На сессии районного Совета депутатов рассмотрены вопросы развития малого предпринимательства

Актуалии Власть

Прадпрымальнікі адзначылі спрыяльны клімат для развіцця бізнэсу
20 верасня адбылася чарговая 36-я сесія раённага Савета дэпутатаў. Дэпутаты разгледзелі ход рэалізацыі ў раёне Праграмы дзяржаўнай падтрымкі малога прадпрымальніцтва, Закона Рэспублікі Беларусь “Аб рэкламе”, абмеркавалі іншыя пытанні.
У рабоце сесіі прынялі ўдзел старшыня раённага выканаўчага камітэта У. П. Куранны і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь У. У. Шыцько.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава, адкрываючы пасяджэнне, падкрэсліла актуальнасць вынесеных на парадак дня пытанняў, адзначыла стабільную дынаміку росту суб’ектаў прадпрымальніцтва, іх важкі ўклад у экано-міку раёна. Так, за 8 месяцаў бягучага года ўдзельная вага паступленняў у бюджэт ад прадпрыемстваў малога бізнэсу і індывідуальных прадпрымальнікаў склала 54,1%.
Намеснік старшыні райвыканкама В. В. Доктараў прааналізаваў ход рэалізацыі ў раёне Праграмы дзяржаўнай падтрымкі малога прадпрымальніцтва на 2011–2015 гады. Пра тое, што названая Праграма дзейнічае і прыносіць плён, сведчаць прыведзеныя дакладчыкам лічбы:
На 1 студзеня 2011 года ў раёне ажыццяўлялі сваю дзейнасць 58 мікра- і малых арганізацый, 202 індывідуальныя прадпрымальнікі.
На 1 верасня 2013 года ў раёне працуюць 117 суб’ектаў малога прадпрымальніцтва, 222 індывідуальныя прадпрымальнікі.
Выручка ад рэалізацыі тавараў (прадукцыі, работ, паслуг) камерцыйных арганізацый за 2012 год склала 249 мільярдаў рублёў, што ў 1,8 раза больш, чым за 2011год; рэнтабельнасць продажаў забяспечана на ўзроўні 3,5%, чысты прыбытак склаў 5,2 мільярда рублёў.
За 8 месяцаў бягучага года ў бюджэт ад суб’ектаў малога прадпрымальніцтва паступіла 43 мільярды 134,6 мільёна рублёў (188,7% да ўзроўню 2012 года).
У 2013 годзе на прадпрыемствы малога бізнэсу прыходзіцца 87% экспарту паслуг, забяспечана станоўчае сальда знешняга гандлю паслугамі ў аб’ёме 126,1 тысячы долараў ЗША.
За студзень – жнівень 2013 года ў раёне створана 68 новых рабочых месцаў, 19 з іх – суб’ектамі малога бізнэсу.
Начальнік  інспекцыі па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Шумілінскім раёне А. С. Мужава прывяла такую лічбу: у Шумілінскім раёне на 1 тысячу жыхароў прыходзіцца 18 прадпрыемстваў малога бізнэсу, па вобласці – 29.  Ёсць куды расці. Тым не менш больш за 43 мільярды рублёў, якія паступілі сёлета ад малога бізнэсу ў бюджэт, – лепшы вынік па вобласці.
Пра субсідыі беспрацоўным на развіццё прадпрымальніцкай дзейнасці, а таксама пра пазыкі ўжо працуючым прадпрыемствам малога бізнэсу расказала намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Л. І. Жукава.
Прадстаўнікі малога бізнэсу: В. М. Буланаў – дырэктар “Шумілінскай транспартнай кампаніі” і індывідуальны прадпрымальнік  А. П. Дземянцей падзяліліся вопытам сваёй работы, адзначылі спрыяльны клімат у раёне для развіцця прыватнай дзелавой ініцыятывы.
Тым не менш на сесіі было адзначана, што прадстаўнікоў малога бізнэсу сёння чакаюць такія сферы дзейнасці, як вытворчасць, прыдарожны сэрвіс, гасцінічны бізнэс, медыцынскія, бытавыя і транспартныя паслугі, фізічная культура і іншыя. Было б жаданне працаваць.
Другім пытаннем дэпутаты разгледзелі работу, якая праводзіцца ў раёне па развіцці рэкламнай дзейнасці і рэалізацыі Закона Рэспублікі Беларусь “Аб рэкламе”. З інфармацыяй па пытанні выступіў намеснік старшыні райвыканкама А. П. Быкаў. Ён спыніўся на неаспрэчнай значнасці рэкламы для развіцця любога віду дзейнасці. Рэкламаванне сваёй прадукцыі і паслуг у нашым раёне пакрысе набірае абароты, але далёка не ўсе ў поўнай меры ўсведамляюць карысць рэкламы. Той жа, хто разумее гэта і ідзе ў нагу з часам, ужо мае плён ад рэкламы.
Дырэктар “Шумілінарайгазу” С. А. Дзмітрыенка расказаў, напрыклад, што за 2012 год прадпрыемства патраціла на рэкламу тавараў і паслуг звыш паўтара мільёна рублёў, каля 1300 тысяч – сёлета. Выдаткі хутка акупіліся, падкрэсліў ён. Так, пасля ўстаноўкі наддахавай рэкламы і рэкламнага ўказальніка ў прыдарожным кафэ “Метан” колькасць наведвальнікаў павялічылася на 80%.
Яшчэ адно актуальнае пытанне, якое было разгледжана на сесіі, тычылася экалагічнага становішча раёна. 29 чэрвеня 2012 года райсаветам было прынята рашэнне “Аб стане экалагічнага становішча раёна і мерах па яго паляпшэнні”. Інфармацыю аб ходзе выканання рашэння прадставіў начальнік райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Г. М. Кісялевіч (на тэме экалагічнага становішча Шуміліншчыны газета больш падрабязна спыніцца ў бліжэйшых нумарах газеты).
Пасля заканчэння сесіі перад дэпутатамі і запрошанымі выступіў У. П. Куранны. Асноўная тэма гаворкі – выкананне раёнам прагнозных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця за 9 месяцаў.
Перад шырокай аўдыторыяй па выкананні Дэкрэта № 18 выступіў намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №75 ад 24.09.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *