Школы и детские сады Шумилинского района сдали экзамен на готовность к 1 сентября

Актуалии Образование

Жнівеньскія  экзамены для  школ  і  садоў
Нагадваем, што з 10 па 14 жніўня ў раёне праходзіла праверка гатоўнасці ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года. Камісія, якую ўзначальваў намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў, за тыдзень пабывала ў кожнай школе і дзіцячым садку. У папярэднім нумары мы расказалі аб тым, як падрыхтаваліся да новага навучальнага года школы і сады Шуміліна. Сёння мы працягнем агляд далей.

Шумілінская раённая гімназія
Раённая гімназія з кожным годам умацоўвае свае пазіцыі. У мінулым засталіся няўпэўненасць, недакамплектаванасць класаў. Гімназісты паказваюць трывалыя веды.
Дырэктар гімназіі Л. У. Маладзечкіна паведаміла, што сёлета, як і ў папярэдні год, 93% выпускнікоў паступілі ў ВНУ. Гэта галоўны аргумент, які пераконвае выбіраць гімназію, і сёння тут ужо конкурс. Раённая ўстанова павінна трымаць высокую марку і па падрыхтоўцы да новага навучальнага года. І калектыў стараецца. Нягледзячы на тое, што тут дзве змены працаваў аздараўленчы лагер, раённая камісія ўбачыла адрамантаваныя класы, чыстыя спальныя пакоі, дагледжаную тэрыторыю з мноствам прыгожых кветнікаў, падрыхтаваную спартыўную базу, багацейшы ўраджай памідораў і перцаў. Каля спальнага корпуса з’явілася металічная агароджа коштам больш за 40 мільёнаў – грошы выдзеліў бюджэт. Умеюць у гімназіі і самі зарабляць грошы, за іх купілі два воданагравальнікі, кухонны посуд, спартыўны інвентар, іншыя неабходныя рэчы. Камісія выказала задавальненне падрыхтоўкай гімназіі да навучальнага года.

Обаль: сярэдняя школа і дзіцячы сад
Обальская сярэдняя школа не спыняецца здзіўляць сваімі творчымі праектамі, аптымізмам і лёгкасцю ў вырашэнні складаных матэрыяльных праблем, уменнем зарабляць грошы, дызайнерскімі рашэннямі ў афармленні памяшканняў і тэрыторыі. За мінулы навучальны год школа змагла зарабіць 82 мільёны рублёў, таму, як зазначыла дырэктар школы І. А. Чарнічэнка, тут не было пытання, за што рабіць рамонт. А акрамя рамонту яшчэ купілі швейную машынку, млын, спартыўны інвентар. Не пабаяліся працаваць з другаснай занятасцю, распрацавалі ўласны праект па азеляненні, купілі расліны, рэалізацыю праекта будуць працягваць у наступным годзе. Камісія ўбачыла ідэальны парадак у школьных кабінетах і на прышкольнай тэрыторыі, пахваліла за захоўванне і памнажэнне традыцый. Старшыня камісіі А. М. Зайцаў пакінуў першы запіс-пажаданне ў кнізе водгукаў адкрытага прафцэнтра.
Наведванне Обальскага дзіцячага сада ў нядаўнім мінулым пакідала сумныя адценні, чаго не скажаш зараз. Тут трывала пасяліўся аптымізм, жыццё пачало выходзіць з-пад уплыву шэрых колераў. Аптымізм зыходзіць найперш ад загадчыцы навучальнай установы Н. М. Спірыдзенкі, перад яе напорыстасцю не могуць устаяць кіраўнікі мясцовых прадпрыемстваў, якія ў сілу сваіх магчымасцей дапамагаюць дзіцячаму саду. Шмат робіць і сам калектыў, камісія ацаніла рамонт музычнай залы, выдатны метадычны кабінет, прыгожы вялікі кветнік перад будынкам, арыгінальныя рашэнні афармлення сцен і шмат іншага. Дзякуючы бюджэту, удалося рашыць пытанне з заменай акон у групах, засталося толькі разабраць паўразбураную прыбудову. А зусім нядаўна Обальскі дзіцячы сад быў самым праблемным у раёне, зазначыў А. М. Зайцаў.

Мікіціха: сярэдняя школа і дзіцячы сад
Высокую ступень падрыхтоўкі па ўсіх накірунках нязменна паказваюць навучальныя ўстановы Мікіціхі. І сярэдняя школа, і дзіцячы сад хоць сёння гатовы прыняць самую высокую камісію. Трэба адзначыць, што ў школе ўмеюць эканоміць паліўна-энэргетычныя рэсурсы, берагчы зробленае. Дзякуючы такому падыходу, у многіх класах не было патрэбы пераклейваць шпалеры, фарбаваць сталы. Дырэктар СШ В. М. Асташонак разам са сваім калектывам усе пытанні вырашае ў комплексе.  Яна далажыла і пра тое, наколькі падрыхтаваныя да навучальнага года вучні з мнагадзетных і праблемных сямей. Дарэчы, 1 верасня школа чакае 112 вучняў, такая ж перспектыва праглядваецца і на бліжэйшыя тры гады.
Мікіціхінскі дзіцячы сад сёння можна назваць, бадай, самым прывабным у раёне. Яму пашанцавала ў свой час на добры рамонт, на сучасную мэблю. А калектыў на чале з Ж. І. Васільчанка беражэ гэта і дадае новыя штрыхі. Актыўна дапамагаюць бацькі, сёлета, напрыклад, купілі бойлер за паўтара мільёна.

Мішневічы: сярэдняя школа і дзіцячы сад
Узорнай падрыхтоўкай да новага навучальнага года вызначаюцца і навучальныя ўстановы аграгарадка Мішневічы. У школе ўсюды парадак, прасторныя фае на першым і другім паверхах, на вокнах прыгожыя фіранкі – пашылі школьнікі па праграме другаснай занятасці. Папрыгажэла адноўленая светлымі фарбамі спартыўная зала, на сценах школы з’явіліся новыя стэнды. Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама В. В. Мянькова адзначыла, што па падрыхтоўцы да новага навучальнага года школа заслугоўвае самай высокай ацэнкі з плюсам. Хаця тое, што ў першы клас Мішневіцкай СШ прыдзе ўсяго тры дзіцяці, у пяты і дзясяты – па пяць вучняў, выклікае сум. Ды і агульная колькасць школь-нікаў дасягне толькі 78 – гэта з суравенскім папаўненнем.
Істотнага папаўнення школе чакаць не прыходзіцца. У прыгожым Мішневіцкім дзетсадзе на два паверхі крыху больш за дзесяць выхаванцаў. Тут створаны ўсе неабходныя ўмовы, вельмі прыгожая тэрыторыя, на якой кожны год з’яўляюцца новыя малыя архітэктурныя формы. Сёлета, напрыклад, тут пасяліўся Дзед Мазай з зайцамі, з’явіўся бярозавы масток. Як і ў школе, тут нарасцілі багата гародніны, адна цыбуля чаго вартая! Тым не менш у бліжэйшай перспектыве верагодней за ўсё давядзецца аб’яднаць школу і сад.

Башні: сярэдняя школа і дзіцячы сад
Прафесійнае дызайнерскае рашэнне па афармленні школьнай тэрыторыі, прадуманы падбор раслін, мноства хвойнікаў, закончанасць і парадак ва ўсім. Усё гэта на фоне школьнага будынка з галерэяй дазваляе называць Башнёўскую школу адной з самых прыгожых. Тут ёсць гаспадар, пахваліла В. В. Мянькова дырэктара школы В. П. Зянькова, і калектыў падабраўся адпаведны. Праўда, не задалося тут са спартыўнай базай. Не можа школа пахваліцца ні добрым стадыёнам, ні светлай спартыўнай залай.
Тэрыторыю Башнёўскага дзіцячага сада камісія адназначна назвала ўзорнай. Як маленькаму калектыву ўдалося ў спякотнае лета вырасціць такія сакавітыя кветкі, можна толькі здзіўляцца. У дадатак тут з’явіліся казачныя архітэктурныя формы. Першы год у якасці загадчыцы працуе тут і стварае Юлія Маісеенка, але па ўсім відаць нацэлена яна на сур’ёзную работу.

Слабадская дзіцячы сад-сярэдняя школа
У Слабадзе мала дзяцей, таму школу аб’ядналі з дзіцячым садам, кіруе гэтым комплексам А. М. Пузікава. Школа тут проста цудоўная, раённая газета шмат ухвальных слоў пісала пра гэта. Дададзім толькі, што гэта адна з нямногіх устаноў, дзе нават санітарная служба і энергетыкі не змаглі знайсці ніякіх хібаў, хіба што па будынку дзіцячага сада знайшлося некалькі. 1 верасня за парты ў Слабадской СШ сядуць 72 вучні, у распараджэнні 17 дзетак двухпавярховы дзіцячы сад. Слабада – адзін з самых прыгожых населеных пунктаў на Шуміліншчыне, толькі буслы сюды прылятаюць рэдка. А да каго ляцець, моладзь не хоча тут віць гнёзды.

Амбросавіцкая дзіцячы сад–сярэдняя школа
У Амбросавічах школа і дзіцячы сад аб’яднаны ў адзін комплекс. 1 верасня школа, разлічаная на 200 дзяцей, чакае 51 вучня. Нягуста і ў дзіцячым садзе – 10 выхаванцаў. Дырэктар адукацыйнага комплексу І. А. Матэленак паказала школу і дзетсад, расказала пра праблемы, галоўная з якіх – працякаючы дах. Але на думку А. А. Гаўрылава, начальніка групы цэнтралізаванага гаспадарчага абслугоўвання аддзела адукацыі, дах не патрабуе капітальнага рамонту, магчыма, спатрэбіцца толькі замяніць чыгунныя варонкі.

Кардонская сярэдняя школа
Утульнасцю і парадкам сустрэла Кардонская школа. Калектыў падтрымлівае прыгажосць і ўтульнасць, створаныя пры будаўніцтве аграгарадка, дадае новыя акцэнты. Дагледжана вялікая тэрыторыя, стадыён, агарод, адным словам, пастараліся. Школа пакуль што захоўвае статус сярэдняй, з 1 верасня тут будуць займацца 72 вучні. А дзіцячага садка ў аграгарадку Кардон ужо няма.

Навікоўская базавая школа
Адзіным сацыяльна значным цэнтрам у Навіках засталася школа, тут ужо няма ні ФАПа, ні магазіна. Школьная тэрыторыя ў пяць гектараў магла б падысці для санаторыя, адно, возера тут не хапае. А пакуль што на гэтай вялізнай тэрыторыі гаспадарыць маленькі працавіты калектыў на чале з дырэктарам А. П. Далімаевым. Ля дырэктарскага штурвала Алег Пятровіч каля трыццаці год, за яго плячыма шмат дасягненняў – вучэбных, спартыўных, гаспадарчых. Ён шмат атрымаў выдатных адзнак, цэлую сценку аднаго са школьных будынкаў упрыгожваюць граматы і дыпломы. Яшчэ адну выдатную адзнаку паставіла яму на мінулым тыдні раённая камісія па праверцы гатоўнасці ўстаноў адукацыі. Як заўсёды, тут узорна-паказальны ўчастак. Ці клімат тут другі, ці хутчэй за ўсё рукі, тут вырашчаны цудоўны ўраджай морквы, бульбы, а капуста буяе – як вокам акінуць. У школе аформлена традыцыйная выстава гародніны. Адным словам, малайцы, пахваліў навікоўцаў А. М. Зайцаў.

Мішкавіцкая дзіцячы сад-базавая школа
Тэрыторыю Мішкавіцкай школы з мінулага года ўпрыгожваюць рознакаляровыя дзіцячыя арэлі, пясочніцы, горкі. Усё гэта пераехала ў школу разам з дзіцячым садам. Месца ў школе хапае ўсім, а ўсіх (вучняў і дашкольнікаў) не набіраецца і паўсотні. Калектыў зрабіў касметычны рамонт у класных пакоях, пафарбаваў спартыўны дзіцячы гарадок, пастараўся, каб дзецям было ўтульна і камфортна.

Язвінская дзіцячы сад-базавая школа
Язвінскі навучальны комплекс размешчаны ў двух будынках. Сюды не дайшоў аграгарадок і гэта вельмі бачна на знешнім выглядзе будынкаў, іх інтэр’еры і аснашчэнні. Вядома, гэта ніяк не залежала ад калектыву школы. А вось тое, што ад іх залежала і што яны зрабілі па-сапраўднаму ўзорным, – гэта тэрыторыя, якую ўпрыгожваюць багатыя хвойнікі. Гэта, а таксама добры агарод  адзначыла камісія. Разам з тым камісія выказала незадавальненне тэрыторыяй дзіцячага сада і дала тыдзень на выпраўленне сітуацыі.

Пачатковыя школы-сады
У раёне чатыры такія ўстановы – Льнозаводская, Добрынская, Сіроцінская і з гэтага года – Лаўжанская. Ва ўсіх чатырох комплексах колькасць пачаткоўцаў і дзетсадаўцаў не дасягае дваццаці чалавек. Але нягледзячы на свой невысокі статус, яны заслугоўваюць нашай ўвагі і добрых слоў.
Асаблівы рэспект заслугоўваюць Льнозаводская і Добрынская школы – кіраўнікі В. І. Попелава і Н. Г. Бегунова. У вёсцы Прыазёрнай і ў Добрыне гэта не толькі адукацыйныя, але і культурныя цэнтры, сюды вяскоўцы прыходзяць адпачыць, палюбавацца кветнікамі, дагледжанасцю і парадкам. Калектывы гэтых школ нястомныя працаўнікі, бо каб ззяў парадкам і будынак, і вялікая тэрыторыя, і сад, і агарод, трэба працаваць не пакладаючы рук. Што і адзначыла камісія.
Разам з тым камісія не ўбачыла жадання жыць і ствараць у Сіроцінскай школе. Не, вядома, калектыў таксама займаўся касметычным рамонтам, але тэрыторыя не радуе кветкамі, участак засох і як адзначыла В. В. Мянькова засмучае нежывы выгляд установы. І гэта трэба ў корані мяняць. Дзяцей у школе і дзіцячым садку павінна сустракаць радасць і аптымізм.
Лаўжанская школа пакуль яшчэ прызвычайваецца да свайго новага статусу. Гэта няпроста. Дырэктару ўстановы Ю. М. Мясаедаву разам з калектывам давялося цэлае лета займацца рэканструкцыяй старога будынка дзетсада, мяняць падлогу, узводзіць падсобнае памяшканне, размяшчаць класы. Зрабілі многа, гэта адзначыла і камісія.

Дзіцячыя сады
У Крывым Сяле, Ляжнях, Мікалаеве і Дабеі засталіся толькі дзіцячыя сады. Перад пачаткам навучальнага года раённая камісія па праверцы гатоўнасці ўстаноў адукацыі ў поўным складзе наведала і іх. Як і ў іншых школах і садах, кожны член камісіі працаваў па сваім накірунку, выявілі ўсе плюсы, знайшлі і мінусы.
Камісія выказала вялікую падзяку калектывам Крывасельскага і Ляжнёўскага дзіцячых садоў – кіраўнікі І. В. Пруднікава і А. І. Рабчаева. Ім у спадчыну засталіся вялікія тэрыторыі былых школ, і гэтыя тэрыторыі дагледжаны, абкошаны, упрыгожаны кветкамі. Больш сціпла ў гэтым плане выглядае Дабея. Падчас работы камісіі на вуліцы было за трыццаць, галоўны санітарны ўрач раёна С. А. Конышаў у сувязі з гэтым асаблівую ўвагу звяртаў на работу халадзільнага абсталявання (тэмпература ў многіх установах не адпавядала норме), а таксама на стварэнне неабходных умоў работы на харчаблоках: наяўнасць выцяжкі, гарачай вады. А да гэтых даброт не ўсе яшчэ дараслі.

Раённы сацыяльна-педагагічны цэнтр
Раённая камісія наведала і раённы сацыяльна-педагагічны цэнтр у Обалі ці, як нам прывычней, прытулак. Кіраўнік установы С. В. Бельчыкава расказала, што прытулак разлічаны на 14 дзяцей, на момант наведвання камісіі там было 19. Усе ўмовы для знаходжання дзяцей, іх вучобы і адпачынку створаны. Адзіны недахоп, падкрэсліў старшыня камісіі намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў, што ў прытулку шмат дзяцей. Дзеці павінны расці ў сем’ях, перакананы Анатоль Мікалаевіч, якія б умовы мы ні стваралі ў прытулку, а дома дзецям лепш за ўсё. І тут ёсць над чым працаваць усім нам.

14 жніўня  раённая камісія па праверцы гатоўнасці ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года завяршыла сваю работу. Пашпарты гатоўнасці падпісаны па ўсіх установах (некаторым, праўда, быў дадзены тыднёвы тэрмін на выпраўленне недахопаў). У цэлым жа была адзначана добрая падрыхтоўка, жнівеньскія экзамены навучальныя ўстановы здалі добра. Бацькі і грамадскасць могуць быць упэўнены, што 1 верасня і ў школах, і ў дзіцячых садах нашым дзецям будуць рады.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў № 64 ад 18.08.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *