Как справляются дорожники и коммунальники с расчисткой дорог и улиц от снега

Актуалии Общество

Паспяваюць  расчышчаць толькі да абеду
У гэтым годзе снег выпаў не знянацку і не раптоўна – парадаваў нас сваёй белізной толькі ў снежні. Нібы даваў час для падрыхтоўкі камунальна-дарожным службам раёна. А ці паспелі яны як след падрыхтавацца?
Гутарым з майстрам падраздзялення “Шумілінскае” УП ЖКГ В. А. Кузняцовай. “Выязджаем расчышчаць дарогі а чацвёртай гадзіне раніцы, – расказала Вікторыя Аляксандраўна. – Працуюць тры МТЗ і адзін МАЗ. Пакуль тэхнікі хапае. Неўзабаве на дапамогу выедзе і ЗІЛ з лапатай (ён зараз на рамонце). Падрыхтаваліся і да галалёду: у запасе ёсць 240 тон пясчана-солевай сумесі. Яе раскідваюць па дарогах райцэнтра на МАЗе. Па нашых падліках, у галалёд па дарогах райцэнтра будзем рассыпаць за суткі больш за дзесяць тон сумесі”.
Працуе на расчыстцы ад снегу і брыгада камунгасу. З рыдлёўкамі ў руках ачышчаюць работнікі ад снегу тратуары, цэнтральную плошчу, дарожкі ў гарадскім парку. Але расчышчана далёка не ўсё. На раніцу 7 снежня патаналі ў снезе тратуары на вуліцах Луначарскага і Маладзёжнай. «Не паспяваем расчышчаць,  – апраўдваліся жанчыны камунгасу, што працавалі з рыдлёўкамі па вуліцы Луначарскага. – У нашай брыгадзе восем чалавек. А вуліц многа – і Валадарскага, і Сіпко, і Ленінская. Тут вузкія тратуары – трактары не праходзяць, паспяваем расчышчаць толькі да абеду». А як людзям ісці на работу, а дзецям – у школу?
Клопат работнікаў ДРБУ-204 – пад’езды да вёсак. На прадпрыемстве ёсць адказны дзяжурны, які сочыць за станам дарог і снегавым покрывам. Пры экстрэмальных сітуацыях падымае  па трывозе інжынерную службу і майстроў: калі вялікія снегапады ці, напрыклад, галаледзіца, то дарожнікі выязджаюць  працаваць і ў дзве гадзіны ночы. Бывала, работу арганізоўвалі ў дзве змены. “На дарогах раёна працуюць чатыры раскідвальнікі пяску, столькі ж аўтагрэйдэраў, шэсць трактароў з лапатамі і МАЗ, – кажа галоўны інжынер ДРБУ-204 Сяргей Мікалаевіч Ярмошанка. – Акрамя пад’ездаў да вёсак, расчышчаем і транзітныя дарогі, напрыклад, праз Дабею і Амбросавічы. Адзін трактар паспявае расчысціць каля васьмідзесяці кіламетраў дарогі за дзень. У прынцыпе, праблем па расчыстцы дарог яшчэ не было. Праўда, няма вялікага запасу паліва – працуем практычна ”з колаў”. Але ж такая сітуацыя сёння склалася па ўсёй вобласці”.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №98 ад 11.12.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *