліне быў свой адмысловы таксіст, які сустракаў на калёсах людзей з поезда і прапаноўваў падвезці да бліжэйшай гасцініцы. Зрабіўшы круг па мястэчку, ён прывозіў сваіх пасажыраў акурат на ганак гэтай самай гасцініцы. Патрабаваў за паслугу не менш як пяць рублёў (грошы па тых часах сур’ёзныя). Няцяжка ўявіць, якое расчараванне чакала гасцей горада, калі, прачнуўшыся раніцай, яны разумелі, што да гасцініцы ад чыгункі можна было лёгка дайсці пешшу, не патраціўшы і пяць хвілін, а тут – пяць рублёў. І такіх гісторый у арсенале ветэрана багата. У мужчыны ўсё ў парадку з пачуццём гумару, таму гутарка з ім  атрымліваецца каларытнай і цікавай.
Былі ў жыцці Жукавых і вайна, і пасляваенны голад, і  шмат іншых цяжкасцяў, але ўсё перажыта, усё  набыло статус успамінаў.  Жыццё такое доўгае, такое рознае, гэта толькі для вечнасці – імгненне, а для асобна ўзятага чалавечага лёсу – цэлы Сусвет.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №39 ад 21.05.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *