Маштабнае мерапрыемства

Президент

Сёння ў нашым раёне праходзіць маштабнае мерапрыемства — выязное пасяджэнне прэзідыума абласнога Савета дэпутатаў з удзелам старшынь гарадскіх і раённых Саветаў вобласці. Ганаровыя госці пазнаёмяцца з нашым прыгожым краем, пабываюць на прадпрыемствах і ў арганізацыях раёна і, безумоўна, абмяняюцца вопытам.
Ірына НОВІКАВА:
“Разумеем сваю адказнасць перад людзьмі”
Шумілінскаму раённаму Савету дэпутатаў на чале з Ірынай Мікалаеўнай Новікавай ёсць што расказаць і паказаць калегам. У тым ліку і па выкананню Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 21 “Аб павышэнні ролі органаў мясцовага кіравання і самакіравання ў вырашэнні пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва”. Менавіта аб гэтым мы і гутарым напярэдадні прыезду гасцей.
— Ірына Мікалаеўна, для чаго па-трэбны быў гэты дакумент, што ён змяніў у жыцці радавога сельскага Савета?
— Зараз, праз тры гады з моманту прыняцця Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 21 “Аб павышэнні ролі органаў мясцовага кіравання і самакіравання ў вырашэнні пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва”  можна з упэўненасцю сказаць, што дзякуючы гэтаму дакументу значна ўзраслі роля і значэнне мясцовых Саветаў.
Безумоўна, і да прыняцця Указа органы пярвічнага ўзроўню працавалі з насельніцтвам, але заставалася шмат жыццяважных пытанняў, не ўрэгуляваных законам. А гэта і вуліцы, і дарогі, і водазабеспячэнне, ды і сам статус старшынь сельскіх выканаўчых камітэтаў, органаў пярвічнага ўзроўню ў цэлым.
— Скажыце, калі ласка, як гэтыя новаўвядзенні адбіліся на фарміраванні бюджэту пярвічнага ўзроўню, на магчымасцях вырашаць надзённыя пытанні людзей?
— У аснову Указа закладзены новыя прынцыпы па фарміраванню і выкарыстоўванню бюджэту пярвічнага ўзроўню, дзякуючы якім зараз даходная частка бюджэтаў сельвыканкамаў даходзіць да 70% і вышэй, супраць ранейшых 10%. Змяненне структуры даходаў пярвічнага ўзроўню  накіравана на фарміраванне рэальнай зацікаўленасці сельскіх Саветаў у развіцці сваіх тэрыторый.
Зараз у структуры даходаў 20 даходных крыніц. Найбольшую ўдзельную вагу ў агульнай суме даходаў (62,6%) складае падаходны падатак. Базай для налічэння з’яўляюцца аб’екты інфраструктуры ўстаноў адукацыі, аховы здароўя, культуры, сельгаспрадпрыемствы, размешчаныя на тэрыторыі сельсаветаў. Да іншых даходных крыніц адносяцца падаткі на зямлю, нерухомасць, на незавершанае будаўніцтва і іншыя.
– Яшчэ зусім нядаўна старшыня сельвыканкама не меў камп’ютара, не мог дабрацца да аддаленай вёскі.  Відавочна, што Указ адбіўся і на ўмовах работы органаў пярвічнага ўзроўню ўлады?
– Трэба адзначыць, што з моманту прыняцця Указа значна ўмацавалася і матэрыяльна-тэхнічная база сельскіх Саветаў. Так, сёння ўсе сельскія Саветы маюць аўтамабілі, забяспечаны аргтэхнікай, камп’ютарнымі праграмамі, ва ўсіх сельвыканкамах працуе электронная пошта і пошта дзяржаўных органаў. Праводзіцца рамонт будынкаў сельскіх Саветаў. За тры гады на гэтыя мэты выкарыстана 579,9 мільёна рублёў.
З бюджэту пярвічнага ўзроўню робяцца і выплаты старэйшынам. Аб-грунтаваннем для выплаты з’яўляецца рашэнне сельскага выканаўчага камітэта, якое прымаецца па выніках комплекснай ацэнкі дзейнасці старэйшын. Для гэтай мэты ў абласным бюджэце штогод прадугледжваюцца сродкі. Так, у мінулым годзе па нашым раёне прадугледжвалася сума ў памеры 41 мільён рублёў, сёлета — 38 мільёнаў.
— Асобным радком  у даходнай частцы бюджэтаў — пазабюджэтныя фонды. 500 рублёў ці 20 тысяч ахвяраваць на агульныя справы — рашае кожны. А ў якія сумы гэта выліваецца па раёне?
— За 2008-2009 гады паступіла 40,3 мільёна рублёў добраахвотных узносаў, у тым ліку па сельскіх  Саветах — 17,4 мільёна, па райцэнтры — 22,9 мільёна рублёў. Хаця па шэрагу сельскіх Саветаў не вырашаны пытанні па выкарыстанню гэтых сродкаў, не ўсюды вядуцца справаздачы перад насельніцтвам аб выкананых работах.
— Адзін з асноўных накірункаў дзейнасці сельскіх Саветаў — навядзенне і падтрыманне парадку на падведамаснай тэрыторыі. Як заўсёды, у сельвыканкамаў тут шэраг нявырашаных праблем. І зноў жа на дапамогу прыходзіць дзяржаўнае рэгуляванне?
— З гэтага года праз артыкул “добраўпарадкаванне” фінансуюцца расходы па ўтрыманню вуліц сельскіх населеных пунктаў, якія ў адпаведнасці з Указам №21 на падставе рашэння аблвыканкама №725 “Аб перадачы вуліц сельскіх населеных пунктаў” і рашэння райвыканкама №726 “Аб перадачы дарог сельскіх населеных пунктаў Шумілінскага раёна” перададзены на баланс унітарнага прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Гэта дазволіла вырашыць дзве галоўныя задачы: вызначыць балансаўтрымальніка  вуліц сельскіх населеных пунктаў; прадугледзець фінансаванне. У раёне праведзена інвентарызацыя сістэм водазабеспячэння і водаадвядзення сельскіх населеных пунктаў, прынятае рашэнне аб перадачы водаправодных сетак усіх 82 населеных пунктаў, што маюць водаправод, на баланс УП ЖКГ, а таксама 109 з 1297 шахтавых калодзежаў.
— Сваю станоўчую ролю ў працэсе навядзення парадку на зямлі адыграў і вядомы Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №70?
— Безумоўна. З пачатку дзейнасці Указа ў раёне знесена 645 непрыдатных да эксплуатацыі жылых пабудоў.
Але хачу адзначыць, што не ўсё гладка ў нашым жыцці, у якім шмат яшчэ праблем. На іх рашэнне і накіравана работа па ўзаемадзеянню органаў мясцовага кіравання і самакіравання базавага і пярвічнага ўзроўняў нашага раёна. Разумеем сваю адказнасць перад людзьмі. Яны не павінны быць заложнікамі нявырашаных праблем. На аснове ўзаемадзеяння органаў выканаўчай і прадстаўнічай улады пастаянна працуем, каб задзейнічаць усе магчымыя рэзервы для вырашэння пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва.
Падрыхтавала Аліна ПЯТРОВА.
Фото Новікова



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *