Почему некоторые руководители не считают нужным платить за электроэнергию

Экономика

Па аплаце бачна, ці “хворае” прадпрыемства
Любыя паслугі трэба аплачваць. Нельга пагаліцца ў грамадскай цырульні ці пастрыгчыся за “дзякуй”. За ўсё трэба плаціць. І за электраэнергію тым больш, бо  своечасовая аплата за гэтую паслугу –  залог энергетычнай бяспекі нашай  краіны. Кіраўнікі  гэтую прапісную ісціну павінны разумеюць. Але ж разумеюць не ўсе. Аб тым, якая сітуацыя з аплатай за спажытую электраэнергію, і не толькі пра аплату наша гутарка з начальнікам Шумілінскага вытворча-збытавога ўчастка філіяла Энергазбыт РУП “Віцебскэнергазбыт” Н. Л. Шнявінай.
– Надзея Леанідаўна, пачнём гаворку з радавога спажыўца. Чалавек вымушаны пастаянна эканоміць.   Вось і нядаўна на 14%  павысіліся тарыфы на электраэнергію.  Што, запальваць свечку ці газоўку?..
– Навошта такія крайнасці? Да гэтага мы ўжо не прыйдзем. На двары 21-ае стагоддзе, у чалавека жыллё “начынена” сучаснай тэхнікай, якая значна аблягчыла яго жыццё. Аднак патрэба эканоміць  – гэта, калі хочаце,  на ўзроўні закона. Дбайны гаспадар так і паступае: абясточвае разеткі ў той час, калі іншы не вымае з іх вілкі ні днём, ні ноччу, купляе энергазберагаючыя лямпачкі, прычым надзейных вытворцаў. Ды ці мала ў жыцці такой вось “драбязы”, якая па сутнасці і не дробязь наогул.
А цяпер па аплаце за спажытую электраэнергію. Уведзены дзве формы разлікаў: па норме спажывання і па зонах сутак. На такі крок пайшла дзяржава па той прычыне, што мала эканоміць наш спажывец, не робіць так, каб зменшыць, скажам, пасля 17.00, калі ўсе вяртаюцца з работы, нагрузкі на электрасеткі. Вяртаюцца і адразу ўключаюць тэлевізары, пральныя машыны, аўдыёвідэаапаратуру. Нагадаю, што з 17 да 22 гадзін самы высокі тарыф – 1008,6 руб. за кВт, у астатні час – 353 рублі. Згадзіцеся, розніца адчувальная. Аднак такі сутачны кантроль можа фіксаваць толькі электронны электралічыльнік. Тым, хто спажывае за месяц і 250 кВт, і больш (а норма 150 кВт) – такі лічыльнік проста неабходны, бо ён дазваляе эканоміць  звыш 30 тысяч за месяц. Дарэчы, насельніцтва спажывае з кожным годам на 2-3% больш электраэнергіі, і зараз  гэтая лічба ў адносінах да агульнага спажывання роўная ў раёне 22%.
– Вернемся ж да лічыльнікаў. Іх набываць трэба самім?
– Так. Каштуе такі лічыльнік да 800 тысяч, але акупіцца хутка. Тэлефануеце нам, і нашы спецыялісты бясплатна яго падключаюць.
– Надзея Леанідаўна, у вас штат інспектараў, кантралёраў, часта правяраеце насельніцтва. Скажыце, ці часта махлююць?
– Бывае, не звяліся яшчэ лаўкачы. Але мы іх выяўляем і строга караем. У сувязі з уводам дыферэнцаванай аплаты людзі ідуць на хітрыкі: аплачваюць норму, а тыя кілаваты, што звыш нормы, “завісаюць”. На што спадзяецца спажывец, не ведаю, аднак калі кантралёр выявіла такі факт, за “лішнія” кілаваты давядзецца плаціць па высокіх тарыфах.
– Якая сітуацыя з аплатай на прадпрыемствах, у арганізацыях раёна?
– Неадназначная, хаця нямала прыкрых фактаў, пра якія не сказаць не магу. Перш за ўсё радуе, што прамысловыя прадпрыемствы аплачваюць спраўна і бягучыя плацяжы, і за сем месяцаў года. Напрыклад, ОКЗ да закупкі газа-генератарнай устаноўкі спажываў за месяц да 700 тысяч кВт, пасля ўводу ГГУ сталі браць ад нашых сетак 200 тысяч.
Горш з сельгаспрадпрыемствамі: за ліпень аплата склала ўсяго 76%, а з пачатку года і наогул “спаўзлі” на 51,7%. Дрэнная сітуацыя з аплатай на  льнозаводзе, у КУСГП “Ульскі”, “Мішневічы”, непрыемна здзіўляе пазіцыя ААТ “Лаўжанскае”, адкуль паступіла аплата ўсяго за адзін месяц з сямі па бягучым годзе, і доўг перавысіў на момант гаворкі, 6 жніўня, 600 мільёнаў рублёў. Адключылі кантору, але  каб не паралізаваць работу кіраўніцкага апарата, там “пераехалі з камп’ютарамі на хатні “рэжым”. У будынак  сталовай пераехала кантора КУСГП “Мішневічы”.
– Ну, а абясточыць жа вытворчыя ўчасткі ніхто не дапусціць…
– Канечне. Вось такімі паўмерамі і абыходзімся. Зараз ідзе масавая ўборка і сушка збожжа. Ну, як ты спыніш сушыльныя комплексы, падлогавыя сушылкі? Распрацавалі графікі пагашэння даўгоў, райвыканкам даў гарантыі.
Тут да месца будзе пагаварыць пра псіхалогію кіраўніка, які разлічвае на бясплатнае атрыманне электраэнергіі. Але ж і нам трэба плаціць, абслугоўваць сеткі, падстанцыі, іншае абсталяванне.
І электраэнергія – таксама тавар. Як і мяса, і малако з хлебам. Паспрабуй адключыць на гадзіну-другую электрычнасць, ці камфортна будзе?..
Інтэрв’ю правёў Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №67 ад 27.08.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *