Про большое зло и лишние хлопоты

Общество

Пра вялікае зло і лішнія клопаты
Мы вельмі кансерватыўныя. Часта – не ў самым высакародным сэнсе гэтага слова. Сказана нам было (ну, да прыкладу), што малако – надзвычай карыснае. Так з гэтым і жывём. Прымусіла мужа з дзіцём выпіць на ноч па шклянцы – сядзіш задаволеная: паставіла плюсік у сваю жончына-мамчыну залікоўку. Засумнявацца ў безумоўнай карыснасці гэтага напітку (смачнага, асабліва калі прыкусваць батонам з варэннем) для кожнага без выключэння – не, прабачце, але гэта дужа небяспечна. Сядзі тады, як дурніца, прыдумвай іншыя спосабы прадэманстраваць сваю бязмежную клапатлівасць (усё ж дзеля іх, самой жа нічога і не трэба).
Але ж я, вядома, не пра малако зусім, хаця і пра яго таксама. Возьмем камп’ютары. Гэта такое абсалютнае ўсяленскае зло без права на амністыю. Пры тым, прабачце, што гэты жалезны сябар ёсць сёння ў кожнай хаце, а у некаторых – і не адзін.
– Не, вы не думайце, мы толькі для сябе купілі, дзяцей амаль не падпускаем, мы ж ведаем – гэта зло.
І нічога карыснага ў ім няма, не можа быць, як і ў многіх іншых дасягненнях тэхнічнага прагрэсу. Так і выходзіць, што ўсё добрае на гэтым свеце скончылася вынаходніцтвам кола. Усё астатняе ж накіравана супраць прыроды.
Ці яшчэ, з ужо класічнага:
– Кнігу нішто не заменіць, мы супраць электронных яе варыянтаў. Гэта зло. Мы вось выраслі на папяровых кнігах, без інтэрнэту, з фільмамі строга па выхадных пасля праграмы “ВРЕМЯ”, і якімі ж добрымі людзьмі выраслі. Не, у вас, моладзь, няма шансаў стаць такімі як мы. Ну, не можа, не можа інтэрнэт навучыць нечаму добраму.
А мульцікі?
– Якія ж раней былі мульцікі.
– А якія?
– М-м-м… “Ну, пачакай!”… Не ўспомню больш, але ведаю дакладна –выдатныя.
– А сучасныя мульцікі бачылі?
– А што мне іх глядзець, і так зразумела – гэта зло. Добраму яны навучыць не могуць. У прынцыпе. І кропка.
І яшчэ (аказваецца, гэта зусім жах) сучасныя дзеці абсалютна не арыентуюцца ў казках: блытаюць герояў, пераплятаюць сюжэты. Не будзеш слухацца – або козлікам станеш, або ў печку трапіш. Ну, не прыдумала яшчэ чалавецтва лепшага спосабу маніпуляцыі дзіцём. Няхай лепш баіцца, а там разбярэмся. І хто сказаў, што сённяшнія дзеці іншыя, што яны нечым адрозніваюцца ад бабулі, дзяцінства якой прыйшлося на сярэдзіну мінулага стагоддзя? Глупства. Нас лупцавалі і ў кут адпраўлялі – і мы будзем. А калі па-іншаму, то гэта страшна, гэта не ведаем як. Тады прыйдзецца самому нешта рашаць, у нечым разбірацца – пазбаўце нас гэтага клопату.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №5 ад 21.01.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *