Про ремонт школы, ФОКа и улиц Шумилино

Актуалии Новости

Ажывіўся рамонт  СШ №1
Ажывіліся работы па рамонту СШ №1. Сёлета з бюджэту на гэты мэты выдаткавана паўтара мільярда рублёў. Зараз завяршаецца  афарбоўка фасада. На чарзе – унутраны дворык, затым будуць адрамантаваны галоўны ўваход і санвузлы.
Канешне, работы ідуць не так шпарка, як хацелася б, заўважае дырэктар школы В. В. Мянькова. Усё залежыць ад паступлення грошай. Але і самі работнікі школы не спяць у шапку,  а актыўна займаюцца аднаўленнем навучальнай установы, падрыхтоўкай яе да новага навучальнага года. На што без шкадавання трацяць грошы, заробленыя ад продажу расады, правядзення канцэртаў, аказання іншых паслуг. “Працэнтаў на 50 класныя кабінеты ўжо адрамантаваныя”, – падлічвае Валянціна Васільеўна. У гэтай сувязі яна асабліва дзякуе бацькам, папячыцельскаму савету школы за актыўны ўдзел у рамонце класаў. Бацькі не толькі дапамаглі фінансава, але і рамонтныя работы праводзілі самі. У выніку пакоі атрымаліся прыгожыя і ўтульныя. “Наколькі гэта магчыма, мы стараемся аднавіць мэблю: старыя стальніцы мяняем на новыя, фарбуем у светлы колер сталы і крэслы – імкнёмся надаць кабінетам прывабны выгляд”, – расказвае дырэктар.
Сёлета на базе школы будзе функцыянаваць і адзін з першых класаў, чаго раней не было. У сувязі з гэтым трэба вырашаць праблемы, да прыкладу, па іх укамплектаванні мэбляй, у прыватнасці, ложкамі і іншым неабходным.
Дырэктар пераканала, што з усімі задачамі калектыў справіцца, і ў новы навучальны год школа ўступіць адноўленай.
Працягваецца будаўніцтва ФАКа
Нельга назваць актыўнымі тэмпы работ па рэканструкцыі фізкультурна-аздараўленчага комплексу. Працуюць  там  штодня, але па 2-3 чалавекі. На лета ў ПМК-70 уладкоўваюцца каля 30 школьнікаў, частка іх будзе займацца, у тым ліку, і падсобнымі работамі на гэтым аб’екце.
“Зараз вядзецца ўмацаванне падмурка, нясучых сцен і тынкаванне”, – расказаў дырэктар А. Ю. Крыўко. Усяго за час рэканструкцыі ФАКа было асвоена паўтара мільярда рублёў, быў “закрыты” перыметр, адноўлены дах, умацаваны сцены. Хутка будаўнікі прыступяць да ўладкавання чашы пад басейн.

Улица Короткина

Эканомнае пакрыццё
Актыўнымі тэмпамі ідзе добраўпарадкаванне дарог у райцэнтры. Зусім нядаўна раённая газета пісала пра асфальтаванне двароў, рамонт дарог з дапамогай друзу. Цяпер дарожнікі аднавілі асфальтавае пакрыццё на вуліцы Кароткіна. Нядаўна галоўная вуліца горада была часткова заасфальтавана. Акрамя таго тут жа вядзецца паверхневая апрацоўка адмысловай эмульсіяй з гранітным друзам.
“Справа ў тым, – расказвае начальнк ДРБУ-204 Р. М. Насцюшкін, – што такім чынам у нас ёсць магчымасць прадоўжыць тэрмін службы старога асфальтавага пакрыцця. Паверхневы слой накладваецца на стары асфальт і выконвае абаронную функцыю. Ну, і канешне, гэты спосаб больш танны, чым уласна асфальтаванне”.  Але, заўважыў спецыяліст, гэта далёка не панацэя: для такой апрацоўкі асфальтабетоннае пакрыццё павінна знаходзіцца ў здавальняючым стане. Калі дарога скрозь у ямінах, то выкарыстаць абаронны слой не ўдасца.
Трэба прызнаць, што гэта вуліца, дзякуючы старанням дарожнікаў, набыла досыць прывабны выгляд.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №51 ад 02.07.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *