Прошло первое заседание совета общественного пункта охраны правопорядка.

Актуалии Закон Общество

Кожны сам можа і павінен  распараджацца сваім лёсам
Хлопцы зайшлі ў кафэ. Выпілі з якойсьці нагоды. Неўзабаве да іх падышоў знаёмы, што нядаўна прыехаў з расійскіх заробкаў. Той усім сваім выглядам сцвярджаў, што ён гаспадар жыцця, трымаючы рукі ў кішэнях, якія, відаць, “абцяжарвалі” грошы, паглядаў на ўсіх з пагардай. Павіталіся, але размовы не атрымалася, колкасці хутка перараслі ў непрыязь, якую адурманены хмелем мозг загадваў выліць на прышэльца. Іскра ўспыхнула хутка. Фінал прадвызначыць нескладана: бойка — цяжкае цялеснае пашкоджанне, грабеж — судзімасць.
Малады чалавек заехаў да дзядзькі. Той з сябрам выпіваў “з гора” (жонка трапіла ў бальніцу). Адной бутэлькай яны “гора” не залілі, папрасілі з’ездзіць за дабаўкай. Прывёз. Запрасілі выпіць разам, не мог адмовіць. Сеў п’яны за руль, газануў, не справіўся на павароце — аварыя — траўмы — судзімасць.
Дзяўчына даўно марыла пра гэтую абнову. Але дзе ўзяць грошы? І вось яны нібы самі зваліліся: ляжыць дарагая скураная сумачка на падаконніку. І нікога побач. Рука неяк сама пацягнулася… Крадзеж — сорам — судзімасць.
Сітуацыі банальныя, знаёмыя кожнаму з нас. Але мы не бяромся судзіць гэтых людзей, гэта справа суда і ўласнага сумлення. Жыццё неадназначнае, чалавек — істота складаная. Можа памыліцца, можа аступіцца, можа пад уплывам аднаго нейкага імгнення нарабіць бяды. Але кожны павінен мець шанс на раскаянне і дараванне, на падтрымку і разуменне. І тут асаблівая роля не толькі родных людзей, але і адпаведных органаў — міліцыі, уладных структур, грамадскіх арганізацый.
Менавіта з прадстаўнікоў такіх структур і створаны ў раёне грамадскі пункт аховы правапарадку. На мінулым тыдні адбылося першае пасяджэнне савета гэтага грамадскага аб’яднання, якое правёў намеснік старшыні райвыканкама Анатоль Мікалаевіч Зайцаў.
Савет меў на мэце пагаварыць з людзьмі, якія за розныя супрацьпраўныя дзеянні былі асуджаны, адбылі пакаранне, але яшчэ маюць непагашаную судзімасць і таму знаходзяцца пад наглядам праваахоўных органаў.
24 чалавекі. Пераважная большасць — моладзь. У кожнага свой лёс, свае мары. І тут вельмі важна, каб гэтыя мары не былі перакрэслены тым неабдуманым крокам, які прывёў да су-дзімасці. Прычынай жа, коранем зла амаль ва ўсіх выпадках было спіртное, дакладней, неразумнае яго ўжыванне. Таму на гэтую акалічнасць савет звяртаў асаблівую ўвагу.
“Пакаяўся яшчэ ў турме, жыву з богам, не п’ю, не куру ўжо 11 год, як вызваліўся”, — паведаміў мужчына, які першым зайшоў у кабінет. Супрацоўнікі міліцыі пацвердзілі, што сапраўды мужчына вядзе сябе прыстойна, сумленна працуе, што заслугоўвае ўхвальных слоў.
Варта сказаць, што большасць тых, з кім давялося ў гэты дзень гутарыць, таксама раскаяліся ў тым ганебным учынку, які некалі ўчынілі. Сёння яны ў большасці сваёй працуюць, стараюцца жыць годна. Але не ўсе. Жыць нармальна некаторым перашкаджае п’янства, яно вінаватае, што развальваюцца сем’і, не плацяцца аліменты, зноў узнікаюць п’яныя бойкі, а значыць, у перспектыве “маячыць” новая судзімасць. Трэба выходзіць з гэтага ганебнага круга.  У гэтым можа дапамагчы і савет грамадскага пункта аховы правапарадку. Як? Напрыклад, пасадзейнічаць у працаўладкаванні, у набыцці прафесіі, калі ёсць жаданне вучыцца, і нават падкажа, у якую секцыю пайсці пасля работы. Галоўнае, дапамагчы чалавеку зразумець, што кожны сам можа і павінен распараджацца сваім лёсам.
Аўтар Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №77 ад 5.10.2010.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *