В Шумилино прошла августовская конференция педагогов района

Актуалии Образование Общество

НА ПАРОЗЕ 1 ВЕРАСНЯ
У сераду 28 жніўня педагагічны калектыў раёна на традыцыйнай настаўніцкай канферэнцыі падвёў вынікі работы за мінулы навучальны год, акрэсліў задачы на новы вучэбны перыяд.
Удзел у раённай канферэнцыі педагагічных работнікаў прынялі старшыня раённага выканаўчага камітэта У. П. Куранны і старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава.
Работа канферэнцыі па традыцыі пачалася з удзячных слоў і кветак ветэранам педагагічнай працы, а таксама з прывітальных вершаў выхаванцаў дзіцячага садка (на гэты раз выступалі дзеткі з дзіцячага сада № 2).
З грунтоўным аналізам работы ўстаноў адукацыі раёна ў 2012-2013 навучальным годзе выступіў начальнік ад-дзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама П. У. Спірыдонаў. Пётр Уладзіміравіч паведаміў, што навучанне і выхаванне дзяцей вядзецца згодна з Праграмай развіцця сістэмы адукацыі Шумілінскага раёна, што дзяржаўныя сацыяльныя стандарты ў адукацыйнай сферы раёна выконваюцца на 100%.
У мінулым навучальным годзе, адзначыў дакладчык, адукацыйную дзейнасць на тэрыторыі Шумілінскага раёна ажыццяўлялі 37 устаноў: 1 гімназія, 8 сярэдніх школ, 4 вучэбна-педагагічныя комплексы “дзіцячы сад-сярэдняя школа”, 1 базавая школа, 2 комплексы “дзіцячы сад-базавая школа”, 5 комплексаў “дзіцячы сад-пачатковая школа”, 13 дашкольных устаноў, сацыяльна-педагагічны цэнтр, Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, Цэнтр дзяцей і моладзі. У школах навучалася 1949 вучняў, дзіцячыя яслі і садкі наведвалі 902 дзіцяці.
У сувязі з тым, што колькасць вучняў скарачаецца і ў адпаведнасці з планам рэструктурызацыі навучальных устаноў, з верасня бягучага года будзе праве-дзена рэарганізацыя 8 устаноў: Крывасельская дзіцячы сад-пачатковая школа ў дзіцячы сад;  Полькавіцкая дзіцячы сад-пачатковая школа ў дзіцячы сад; Лаўжанская дзіцячы сад-сярэдняя школа ў дзіцячы сад-базавую школу; Мішкаўская сярэдняя школа і Мішкаўскі дзіцячы сад у дзіцячы сад-базавую школу; Суравенская базавая школа ў пачатковую школу; Ляжнёўская дзіцячы сад-пачатковая школа ў дзіцячы сад; Навікоўская сярэдняя школа ў базавую школу; Сіроцінская дзіцячы сад-базавая школа ў дзіцячы сад-пачатковую школу.
Рэарганізацыя запатрабавала карэк-ціроўкі падвозу вучняў, іх харчавання. П. У. Спірыдонаў запэўніў, што ўсе гэтыя пытанні прадуманы, для падвозу школьнікаў да шасці існуючых аўтобусаў будзе закуплены яшчэ адзін.
Аналізуючы поспехі і дасягненні дашкольных устаноў і школ раёна, называючы лепшых настаўнікаў і выхавальнікаў, начальнік аддзела адукацыі не хаваў праблемных момантаў. Найперш – па матэрыяльна-тэхнічнай базе: у шэрагу школ і дзіцячых садоў неабходны рамонт даху, замена вокнаў, падлогавага пакрыцця, мэблі, сантэхнічнага абсталявання, рашэнне іншых пытанняў. У нейкай ступені адукацыйныя ўстановы самі спрабуюць вырашаць гэтыя пытанні: на бягучы рамонт, акрамя 300 мільёнаў з бюджэту, выкарысталі 137 мільёнаў рублёў ад па-забюджэтнай дзейнасці. Некаторым школам і садам дапамаглі з рамонтам шэфы. П. У. Спірыдонаў асабліва адзначыў у гэтым плане СФГ “Раднік”, ААТ “АграБаравінка”, Мікалаёўскае лясніцтва, ПМК-70, Казьянскае падраздзяленне УП ЖКГ.
Другая праблема – кадры.  Трывожна, што сёння маладыя педагогі ўсё часцей пасля абавязковай адпрацоўкі выязджаюць з раёна ці зусім уходзяць з сістэмы адукацыі.
Тым не менш педагагічны калектыў раёна годна спраўляецца з пастаўленымі дзяржавай адукацыйна-выхаваўчымі задачамі.  Адзін з вынікаў – рост якасці ведаў школьнікаў. Начальнік аддзела адукацыі ў якасці самага яркага прыкладу адзначыў, што ў гэтым годзе 49,6% выпускнікоў паступілі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы.
Даклад начальніка ад-дзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама дапоўнілі іншыя ўдзельнікі канферэнцыі.
Дырэктар Лаўжанскай д/с-СШ Н. В. Мясаедава расказала пра жыццё маленькай сельскай школы, яе поспехі і праблемы, пра тое, што маленькая колькасць вучняў дазваляе больш працаваць дыферэнцавана, больш увагі ўдзяляць кожнаму дзіцяці, убачыць і развіць яго здольнасці. У школе вялікая ўвага надаецца фізічнай падрыхтоўцы, таму не дзіва, што вучні Лаўжанскай школы – неаднаразовыя пераможцы ваенна-спартыўнай гульні “Зарніца”, раённай спартакіяды школьнікаў.
Соцыум і адукацыйная ўстанова – тэма выступлення намесніка дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Амбросавіцкай д/с-СШ І. А. Матэленак. Ірына Аляксандраўна ўпэўнена, што ў працэсе выхавання разам са школай павінны ўдзельнічаць усе суб’екты соцыуму. У выпадку аграгарадка Амбросавічы гэта і сельскі Дом культуры, і бібліятэка, і ААТ “Прыазёрны мір”, і ФАП, і райгаз, і, вядома ж, бацькі.
Сапраўдны настаўнік павінен сам вучыцца ўсё жыццё, самаадукацыя – аснова поспеху настаўніка, такое перакананне выказала настаўніца рускай мовы і літаратуры Обальскай СШ Т. С. Карнеева. Сёння на дапамогу настаўніку прыйшоў інтэрнэт, і не толькі як крыніца ведаў, але і як магчымасць знайсці аднадумцаў, магчымасць заявіць пра сябе, падзяліцца сваімі напрацоўкамі. І Таццяна Станіславаўна з поспехам выкарыстоўвае гэтыя магчымасці.
Пра тое, што педагог павінен ісці ў нагу з часам, гаварыла і выхавальніца ясляў-сада № 1 г. п. Шуміліна А. М. Красоўская. Алена Мікалаеўна падзялілася ўласным вопытам работы па методыцы Зайцава. Ужо дзевяць год яна паспяхова вучыць дзетак ранняму чытанню па гэтай методыцы. У сваім выступленні выхавальніца закранула таксама праблему недахопу кадраў выхавальнікаў, з-за чаго прыходзіцца працаваць па дзесяць з паловай гадзін, а дзе ўзяць час на самаадукацыю?
Педагог-арганізатар  СШ № 1 г. п. Шуміліна С. У. Емяльянава падкрэсліла значнасць дзіцячых і маладзёжных аб’яднанняў для развіцця асобы чалавека. Святлана Уладзіміраўна шмат працуе па развіцці піянерскага руху, зацікавіла дзяцей, уцягнула іх у рэспубліканскую завочную гульню “Цімураўцы.бай”, дзеці захапіліся і выйшлі пераможцамі. Але не гэта галоўнае, лічыць педагог-арганізатар, а тое, што дзеці вучацца быць упэўненымі, ініцыятыўнымі, працаваць у калектыве.
Вопытам работы з сем’ямі дзялілася з раённай трыбуны педагог-псіхолаг Мішкаўскай СШ В. А. Разуменка. У школе працуе клуб “Сям’я”, рэалізуецца інавацыйны праект “Мастацтва жыць у сям’і”. Не мінула школу і праблема нядбайных сем’яў, да якіх патрэбны асаблівы індывідуальны падыход. Настаўнікі школы шмат працуюць з бацькамі, радуюцца кожнаму выпадку, калі ўдаецца наладзіць у сям’і нармальныя адносіны і вярнуць дзяцей у сям’ю. Вольга Аляксандраўна ўпэўнена, што нельга дапамагчы дзіцяці, не дапамагаючы сям’і ў цэлым.
Спіс выступаючых завяршыў старшыня Обальскага сельскага Савета М. А. Будневіч. У сваёй кароткай прамове Мікалай Аляксеевіч выказаў настаўнікам падзяку за іх працу і пажадаў новых поспехаў.
А ў рабоце канферэнцыі настаў самы цікавы момант: прыём у рады раённага педагагічнага калектыву маладога папаўнення. Сёлета сем маладых спецыялістаў прыйшлі працаваць у адукацыйныя ўстановы раёна. Іх шчыра віталі добрымі пажаданнямі і песнямі.

Н. В. Штокіна, Л. Ф. Завадская, У. П. Куранны, Г. А. Пляшкова

Не менш прыемнай была і цырымонія ўзнагароджвання лепшых педагогаў. Іх многа, хто сваёй самаадданай працай заслужыў удзячнасць. Старшыня райвыканкама У. П. Куранны ўручыў Ганаровыя граматы райвыканкама Ніне Васільеўне Штокінай – намесніку дырэктара па выхаваўчай рабоце Обальскай СШ, Любові Фёдараўне Завадскай – намесніку загадчыка д/с №1 г. п. Шуміліна. Падзяку райвыканкама атрымала Ганна Арсенцьеўна Пляшкова – дырэктар Полькавіцкай д/с-ПШ.
За шматгадовую добрасумленную працу ў сістэме адукацыі ганаровай граматай упраўлення адукацыі аблвыканкама ўзнагароджаны: Любоў Барысаўна Сіліна – намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце СШ № 1, Сяргей Пятровіч Вашадок – настаўнік фізічнай культуры Шумілінскай раённай гімназіі, Паліна Аўдзееўна Кавалёва – настаўнік матэматыкі Шумі-лінскай раённай гімназіі, Уладзімір Анатольевіч Кучко – настаўнік фізічнай культуры Слабадской д/с-СШ. Больш дваццаці педагогаў узнагароджаны ганаровай граматай аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.
А ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці ГДК дарылі ўдзельнікам канферэнцыі і ўсім настаўнікам раёна свае песні і танцы.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №68 ад 30.08.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *