К 70-летию Победы. Поисково-исследовательская экспедиция «Не было безымянных солдат»

Образование Общество

На семинаре

“Не было безыменных салдат”
Віцебская вобласць выступіла ініцыятарам стварэння пошукава-даследчай экспедыцыі “Не было безыменных салдат”, прысвечанай 70-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Галоўнай задачай экспедыцыі з’яўляецца стварэнне базы дадзеных па імёнах загінуўшых воінаў.
Работа экспедыцыі стала магчымай пасля стварэння электроннай базы даных “АБД “Мемарыял” і апублікавання там мільёнаў старонак дакументаў з архіва Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі ў Падольску. База дазваляе весці пошукавую работу з выкарыстаннем арыгінальных дакументаў, якія ўтрымліваюць звесткі пра воінаў, прычыны гібелі, месцы іх пахавання.
Вялікая работа ў рамках экспедыцыі вядзецца і ў нашым раёне. Работа грамадскіх актывістаў-даследчыкаў ідзе па некалькіх накірунках. Першы з іх – “Дзе загінулі мае землякі” – наблізіўся да завяршэння. Пачынаецца другі этап – “Абеліск на карце раёна”. У ходзе гэтага этапа будуць удакладнены даныя па імёнах больш за дзесяць тысяч воінаў, пахаваных на шумілінскай зямлі.
Трэці накірунак – “Без весткі загінуўшыя” – бадай, самы складаны і цікавы, бо каб устанавіць хаця б адно імя невядомага салдата, трэба правесці сапраўднае расследаванне па дзясятках архіўных дакументаў, карт, схем, спісаў.
Работа даследчыкаў заключаецца ў тым, каб удакладніць даныя, выключыць дубліраванне прозвішчаў па розных крыніцах, устанавіць сапраўднае месца пахавання воінаў. Напрыклад, Герой Савецкага Саюза А. А. Саркісьянц лічыўся пахаваным ў в. Мішкавічы Мікалаёўскага сельсавета, але ягонае імя ёсць і на абеліску ў в. Заграмадзіна Каўлякоўскага сельсавета і ў в. Галыні Бешанковіцкага раёна.  Дзе сапраўднае месца пахавання героя – дакладна пакуль невядома.
Актывісты-даследчыкі праводзяць, без перабольшання, тытанічную працу па ўдакладненні спісаў загінуўшых воінаў. У ходзе пошуку ўдаецца знайсці новыя імёны, якіх няма ў існуючых спісах пахаваных на нашай зямлі салдат.
Уся гэтая работа праводзіцца ў рамках дзяржаўнай праграмы па увекавечанні памяці загінуўшых абаронцаў Бацькаўшчыны на 2011-2014 гады. Мэта работы – стварэнне базы даных, якая паслужыць асновай для кнігі “Памяць” Віцебскай вобласці, якую плануецца выпусціць у электронным варыянце да 70-годдзя Перамогі. Стварэнне кнігі даручана Віцебскаму абласному музею Героя Савецкага Саюза М. Ф. Шмырова.
У мінулую пятніцу на семінар сабраліся ўдзельнікі пошукава-даследчай экспедыцыі “Не было безыменных салдат” з нашага раёна. Галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Л. В. Шаўцова (аддзел выступае каардынатарам работы) падвяла вынікі работы па першым этапе экспедыцыі, у ходзе якога былі створаны спісы нашых землякоў, загінуўшых на вайне, удакладнены месцы іх пахавання. Былі пастаўлены задачы, размеркаваны аб’ём работ на новым этапе паміж даследчыкамі – настаўнікамі, работнікамі прадпрыемстваў, актывістамі грамадскіх арганізацый раёна.
Цяпер даследчыкі прыступаюць да спісаў тых воінаў, што пахаваны на тэрыторыі Шуміліншчыны. Уся работа вядзецца ў электронным фармаце, аб’ём інфармацыі, якую трэба вывучыць, вялікі, нават па адным прозвішчы. Работа патрабуе дакладнасці і ўпартасці, бо ніводнае імя воінаў, загінуўшых за свабоду і незалежнасць нашай радзімы, не павінна застацца невядомым.
У ходзе семінара падрабязна вызначылі парадак работы і афармлення вынікаў пошуку, формы стварэння электронных спісаў і іншыя рабочыя моманты. Гэтая праца дазволіць стварыць найбольш поўныя спісы і базу дадзеных савецкіх салдат, загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №73 ад 17.09.2013 г.



1 комментарий по теме “К 70-летию Победы. Поисково-исследовательская экспедиция «Не было безымянных солдат»

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *