Дорога жизни Нины Соковой

Актуалии Людзі і лёсы

Па дарозе свайго жыцця
Што чалавек, то лёс. У аднаго дарога жыцця – лёгкая, роўная, бы аўтамагістраль. Па ёй камфортна імчаць, пра ўсе перашкоды і нязручнасці загадзя папярэджваюць дарожныя знакі. У іншага гэта дарога – звілістая, непрадказальная, з мноствам паваротаў і выбоін. Вось і нядаўна давялося пазнаёміцца з жанчынай, біяграфію якой не ўмесціць ніякі газетны артыкул. Жанчынай глыбока інтэлігентнай, адукаванай, надзвычай цікаўнай і жыццярадаснай.
У свае 85 год Ніна Васільеўна Сокава мае востры светлы розум, добрае пачуццё гумару, выдатную памяць. Не можа не здзіўляць, як яна лёгка апелюе прозвішчамі, назвамі вуліц і фасонамі сукенак, якія насілі дзясяткі гадоў таму. Доўгае жыццё – гэта цэлы свет, гэта пераплеценыя з тваёй біяграфіі многіх людзей, цікавых, у нечым адметных, пра якіх памятаеш. Доўгае жыццё – гэта вопыт, жаданне радавацца кожнаму дню, розным дробязям. Гэта уменне цаніць сваю сям’ю, берагчы памяць пра блізкіх, пра людзей, з якімі сутыкнуў лёс.
А памяць – вось яна. У пажаўцелых фотаздымках на сцяне, у сучасных каляровых фота ў альбоме. Наогул, у Ніны Васільеўны асаблівыя, надзвычай трапяткія адносіны да фотаздымкаў. У гэтым чытаюцца любоў да блізкіх, гонар за іх, сум ад таго, што іх няма побач.
А вось унучка да юбілею бабулі стварыла цэлы каляндар з сямейнымі фота, а там, на сцяне, вісіць партрэт любімага мужа – Мікалая Ціханавіча. Ужо 45 год, як мужа не стала, але жанчына і сёння з асаблівай пяшчотай расказвае пра свайго спадарожніка. Адзінага на ўсё жыццё.
Ніна Васільеўна нястомна, з вялікім імпэтам можа расказваць пра трох сваіх дзяцей, пра іх дасягненні, пра ўнукаў, якіх у яе пяцёра, і пра адзіную пакуль праўнучку. Віцебск, Санкт-Пецярбург, ЗША – у розных месцах прызямляюцца і абжываюцца яе блізкія, але ніколі не забываюцца на сваю матулю і бабулю, прыязджаюць у госці, разам спраўляюць святы.
Так склалася, што, накіроўваючыся следам за бацькам-юрыстам, сям’я Ніны Васільеўны аб’ехала ледзь не ўвесь Савецкі Саюз. Нарадзілася яна ў вёсцы Куркова Уладзімірскай вобласці (у сям’і было пяцёра дзяцей), а сустрэліся мы з жанчынай ужо ў нашай Мікіцісе, дзе яна жыве з 1979 года.
Вестка пра пачатак Вялікай Айчыннай вайны заспела яе сям’ю ў горадзе Пышчуг. Ніна Васільеўна добра памятае, што гэту навіну прынесла ў сям’ю менавіта яна. Усе сабраліся за святочным сталом адзначаць наваселле і ніяк не маглі паверыць у гэту страшную вестку. А што такое вайна, яна ўжо добра ведала: прыйшлося ж перажыць Фінскую. Дзень Перамогі сустрэлі ўжо ў Беларусі, у Баранавічах.
А з будучым мужам жанчына пазнаёмілася ў горадзе Мір. Яна яшчэ школьніцай была, а ён яе запрыкмеціў. “Я ж такая баявая, смелая была. Я і пела, і танцавала, і кавалераў у мяне шмат было”, – з радасцю ўспамінае юнацтва Ніна Васільеўна. Жыццё з мужам пражылі ў каханні і ўзаемапавазе. Абодва настаўнікі. Мікалай Ціханавіч на працягу 20-ці год займаў пасаду дырэктара ў розных школах. Пяць год адпрацавала дырэктарам у Мазурынскай школе Ніна Васільеўна. “Наша школа была першая сярод васьмігодак. Яна ўся патанала ў кветках. Зараз у Мікіціхінскай школе і 100 вучняў не назбіраецца, а тады ў Мазурынскую 170-180 вучняў хадзілі”, – успамінае тыя гады Н. В. Сокава.
Сёння Ніна Васільеўна шмат чытае, актыўна цікавіцца жыццём, піша вершы і ўзносіць малітвы да Бога пра шчасце і дабрабыт сваіх блізкіх. Жадаем ёй здароўя і мы.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў № 71 ад 11.09.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *