Потеряла детей за пьянками-гулянками

Общество Происшествия

Трое дзяцей засталіся без маці
Трое дзяцей засталіся без маці. І вінаваты ў гэтым ні хваробы, ні стыхійныя бедствы. Вінавата п’янства. Жанчыне яшчэ няма і трыццаці, самы час цешыцца маладосцю, песціць маленькіх дзетак, але любіць іх яна так і не навучылася. Затое аддана палюбіла гарэлку, разгульны лад жыцця.
Гэта сям’я з трыма дзецьмі была ўзята на ўлік камісіяй па справах непаўналетніх райвыканкама. Камісія неаднойчы наведвалася “ў госці”.  На жаль, такія рэйды не радавалі: то маці нецвярозая, то дзеці адны дома. “Жанчыне давалі многа шансаў на выпраўленне, –  кажа інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС А. М. Селязнёва. – Але ж нічога дома не рабілася: бруд, галодныя дзеці і п’яная мамка. Камісія па справах непаўналетніх райвыканкама вымушана была адабраць дзяцей у маці. Двухгадовага хлопчыка накіравалі ў Дом дзіцяці ў Віцебск, а пяцігадовага хлопчыка і чатырохгадовую дзяўчынку – у Обальскі прытулак”.
А маладая матуля і рада. Яна актыўна ўзялася наладжваць уласнае жыццё, пайшла жыць да жанатага мужчыны, таксама аматара спіртных напіткаў. Сумесныя п’янкі не дадалі жанчыне розуму. Яна сама сваімі паводзінамі вымусіла пайсці супрацоўнікаў РАУС на крайнія меры – хадайнічаць перад судом аб пазбаўленні жанчыны бацькоўскіх правоў.
На судзе жанчына спрабавала апраўдацца. Але апраўданняў яе паводзінам не было. Яна ні разу не з’ездзіла ў Дом дзіцяці, не пацікавілася, як жывуць яе сыны і дачка. Праўда, у Обальскім прытулку аднойчы пабывала, ды і тое не па сваёй ініцыятыве, а таму, што работнікі сацыяльна-педагагічнага цэнтра завезлі яе ў прытулак на машыне. Ну, а пра стварэнне бытавых умоў для дзяцей дома не ішла і размова. За гулянкамі жанчыне не было часу пра гэта падумаць.
Трое дзяцей тыдзень таму засталіся без маці. Вядома, дзяржава возьме на сябе клопат па догляду, дзеці будуць накормлены, абуты і апрануты. Але ж у іх не будзе галоўнага – мацярынскай пяшчоты і сямейнай утульнасці. На судзе жанчыне патлумачылі, пры якіх умовах яна можа аднавіць свае бацькоўскія правы і забраць дзяцей з прытулку. Але ці захоча яно гэта зробіць? Ці захочуць і тыя пяцёра бацькоў, якія пазбаўлены правоў у гэтым годзе ў адносінах да 12 дзяцей?
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №71 ад 10.09.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *