В Шумилино прошёл подворный обход

Актуалии Президент

Май. “За лініяй” жыццё ажыло
Падворныя абходы ў нашым раёне сталі ўжо традыцыйнымі, бо праводзяцца літаральна кожны месяц. Але калі раней групы райвыканкама сустракаліся з жыхарамі сельскіх населеных пунктаў, то ў маі наведалі больш за дваццаць вуліц і завулкаў за чыгуначным пераездам.
16 мая група № 2, у склад якой ўваходзіў і карэспандэнт раённай газеты, абышла кожны падворак вуліц Мічурына, Савецкай, Калгаснай і завулка Калгасны.  Кожны жыхар меў магчымасць пагаварыць з прадстаўнікамі раённай улады, задаць пытанне, расказаць пра набалелае. З другога боку, і  работнікі райвыканкама, кіраўнікі раённых службаў бачылі на свае вочы сітуацыю на месцы, мелі магчымасць адразу даць адказ ці зрабіць заўвагу, напрыклад, за тое,  што  ля дома не было абкошана.
«Зараз вясна, «за лініяй» жыццё ажывілася, прыбіраем, будуем парнікі. На нашай вуліцы многа дач-нікаў, – расказаў адзін з пенсіянераў вуліцы Мічурына. – Але не можам не выказаць прэтэнзіі да камунгасу: ля дома № 3 цячэ калонка і ўвогуле трэба праверыць якасць вады, бо ад яе “вёдры белыя”;  непадалёк ад дома № 13  трэба замяніць трубапераезд, бо вада размывае дарогу, утварыліся нават яміны».
На завулку і вуліцы Калгаснай людзі скардзіліся на дарогу з выбоінамі, дзе ў даждлівае надвор’е ні праехаць, ні прайсці. Жыхары вуліцы Савецкай таксама скардзіліся на камунгас: чаму пасля рамонту водаправода так і не  зараўнялі дарогу, чаму не абсталявана пляцоўка для збору смецця?
Прыемна ўразілі на вуліцах Мічурына, Савецкай і Калгаснай прыгожыя дамы, удвая прыемней, што тут жывуць маладыя гаспадары.  Сустрэлі нас некалькі гаспадынь з маленькімі дзецьмі. Многія жыхары былі заняты агародамі, некаторыя –  будаўніцтвам веранды, лазні, драўніка. Іншыя ставілі і фарбавалі  агароджу. Адчувалася імкненне людзей жыць прыгожа, наводзіць парадак. Але не ва ўсіх. Як кантраст гэтаму, побач былі пахіленыя непафарбаваныя домікі з неабкошанай крапівой і пахілай агароджай. Па падворку адразу бачна было, дзе жыве сапраўдны гаспадар.  На “абыякавых”  работнікі райвыканкама і РЦГЭ склалі ў гэты дзень  адміністрацыйныя пратаколы. А работнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях склалі адміністрацыйны пратакол на жыхара вуліцы Мічурына, які парушыў пажарную бяспеку: замест пробкі ў электралічыльніку паставіў …  адвёртку. Мужчыну пагражае штраф да 500 тысяч рублёў.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №39 ад 21.05.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *