Акция «Молодёжь за здоровый образ жизни прошла в агрогородке Никитиха

Актуалии Здоровье Культура Молодёжь

“Моладзь за здаровы лад жыцця”
Сёлета традыцыйная акцыя “Моладзь за здаровы лад жыцця” праводзілася на базе Лаўжанскага сельскага Цэнтра культуры і вольнага часу. 30 жніўня з 16 гадзін на пляцоўцы каля Цэнтра размясціліся атракцыёны, з калонак, устаноўленых на ганку, палілася гучная музыка. Да Цэнтра пачалі падцягвацца матулі з каляскамі, дзеці і падлеткі. Гледачоў і ўдзельнікаў акцыі чакала выстава кніг “Здароўе – найвышэйшая каштоўнасць чалавека”. Для іх свае вырабы падрыхтаваў раённы Дом рамёстваў. БРСМ праводзіў акцыю “Кінь цыгарэту – атрымай цукерку”.
Самыя малыя адразу пацягнулі бацькоў да машынак і батутаў – катацца і скакаць. Большых дзяцей і падлеткаў прывабілі спартыўныя снарады, прадстаўленыя аддзелам адукацыі, спорту і турызму райвыканкама: хтосьці праверыў сваю меткасць у дартс, хтосьці пацягаўся сіламі на канаце, іншых захапіла гульня з мячом, былі і тыя, хто патрэніраваў мазгі ў шахматнай бітве. Юныя мастакі паказалі свае здольнасці ў конкурсе малюнкаў на асфальце.
Перад гледачамі выступіў урач мясцовай амбулаторыі М. П. Серабро, які распавёў гаворку пра шкодныя звычкі, іх непапраўны ўплыў на здароўе і жыццё чалавека. Ён засяродзіў увагу на тым, што здароўе чалавека залежыць ад яго паводзінаў, ад яго стаўлення да сябе. Потым пачалася канцэртная праграма, падрыхтаваная сіламі раённага метадычнага цэнтра аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама і Лаўжанскага СЦКіВЧ. З песнямі і танцавальнымі нумарамі выступалі мясцовыя школьнікі і работнікі культуры раёна.
Канцэртную праграму  прадоўжыла тэатралізаваная дзея, падрыхтаваная самадзейнымі артыстамі Цэнтра. Гаворка зноў ішла пра разбуральнае дзеянне на асобу чалавека алкаголю, тытуню, наркотыкаў, пра неабходнасць змагання са шкоднымі звычкамі. Завяршылася акцыя танцавальнай праграмай.
P. S. “Бармен, налей, мне грустно сегодня…”, – выводзіў невядомы спявак. “Она не может быть с одним, она будет со всеми…”, –  падхопліваў другі. “И так больно курить одну за одной…”, – працягваў трэці і гэтак далей, з 16 да 18 гадзін лілася гучная музыка з калонак, устаноўленых на ганку. Зразумела, што гэта сучасная эстрада, так званая «папса», іншага цяпер проста не спяваюць. І гледачоў забаўлялі тым, што ёсць. Але ж пры падборы музычнага суправаджэння трэба ўлічваць і тэматыку мерапрыемства.  А так атрымліваецца: 2 гадзіны прапаганды шкодных звычак, 2 гадзіны барацьбы з імі – і які  эфект, падлічыце самі. А калі ўлічыць, што на дыскатэцы яшчэ 4 гадзіны была тая ж музыка, то і зусім сумна робіцца.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №69 ад 02.09.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *