«Бронза» Вадима Гречухина на Евразийских играх, «Игры настоящих мужчин» и другие спортивные новости

Новости Спорт, туризм

Перамога
Вадзім Грачухін на Еўраазіяцкіх гульнях, якія праходзілі на мінулым тыдні ў Казахстане, у вагавой катэгорыі 69 кг заваяваў бронзавы медаль. Рэдакцыя раённай газеты віншуе таленавітага обальскага спартсмена Вадзіма Грачухіна і яго трэнера Пятра Ганушчанку з высокім спартыўным дасягненнем і зычыць новых яскравых перамог на міжнародным узроўні.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Марафон спорту і вяселля
У мінулую пятніцу на гарадскім стадыёне прайшло спартыўна-забаўляльнае свята “Гульні сапраўдных мужчын”, прысвечанае 95-й гадавіне з дня ўтварэння камсамолу. За перамогу змагаліся мужчыны з Обальскага керамічнага завода, лясгасу, райгазу, ААТ “Лаўжанскае” і зборная каманда вуліцы Маладзёжнай.
Адкрыла праграму спартыўных спаборніцтваў лёгкаатлетычная эстафета. Пасля першых этапаў стала зразумела, што барацьба чакаецца напружаная: спартсмены добра падрыхтаваліся і ўсяляк імкнуліся даказаць, што менавіта ў іх камандзе самыя моцныя мужчыны. У выніку пераможцамі на першым этапе фэсту стала каманда вуліцы Маладзёжнай, дапоўнілі прызавую тройку лёгкаатлеты з ОКЗ і “Лаўжанскага”.
Далей удзельнікаў свята чакала спартыўнае мнагабор’е: гіравы спорт, армрэслінг, падцягванне. Лепш за ўсіх з гэтай задачай справілася зборная вуліцы Маладзёжнай, другімі сталі мужчыны з ОКЗ, трэцімі – з “Лаўжанскага”.
Якія ж  могуць быць “Гульні сапраўдных мужчын” без спаборніцтваў канатчыкаў? Заўсёды перамога ў гэтым відзе спорту лічылася вельмі прэстыжнай. І на гэты раз канатчыкі апраўдалі самыя смелыя чаканні наконт напружанай барацьбы. Першае месца “вырвалі” лясгасаўцы, неблагія вынікі ў асілкаў з вуліцы Маладзёжнай і “Лаўжанскага”.
Пасля гэтых трох этапаў камандам прадстаяла паўдзельнічаць у жартоўных стартах. Першае выпрабаванне – “гусеніца”.  Відаць, удзельнікі падчас праходжання “гусеніцай” мала задумваліся пра добрыя хвіліны на фінішы, галоўнае ж было проста дабрацца, дапаўзці да фінішу. Чаго-чаго, а станоўчых эмоцый і смеху атрымалі ўсе прысутныя на стадыёне. Па выніках конкурсу высветлілася, што самая хуткая “гусеніца” была ў хлопцаў з ААТ “Лаўжанскае”, у “гусеніц” з вуліцы Маладзёжнай і Обалі адпаведна другое і трэцяе месцы.
Завяршыла праграму свята жартоўная эстафета. Мужчынам неабходна было бегчы са скакалкай, скакаць у мяшках, пераносіць вёдры вады, ганяць венікам тэнісны мячык. Зразумела, што сапраўдным мужчынам гэтыя этапы не здаліся занадта складанымі і яны з імі цудоўна справіліся. Прызавая тройка наступная: першае месца – ОКЗ, другое – “Лаўжанскае”, трэцяе – райгаз.
Паміж спартыўнымі конкурсамі падымалі і без таго добры настрой работнікі культуры добрымі канцэртнымі нумарамі.
На ўрачыстым закрыцці свята намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў павіншаваў удзельнікаў з годным выступленнем на мерапрыемстве. Анатоль Мікалаевіч уручыў дыпломы пераможцам і прызёрам этапаў спартыўна-забаўляльнага фэсту. Сёлета пераможцамі “Гульняў сапраўдных мужчын” стала зборная вуліцы Маладзёжнай (Алег Асташонак, Яўген Асташонак, Дзмітрый Ананьеў, Яўген Дубатаў, Іван Бярэднікаў і Андрэй Барадаўка). Другое месца ў каманды з ААТ “Лаўжанскае”, трэцяе – у ОКЗ.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
У шумілінскай каманды – другое месца
16-17 верасня адбылося першынство Віцебскай вобласці па лыжаролернаму кросу.
У першы дзень юныя спартсмены выступалі на лыжаролерах. На жаль, выступленні юных біятланістаў, што абаранялі гонар раёна, былі не вельмі ўдалымі. Яно і зразумела, бо лыжаролернай трасы, каб мацаваць майстэрства і адпрацоўваць тэхніку, у нашым раёне няма. На дыстанцыі 7,5 км Уладзіслаў Васільеў (група 1996-1997 г. н.) заняў 5 месца. На дыстанцыі 5 км у групе 1998-1999 г. н. Вольга Гаўрылкіна прыйшла чацвёртай.
На другі дзень беглі крос: юнакі – 5 км, дзяўчаты – 3 км. Тут нашы спартсмены паказалі добрыя вынікі: Уладзіслаў і Вольга занялі першыя месцы, Кацярына Маслюкова прыбегла чацвёртай. Адзначым і Алега Сабалеўскага (2002 г. н.), які заняў сёмае месца (ў групе 2000 г. н. і менш) ва ўпартай барацьбе з больш старэйшымі сапернікамі.
Па выніках двух дзён спаборніцтваў каманда Шумілінскага раёна заняла другое месца, саступіўшы толькі спартсменам з Гарадка.
Сяргей ПАЎЛАЎ.
Сезон адкрыты
Сезон у юных барцоў па грэка-рымскай барацьбе традыцыйна адкрываецца турнірам у Талачыне. На турніры паспяхова выступілі обальскія спартсмены, якіх трэніруе Пётр Ганушчанка. Ягор Ганушчанка ў вагавой катэгорыі 47 кг заваяваў першае месца, Дзмітрый Кучмароў (вагавая катэгорыя 47 кг) і Яўген Грачухін (вагавая катэгорыя 59 кг) заваявалі трэція месцы.
Алесь СЛАВІН.
Ва ўпартай барацьбе 1:2
У нядзелю  ФК “Шуміліна” правёў апошнюю гульню ў сезоне. Дома нашы футбалісты прымалі гарадоцкі “Прамень”.
На жаль, нашы ва ўпартай барацьбе прайгралі Гарадку 1:2 (з пенальці вызначыўся Ігар Дашкевіч). Пасля фінальнага свістка шумілінскія балельшчыкі стоячы пад апладысменты і воклічы “Ма-лай-цы” дзякавалі футбалістам за выдатны сезон.
Алесь САКАЛОЎ.
Надрукавана ў №75 ад 24.09.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *