Кажуць у народзе: Рапс на падыходзе
Жніво. Яно не за гарамі. У сельгасгаспадарках раёна поўным ходам ідзе падрыхтоўка да гэтай адказнай кампаніі.
“У гаспадарках раёна налічваецца ўсяго 21 зернеачышчальны сушыльны комплекс, поўнасцю гатовы да жніва 16, – паведаміў рэдакцыі намеснік начальніка райсельгасхарчу С. Б. Завадскі. – З 75 зернеўборачных камбайнаў раёна гатовы выехаць на палеткі 59 (дадзеныя на 6 жніўня – аўт.), гэта 84% да патрэбнага. Самыя вялікія камбайнавыя паркі ў ААТ “Лаўжанскае” і “Шумілінскім райаграсэрвісе” – па дзесяць КЗСаў. Ва ўсіх гаспадарках стараюцца адрамантавацца як мага хутчэй. Работу ўскладняе тое, што сёлета не выдзелены бюджэтныя грошы на рамонт. Гаспадаркі выдаткавалі сродкі на самае неабходнае. Аднак па-ранейшаму не хапае рамянёў, вентылятараў, гідраходаў, паддонаў і іншых запчастак на камбайны на суму каля 1,5 мільярда рублёў”.
А час прыспешвае. Дзесьці на працягу тыдня павінны выехаць на ўборку азімага рапсу, якога сёлета пасеяна ў раёне 1617 гектараў, дадае начальнік аддзела інтэнсіфікацыі вытворчасці райсельгасхарчу Р. Ф. Прасветаў.
“Так, стаіць на пагодзе, рапс на падыходзе” – кажа дырэктар ААТ “Прыдзвінскі” У. І. Дзятлаў, чыю гаспадарку мы наведалі на мінулым тыдні разам са старшынёй райкама прафсаюза работнікаў АПК В. В. Юхнаўцом і галоўным спецыялістам Л. Г. Варкун. Задача работнікаў прафсаюза – праверыць, як ідзе падрыхтоўка да жніва ў плане тэхнікі бяспекі і аховы працы, ці захоўваюцца ўмовы калектыўнага дагавору пры выплаце заработных плат і прэмій. “Дакументацыя па ахове працы ў “Прыдзвінскім” у парадку, ёсць толькі дробныя заўвагі па афармленні, – кажа В.В. Юхнавец. – Кіраўніцтва акцыянернага таварыства паклапацілася пра пакупку спецадзення для сваіх работнікаў. Цяпер некалькі слоў па супрацьпажарнай тэхніцы бяспекі. У гэтым накірунку ў “Прыдзвінскім” закуплена неабходнае. Адзіная заўвага – вогнетушыцелі, якія здадзены на запраўку ў райаддзел па надзвычайных сітуацыях, яшчэ не забралі”.
Разам з галоўным аграномам гаспадаркі Р. С. Гарлачовай мы наведалі цэнтр рамонтных работ – майстэрню ў Крывым Сяле. Тут кіпела работа. Зваршчыкі, токары, механізатары – кожны займаўся сваёй справай. Самыя маладыя камбайнеры – Дзмітрый Бязрукаў і Дзмітрый Лучкін – чаравалі над сваімі КЗСамі. “Ды мне засталося толькі зерневы элеватар замяніць, гэта зраблю самастойна”, – кажа Дзмітрый Бязрукаў, які чацвёртае жніво працуе на камбайне і беражэ яго як свой ўласны. Ягоны цёзка Дзмітрый Лучкін летась першы год сеў за руль камбайна. Кажа, што спадабалася. І сёлета абодва будуць трымаць курс на тысячныя намалоты.
“Прыдзвінскі” ў канцы мінулага тыдня ўжо быў гатовы накіраваць адрамантаваныя КЗСы на ўборку азімага рапсу, якога ў гаспадарцы пасеяна 240 гектараў.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №53 ад 09.07.2013.