1 верасня – Дзень беларускага пісьменства

Культура Новости

На радзіме Баркулабаўскага летапісу
З 1994 года 1 верасня па традыцыі ў адным са старажытных культурных цэнтраў Беларусі адзначаецца Дзень бела-рускага пісьменства. Сёлетні ХХ Дзень беларускага пісьменства прымае Быхаў.
Менавіта з Быхаўскай зямлёй звязана напісанне аднаго са значных помнікаў беларускага пісьменства пачатку XVII стагоддзя – Баркулабаўскага летапісу. Тут жылі і працавалі Мялецій Сматрыцкі, аўтар “Граматыкі”, і Лаўрэнцій Зізаній, стваральнік “Азбукі”. Гэтыя кнігі маюць асаблівае значэнне ў стварэнні і развіцці ўсходнеславянскіх моў, іх з’яўленне стала знакавай па-дзеяй у духоўным і культурным жыцці Беларусі таго часу.
На тэрыторыі Быхава і Быхаўскага раёна знаходзяцца Быхаўскі замак і сінагога – помнікі  XVII ст., з раёнам звязана адна са святынь праваслаўнай царквы – цудатворная ікона Божай Маці Баркалабаўскай.
28 жніўня з Мінска стартавала рэспубліканская навукова-асветная экспедыцыя “Дарога да святынь” з дабратворным агнём ад Гроба Гасподняга, якая завершыцца 1 верасня ў Быхаве.
1 верасня горад прыме дзясяткі тысяч гасцей з усёй Беларусі і многіх краін свету. Увесь горад ператворыцца ў святочную пляцоўку. Галоўная пляцоўка свята размесціцца на гарадскім стадыёне: тут пройдзе адкрыццё і закрыццё Дня пісьменства, узнагароджанне пераможцаў рэспубліканскага конкурсу на лепшы літаратурны твор, святочныя канцэрты, іншыя мерапрыемствы. Тут жа пройдзе фестываль кнігі і прэсы.
У абноўленым раённым Цэнтры культуры пройдзе конкурс маладых чытальнікаў “Жывая класіка”, міжнародны круглы стол “Сугучча: мова і літаратура ў кантэксце гісторыка-культурнай спадчыны”, навукова-практычная канферэнцыя “Быхаўскія чытанні” і прэзентацыя кнігі “Баркулабаўскі летапіс”. На будынку Цэнтра будзе адкрыта мемарыяльная дошка ў памяць вядомага беларускага журналіста Барыса Стральцова.
Кінаманаў чакае абноўлены 3D-кінатэатр «Радзіма» з праграмай “Кіно маёй краіны”.
Праект «Магілёўшчына фестывальная” пазнаёміць жыхароў горада і гасцей свята з найбольш вядомымі фестывалямі рэгіёна. Свае праграмы будуць для дзяцей і моладзі.
У час святочных мерапрыемстваў у Быхаве плануюць адкрыць скульптурную кампазіцыю, прысвечаную “Баркулабаўскаму летапісу”.
Дарэчы, на падрыхтоўку горада да свята было выдаткавана больш за 200 мільярдаў рублёў. Новае аблічча атрымалі раённы Цэнтр культуры і кінатэатр “Радзіма”, чыгуначны і аўтобусны вакзалы, стадыён і басейн, цэнтральныя вуліцы і плошчы горада. Пачалася рэстаўрацыя Быхаўскага замка і сінагогі.
Па матэрыялах СМІ падрыхтаваў Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №68 ад 30.08.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *