Выбираем для отдыха агроусадьбы в Шумилинском районе

Актуалии Край шумілінскі Общество

У чаканні гасцей
На мінулым тыдні камісія на чале з намеснікамі старшыні райвыканкама А. М. Зайцавым і В. В. Доктаравым наведалі ўсе аб’екты аграэкатурызму нашага раёна. Асноўная мэта – праверка гатоўнасці аграэкасядзіб да новага сезона. Падчас наведвання  цікавіліся ў гаспадароў планамі і праблемамі, з якімі яны сутыкаюцца.
“Ведрусы”, в. Заобаль
“Ведрусы” – новая кропка на турыстычнай карце Шуміліншчыны. Гаспадар  Алег Крыштан толькі ў канцы мінулага года зарэгістраваў сваю аграэкасядзібу. Тым не менш ён упэўнены, што з 1 чэрвеня зможа прыняць першых турыстаў. А пакуль ён працуе над тым, каб стварыць годныя ўмовы для адпачынку дарослых і дзяцей, вялікіх кампаній і сямейных пар. “Прапануем  актыўны і пасіўны адпачынак. Ну, і зразумела, вясковы каларыт”– дзеліцца Алег. – У бліжэйшых планах  – развядзенне коней.
“Обальская флатылія”, в. Заобаль
Гаспадар “Обальскай флатыліі” Анатоль Бычкоў – адзін з першапачаткоўцаў аграэкатурызму на Шуміліншчыне. Яго флатылія прымае турыстаў з 2007 года. І яе можна назваць адной з самых адметных не толькі ў раёне, а і ў вобласці. Адпачываючым прапануецца актыўны адпачынак: падарожжа па рацэ Абалянка на катамаранах. Анатоль Бычкоў распрацаваў тры маршруты (адна-, двух- і трохдзённыя), падчас якіх турысты атрымліваюць не толькі багата ўражанняў ад мясцовых краявідаў, але і краязнаўчую, гістарычную інфармацыю. За год “Обальскую флатылію” наведвае звыш сотні турыстаў з Беларусі і Расіі, многія сталі пастаяннымі наведвальнікамі.
“Дзвінскі рай”, в. Чэрчыцы
Пераважная большасць госцей “Дзвінскага раю” –  з Полацка і Мінска, тут гараджане імкнуцца адпачыць ад гарадской мітусяніны і пабыць сам на сам з прыродай. Апошнім часам сюды сталі часта прыязджаць святкаваць дзень нараджэння ці вяселле. Гаспадыня аграэкасядзібы Лідзія Пацябенька пастаянна радуе наведвальнікаў самымі нечаканымі новаўвядзеннямі. Напрыклад, мясцовым сёрфінгам. Сёлета ў “Дзвінскім раю” адчыніць дзверы  новы гасцявы домік. Зразумела, гэта павялічыць колькасць адпачываючых. Экалагічна чыстыя прадукты харчавання, лазні (руская, “па-чорнаму”), прагулкі на лодках па Заходняй Дзвіне, паходы па грыбы-ягады і, адно з самых галоўных, ветлівасць і гасціннасць гаспадыні сталі візітоўкай “Дзвінскага раю”.
Аграэкасядзіба ў Ерашове
Удалае спалучэнне сучаснага камфорту і вясковага каларыту. Асаблівы шарм  надае месцазнаходжанне аграэкасядзібы – на высокім маляўнічым беразе Заходняй Дзвіны. Аграэкасядзіба цудоўна падыходзіць для  сямейнага ці невялікага карпаратыўнага адпачынку. За год у Ерашове адпачываюць каля дваццаці чалавек. Гаспадыня Антаніна Шэдзько адзначае, што попыт на адпачынак ёсць. Праўда, часта прыходзіцца адмаўляць.– “Вялікія кампаніі мы прыняць не можам, – дзеліцца гаспадыня. Проста не хапае месца”. Цяпер сям’я Шэдзько пачала будаўніцтва новага, больш вялікага гасцявога доміка…
“Бацькоўскі кут”, в. Язвіна
Безумоўна, галоўны плюс аграэкасядзібы ў тым, што яна месціцца на аўтатрасе Віцебск-Полацк. Гаспадыня Надзея Ісаковіч прапаноўвае ўтульныя пакоі, якія па-сямейнаму аформлены. Добрая кухня, більярд, актыўны адпачынак прыйшліся даспадобы многім гасцям. Што тычыцца планаў на бліжэйшы час, то яны найперш звязаны з добраўпарадкаваннем прылягаючай тэрыторыі, уладкаваннем гульнявых пляцовак, будаўніцтвам штучнага вадаёма і малых архітэктурных формаў.
Домік паляўнічага, в. Роўнае
Гаспадар Доміка паляўнічага – “Шумілінскі лясгас”. Як сведчыць назва, асноўныя госці тут паляўнічыя. Падчас дазволу на паляванне месцаў тут не бывае, паляўнічыя запісваюцца за месяц, а то і раней. Дырэктар лясгаса І. Я. Папок адзначае, што працэнтаў восемдзесят наведвальнікаў – гэта госці з Расіі і краін Балтыі, хаця ў мінулым годзе былі паляўнічыя з Італіі і Францыі. Ігар Яўгенавіч зазначае, што летам аб’ект карыстаецца папулярнасцю і ў звычайных турыстаў. У планах лясгаса – будаўніцтва ў раёне яшчэ аднаго такога Доміка.
Пасля наведвання аграэкасядзіб члены камісіі адзначылі, што ўсе яны гатовы да новага сезона.  А. М. Зайцаў і В. В. Доктараў зазначылі, што аграэкатурызм у раёне развіваецца, але ўсё-такі не так хутка і якасна як хацелася. І работы ў гэтым кірунку яшчэ многа.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №41 ад 28.05.2013 г.



1 комментарий по теме “Выбираем для отдыха агроусадьбы в Шумилинском районе

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *