Шумилинский район готовится к «Славянскому базару в Витебске»

Актуалии Новости

Сустрэнем свята хлебам-соллю і вясёлай песняй
Другая палова тыдня ў Віцебску будзе без астатку належаць доўгачаканаму “Славянскаму базару” – фестывалю, які мае звычку грымець на ўсю краіну, пакідаць пасля сябе шмат непаўторных уражанняў. Масавыя народныя гулянні, уявіць якія без удзелу шумі-лінцаў проста немагчыма, пачнуцца ў чацвер. Праўда, для тых, хто гэтымі днямі будзе працаваць, а не адпачываць, усё пачалося некалькі раней. Мы даведаліся падрабязнасці.
Культура
Патрапіць на канцэрт святочнымі днямі, магчыма, і не кожнаму ўдасца, а вось прайсціся па вуліцах любімага Горада майстроў, завітаць на панадворак, у першую чаргу, свой  шумілінскі – пазбавіць сябе такой асалоды наўрад ці хто захоча. І не трэба.
“Шумілінскі панадворак”, як і ўсе астатнія, расчыніць свае гасцінныя дзверы ўжо сёння, якія не зачыняцца аж да 17 ліпеня. Горад майстроў будзе рады гасцям з 11 да 16 ліпеня. Шумілінскія адмысловыя майстры і артысты будуць радаваць сваёй творчасцю гасцей Славянскага базару, пакажуць усё, чым адметны наш край, чым мы смела можам ганарыцца. Шматлікія народныя калектывы раёна будуць выступаць на гарадскіх канцэртных пляцоўках. Пра ўсё гэта нам расказала намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Валянціна Навіцкая, літаральна, седзячы на чамаданах.
Асобна хочацца сказаць пра Дом рамёстваў, майстры якога рыхтуюцца да фестывалю ўвесь год. Іх  работы – своеасаблівая візітная картка нашага раёна. Гэты факт набывае асаблівае гучанне, улічваючы, якім неверагодным попытам карыстаюцца іх шэдэўры ў асяродку замежных турыстаў. Так  было заўжды. Яшчэ адным пацверджаннем стаў нядаўні фестываль газпрама “Факел”, удзельнікі якога ахвотна раскупілі ўсё, зробленае таленавітымі рукамі майстра па саломапляценні Наталлі Сцержанковай і не толькі. Яна проста фізічна не паспявае стварыць столькі работ, колькі гатовы раскупіць аматары  нашай саломкі. Ды і цэны на гэту ўнікальную прадукцыю нельга назваць завоблачнымі: 70-80 тысяч за пано, за самую дарагую самаробку вы аддасцё не больш за сотню.
Вялікія спадзяванні ўскладаюцца на крэатыўнасць і нестандартны творчы падыход маладога майстра па шматковай тэхніцы Яўгеніі Болахавай. Яе натхняе лён,  які ў  таленавітых руках пераўтвараецца ў цудоўныя сувеніры. А вось Вольга Лявонава, майстар па ткацтву, насупраць – захоўвае вернасць традыцыям: стварае паясы і лялькі-беларусачкі. Запэўнівае, што год ад году попыт на гэту прадукцыю толькі расце.
Гандаль
Лепшыя шумілінскія гандляры як паехалі ў Віцебск на Дзень горада, так адтуль яшчэ і не вярталіся, і, па ўсім бачна, хутка дадому іх чакаць не прыходзіцца. Шумілінскае райспажыўтаварыства гандлюе на “Славянскім базары”, што называецца, у поўны рост.  “Мы прапанавалі гораду ўвесь свой асартымент, – расказвае старшыня праўлення райспражыўтаварыства Людміла Доктарава, – на месцы смажым шашлыкі і каўбаскі, пастаянна падвозім кулінарную прадукцыю”. Нашы гандлююць у Парку Пераможцаў, у ніжняй алеі, і недахопу ў пакупніках не адчуваюць. У самы звычайны будні дзень выручка дасягае 10-ці мільёнаў, а трэцяга ліпеня ўдалося заробіць 46 мільёнаў. Гандаль працягваецца. Наперадзе – самыя бойкія дні. Тры змены шумілінскіх гандляроў працуюць кругласутачна.
Грамадскія арганізацыі
Не абыходзяцца фестывальныя гулянні без удзелу членаў раённай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў. 13-14 ліпеня яны будуць задзейнічаны ў Міжнародным фестывалі народнай творчасці членаў БелТІ ў межах “Славянскага базару”. Больш таго, нашы землякі будуць адкрываць фестываль, сустракаць хлебам-соллю членаў журы, прэзентаваць раён песнямі, танцамі, байкамі. Пра ўсё гэта мы даведаліся ў старшыні арганізацыі Л. М. Нагібавай.
Да адкрыцця “Славянскага базару” засталося два дні. Яшчэ ёсць магчымасць зарыентавацца ў праграме і скласці свой уласны план гулянняў.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №53 ад 09.07.2013.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *