Работа землеустроителей и журналистов рассмотрена на заседании Шумилинского райисполкома

Актуалии Президент

Дамагацца парадку і прыбытковасці
Зямля – крыніца дабрабыту не толькі сельскай гаспадаркі, а, не пабаюся  сказаць, усёй краіны. Ад зямлі ўсе багацці. А калі так, то да яе і стаўленне павінна быць адпаведнае.  Адсюль і матывы для сур’ёзнай размовы   на чарговым пасяджэнні райвыканкама, якое вёў старшыня райвыканкама У. П. Куранны.
З інфармацыяй па тэме  “Аб праводзімай рабоце па захаванні зямельнага заканадаўства, ажыццяўленні кантролю за выкарыстаннем і аховай зямель” выступіла   начальнік землеўпарадкавальнай службы райвыканкама З. Ф. Алюліна.  Было адзначана, што асноўнымі карыстальнікамі зямлі з’яўляюцца сельгасарганізацыі, за якімі замацавана 169,5 тысячы га – 43% агульнай плошчы, у грамадзян  – 3,6 тысячы га.  Амаль палова зямель – асушаныя, праўда, кожны пяты гектар ад усёй плошчы патрабуе рэканструкцыі.
У раёне тры прамысловыя кар’еры і сем унутрыгаспадарчых. УП ЖКГ адведзена 26 участкаў  для мініпалігонаў пад цвёрдыя бытавыя адыходы, з іх на трох праведзена рэкультывацыя.
У раёне актыўна вядзецца продаж зямлі праз аукцыёны. За 2012 год праведзена іх 9, прададзена 1,19 га зямлі, у бюджэт раёна паступіла звыш 37 мільёнаў рублёў, за справаздачны перыяд 2013 года па гэтым артыкуле паступіла больш за 84 мільёны. Заданні выконваюцца.
Вось такая  характарыстыка ў агульных рысах. Вядома ж, не абышлося ў размове без  крытыкі. Старшыня райвыканкама У. П. Куранны  заклапочаны  занядбанасцю зямлі  ва ўрочышчы Гарбузы, закінутасцю зямлі ва ўрочышчы Дзюбянка. У свой час ва ўрочышчы Дзюбянка было створана садова-агародніннае таварыства, там  участкі былі, як кажуць, нарасхват. Сітуацыя даўно змянілася, многія ад надзелаў адмовіліся, і зямля “гуляе”, зарастае быльнягом.  Гэта не па-гаспадарску, і кіраўнік раёна даў даручэнне дырэктару  УП “Шумілінскі райаграсэрвіс” У. А. Арлову тэрмінова вывесці сюды гурты жывёлы,  а пасля страўлівання травастою прадыскаваць, заараць і пасеяць азімыя. Трэба актыўна ўводзіць у севазварот гаспадарак занядбаныя ўчасткі ў межах вёсак, хаця тут існуюць пэўныя цяжкасці. Асаблівую трывогу выклікае той факт, што  зарастаюць, прыходзяць у запусценне раней асушаныя землі. Сітуацыю з гэтым трэба браць пад неаслабны кантроль землеўпарадкавальнай службы раёна.
Другім пытаннем парадку дня была справаздача галоўнага рэдактара ўстановы “Рэдакцыя газеты “Герой працы”  Шумілінскага раёна” А. І. Пятровай па асвятленню сацыяльна-эканамічнага і грамадска-палітычнага развіцця раёна. Калектыў рэдакцыі, было адзначана ў выступленні, у апошнія гады стабільны, працуе творча,  знаходзіцца ў пастаянным пошуку.  Адкрываюцца новыя рубрыкі, чытач атрымлівае тэматычныя старонкі, немалое месца адводзіцца аналітычным матэрыялам.  Пацверджаннем высокага рэйтынгу газеты сталі высокія месцы ў творчым конкурсе раённых газет вобласці на прызы імя Ф. Скарыны.
Аднак памылкова меркаваць, што калектыў рэдакцыі спачывае на лаўрах. Тыраж газеты за апошнія гады расце, ён  па-ранейшаму неблагі. Аднак задача, якую паставіў кіраўнік раёна перад кіраўніцтвам рэдакцыі – выйсці на прыбытковую работу.  З пачатку года акупнасць газеты перавысіла 89% (яна з кожным годам прырастае), з бюджэту на пакрыццё выдаткаў паступіла  52,2 мільёна рублёў. Вядома, каб дамагчыся бясстратнай работы, трэба ўзнімаць  тыраж газеты, больш грошай мець ад рэкламы, змяншаць  вытворчыя выдаткі.
У рабоце райвыканкама самы актыўны ўдзел прымаў начальнік землеўпарадкавальнай службы аблвыканкама І. І. Левянкоў.
Па  абодвух пытаннях парадку дня прыняты канкрэтныя рашэнні.
Мікалай БАРЫСАЎ.
Надрукавана ў №51 ад 02.07.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *