Агрогородок Мишневичи: и танцы будут, и кино

Сельское хозяйство

У будынку абноўленай амбулаторыі

Згодна з Дзяржаўнай праграмай адраджэння і развіцця сяла ў нашым раёне пабудавана 8 аграгарадкоў. Пабудаваць аграгарадок за адзін год – складана, у некаторых работы доўжацца і два, і тры гады. Сёлета, напрыклад, як нам паведаміла начальнік аддзела па будаўніцтву і архітэктуры райвыканкама З. А. Мясаедава, для завяршэння работ у аграгарадках мінулых гадоў выдзелены 1 мільярд 788 мільёнаў рублёў. Частка гэтага фінансавання была накіравана ў аграгарадок Мішневічы.
І танцы будуць, і кіно
У культурным жыцці Мішневіч падзея – тут рыхтуецца да адкрыцця клуб. Заходзім у будучы цэнтр культуры аграгарадка і адразу трапляем у танцавальную залу. Тут прасторна і светла. Утульнасцю  і прыгажосцю сустракаюць новыя вокны, інтэр’ер.
У суседнім памяшканні – кіназала (яна ж актавая). Тут мяркуюць не толькі паказваць кіно, але і праводзіць канцэрты, розныя святочныя мерапрыемствы. Зараз тут будуецца сцэна.
Знешне будынак клуба абтынкавалі, трэба толькі пафарбаваць. “З навядзеннем парадку ля клуба дапамог кіраўнік гаспадаркі М. Г. Цікавенка, – гаворыць загадчыца клуба Ніна Віднікевіч. – Навазілі чарназёму, разбілі вялікія клумбы. Увогуле не верыцца нават, што нарэшце ў нас будзе свой клуб, не трэба будзе туліцца ў саўгаснай сталоўцы, каб правесці дыскатэку”.
І здароўе паправіць
Мішневіцкая амбулаторыя пераехала ў адрамантаваны двухпавярховы будынак былога дзіцячага садка. Усё ад столі да падлогі тут ззяе дыхтоўнасцю, навізной. Завезена медыцынскае новае абсталяванне, мэбля.
На першым паверсе амбулаторыі – кабінет урача. Прыгожая лесвіца вядзе на другі паверх. Тут размясціліся фізіякабінет, кабінеты педыятра і  працэдурны,  лабараторыя. Ёсць і стаматалагічны кабінет.
Праўда, пакуль стаматолаг з Мікіціхі прыязджае сюды толькі адзін раз на тыдзень. І ў яго заўсёды шматлюдна. Таму вяскоўцам хочацца мець пастаяннага зубнога ўрача. Сярод медперсаналу не стае яшчэ і акушэркі.
У новай амбулаторыі абсталяваны і дзве палаты для дзённага стацыянара – мужчынскую і жаночую.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №79 ад 12.10.2010 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *