Про успехи и проблемы детского дома семейного типа

Актуалии Образование Общество

Бруд лье той, хто не зазнаў, пачым фунт ліха
Гэтыя разважанні пісаць цяжка. Проста гнятліва ад думкі, што чалавечая кплівасць або злараднасць дакранулася, вобразна кажучы,  бруднымі рукамі да такой святой рэчы, як дзіцячы дом сямейнага тыпу. Можна было б Церахавым – бацькам-выхавацелям –  і не  звяртаць увагі на  шпількі, якія трапілася пачытаць у інтэрнэце, жыць сабе, выхоўваць дзяцей, цешыцца тым, што ім весела і шчасліва. Аднак сям’я (яна жыве ў раёне СШ № 2) бярэ да сэрца. Бо да справы, за якую ўзяліся, яны прыйшлі свядома і абдумана.
Правільна кажуць: на чужы раток не павесіш замок.   Таму важна  Руслану і Наталлі пазбягаць такіх кантактаў у  інтэрнэце, а калі дзяліцца думкамі, дык з людзьмі разумнымі і памяркоўнымі. Дарэчы, яны так і зрабілі: з тым, хто напрасіўся да іх у “Вконтакте” ў сябры, яны  рассталіся без шкадавання.
Гэты “кантакт”   у бацькоў-выхавацеляў, між тым, пакінуў змрочны асадак. У размове са мной Церахавы не знаходзілі слоў для абурэння, усё даводзілі: ну, як гэта можна было папракнуць іх у тым, нібыта прыйшлі яны на гатовае. Маўляў, і катэдж шаноўны ў іх, як у паноў, і на дзяцей грашышчы атрымліваюць. Ну, чаму ж, маўляў, не жыць?!.
Спачатку трэба разабрацца, што яны за паны – Церахавы, ці “грашышчы” яны атрымліваюць на рукі.  Пра тое, што асабняк пасадзілі ў “брыкецкае балота”, газета пісала, паўтарацца не будзем. Калі б узводзіў “пан” за свае грошы, ён сто разоў падумаў бы, ці садзіць дом у багну. Скажам адно:   і па сённяшні дзень сям’і  баліць  за падвал, у якім стаіць вада. І ад ліўняў, і без іх. Стаіць з самае здачы дома. Прыязджаюць спецыялісты, пацмокаюць, паціснуць плячыма і – па тым.
– Дзеці любяць агуркі са слоікаў, – прызналася Наталля Церахава. – У падвал жа без гумавых ботаў не зайсці, а  дзе ж тады трымаць закруткі?.. А прыйдзе час назапашваць на зіму бульбу… Нам трэба яе  тры тоны. Не  цыркацца ж па мяшэчку, як  было гэта мінулай зімой…
Па ўсім відаць, тут патрэбны дрэнаж, які адводзіў бы ваду  з падвала. Гэтага не было зроблена тады, калі дом узводзіўся. Зараз праблему рашыць цяжка. А – трэба, інакш як жыць тут  сям’і з 12 чалавек? На каго разлічваць? З падвалам   разабрацца  самому гаспадару не пад сілу. І яшчэ – пра гарод, які збіраліся зрабіць для сям’і, забуціўшы балота і навазіўшы  для градак добрай зямлі. Забуцілі на  трохі, а для градак зямлі не завезлі. Праўда, па гароду Руслан пытанне рубам не ставіць – можна і пачакаць, тым больш, што ёсць  соткі, якія  засталіся ад бацькі, іх адвялі пад бульбу, ля  ўласнага дома  пасеялі гарод-ніну. Найбольш Церахавым баліць за падвал.
А сам асабняк не ўласнасць Церахавых, ён дзяржаўны. Як і тэлевізар, і халадзільнікі, і ложкі – усё. Яны, нанятыя на “казённую” службу, атрымліваюць зарплату (крыху пазней скажам, якую), і статус жылля – дзіцячы дом сямейнага тыпу.
Пра даходы Церахавых. Казначэем у сям’і Наталля,  і яна падлічыла: на дзяцей  з нядаўняга часу сям’я атрымлівае 10,2 мільёна (нагадаю – у іх 10 дзяцей), Руслан працуе на поўную стаўку – у яго 2 мільёны, Наталля ў водпуску па доглядзе за малым дзіцём, яна палову стаўкі – дадай яшчэ 1,2 мільёна. Набягае няхай 14-15 мільёнаў. Хіба пашыкуеш за гэтыя “грашышчы”  такім сямействам?!.
– Лічыце, – разважае Наталля. – Камунальныя – адкінь 2 мільёны, ідзе нямала грошай на лекі, бо амаль усе перахварэлі зімой. А  дарагія харчы? Даводзіцца купляць іх там, дзе яны больш танныя. У нас Каця закончыла 9 класаў, трэба было падрыхтаваць да выпускнога. І сукенка, і туфлікі… Будзе паступаць. Магчыма, у Віцебск…
У жніўні будзе год, як паступілі Церахавы  на такую вось “казённую” службу. Праўда, матуля Наталлі, у Віцебскім раёне, на такой рабоце ўжо 22 гады. Нічога, спраўляецца. У свой час ім далі ГАЗель, зараз яна на прыколе, бо няма грошай на запчасткі.
Церахавым машыну не далі. Няма пры доме і гаража. Не разлічвалі, што гаспадар будзе пры аўто. Ёсць у яго Оpel, машына старэнькая – ёй 25 гадоў, але яшчэ не “здаецца”. Даводзіцца часта корпацца ў ёй, каб была “на мазі”. Каб з’ездзіць з хлапчукамі ў лазню, катануць у Віцебск ці Полацк. Далей на аўто не едзе, у Смаленск за харчамі просіць машыну ў сябра.
Дарэчы, пра лазню. Яна просіцца на сядзібе. Думаю, Шумілінскаму лясгасу было б вельмі дарэчы зрубіць лазню,  недзе зварылі б з жалеза чан для вады, печку, далі б дошкі на падлогу, на столь. Важна рабіць для сям’і хоць невялікія падарункі: усё-такі дзіцячыя дамы сямейнага тыпу – намер дзяржавы, па ўсім відаць,  самы сур’ёзны і на доўгія гады. Праўда, спонсараў небагата…
Не трэба казаць, клапоцяцца пра сям’ю ўлады. На зіму набылі ацяпляльны кацёл, які мог бы працаваць на газе і на цвёрдым паліве. Пасля аказалася, што ад яго мала гарачай вады. Прывезлі бойлер. Ванны ёсць, тым не менш лазня для чалавека сёння – не раскоша.
Старэйшая з выхаванцаў (Церахавы выхоўваюць дзяцей з пяці сямей, у тым ліку і трое сваіх) Кацярына  пойдзе вучыцца далей. На яе месца   прыйдзе “змена”. Трохі нязвыкла: нібыта  Кацярына – адламаная ўжо скіба хлеба…
Вось такія разважанні. З нагоды і без, сумныя і не вельмі. Але не сказаць пра гэта газета не мае права.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №47 ад 18.06.2013 г.



3 комментария по теме “Про успехи и проблемы детского дома семейного типа

  1. Чего вы хотите. В отделе образования вода в подвале уже сколько лет стоит? Хотя в детском доме могли бы и ликвидировать такую ситуацию.

  2. Ведь проводятся субботники: районные,обласные, республиканские.
    Так перечислите средства на ту же баню и автомобиль. У Штуро служебная иномарка не одну тысячу долларов стоит.

  3. Про зарплату конечно соврали!) Там все гораздо масштабнее! Выгода или зов сердца- это вопрос очень спорный(

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *