Педагог-воспитатель Шумилинского яслей-сада №1 Елена Красовская не останавливается в творческом росте

Людзі і лёсы Образование

“А вы заўтра прыйдзеце да нас?
“Добрай раніцы, Танечка! Прывітанне, Ванечка!” – кожны дзень сустракае  сваіх дзетак (а іх у групе не менш 20 чалавек)  Алена Мікалаеўна Красоўская, выхавальніца шумілінскага ясляў-сада № 1.
Трэба мець вялікую смеласць, каб узяць на сябе  такую адказнасць – выхоўваць чужых дзяцей. Такую нялёгкую сцяжыну абрала  Алена Мікалаеўна, якая дзяўчынай прыехала ў  1978 годзе працаваць на Шуміліншчыну пасля заканчэння  Полацкага педагагічнага вучылішча. За плячыма былі тады толькі тэарэтычныя веды з канспектаў,  лекцый,  было  жаданне працаваць, а самае галоўнае – была любоў да дзяцей. Вось з такім скарбам і пераступіла парог  свайго першага працоўнага месца юная выхавальніца… На першых парах было ўсё:  памылкі і слёзы, радасць і падзякі бацькоў.  Добра, што побач былі вопытныя настаўнікі, якія ў патрэбную хвіліну маглі не толькі ўказаць на недахопы, але і падтрымаць, і пахваліць за добрую працу.
Засталася на Шуміліншчыне, тут пайшла замуж, нарадзіла сына  і дачку. 36 год адпрацавала ў сваёй прафесіі, не здрадзіла ёй.
“Некаторыя лічаць, што быць выхавацелем лёгка, бо што даць дзецям на пачатковым этапе жыцця, ведаюць усе, – кажа метадыст дзіцячага сада № 1 Л. Ф. Завадская. – На самой справе патрабуецца глыбокае веданне педагогікі. Ад прафесійнага майстэрства, эрудыцыі, культуры, любові да дзяцей залежыць вынік работы.  Мы, калегі, адзначаем, што ў  Алены Мікалаеўны гэтага не займаць і лічым яе лепшым выхавацелем у нашым садку”.
Для педагога спыніцца ў сваім творчым росце, прафесійным удасканаленні – значыць, адстаць ад часу.  Але  Алена Мікалаеўна не баіцца інавацый і актыўна выкарыстоўвае сучасныя педагагічныя методыкі.  Яна лічыць, што матэрыял, які даецца дзецям, павінен выклікаць здзіўленне, толькі тады ў іх з’явіцца інтарэс да ведаў. Дзень за днём у  гульні, на занятках яна  вучыць іх лічыць, чытаць, пісаць,  аналізаваць, наладжваць ўзаеміны.  Да кожнага  падбірае ключык, дапамагае раскрыць талент, таму і цягнуцца яны да яе, дзеляцца сваімі сакрэтамі. Нездарма кажуць, дзіця не падманеш, не падкупіш, яно востра адчувае шчырыя адносіны да сябе.
Не займаць Алене Мікалаеўне і артыстызму. Кім яна толькі не бывае на дзіцячых ранішніках: і добрай Снягуркай, і вясёлай  Бабай-Ягой, і хітрай Лісой. Наогул, яна, як цяпер любяць казаць, крэатыўны педагог-выхавацель.
За сваю шматгадовую працу Алена Мікалаеўна Красоўская неаднойчы ўзнагароджвалася граматамі абласнога ўпраўлення і раённага аддзела адукацыі, двойчы станавілася лепшым выхавацелем Шумілінскага раёна. У 2012 годзе стала пераможцам у конкурсе выхавацель-майстар. Вось  і сёлета  ў Дзень настаўніка за шматгадовую, добрасумленную працу яна была ўзнагароджана Ганаровай граматай райвыканкама.
Маючы такі багаты вопыт работы за плячыма, яна заўсёды  дапамагае  маладым спецыялістам.  А ў гэтым годзе  ёй прапанавалі весці гурток ў раённым цэнтры дзяцей і моладзі, рыхтаваць дзяцей да школы.
Палічыць цяжка, колькі дзетак прайшло праз яе рукі, колькі зрабіла выпускаў, колькі добрых слоў чула ад удзячных бацькоў.   Нават калі стомленая  прыходзіць дадому, дзіцячыя галасы зноў клічуць яе: “А вы заўтра прыйдзеце да нас?”.
Наталля МАГІЛЕЎСКАЯ.
Надрукавана ў №84 ад 31.10.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *