Координационный совет по борьбе с преступностью и коррупцией прошёл в Шумилино

Актуалии Президент

Каб не дапусціць росту злачыннасці
18 кастрычніка ў малой зале пасяджэнняў Дома Саветаў пад старшынствам пракурора раёна Я. Ю. Гуляева прайшла каардынацыйная нарада па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй. Удзел у мерапрыемстве прыняў кіраўнік раёна У. П. Куранны.  У ходзе работы быў прааналізаваны стан спраў у раёне па прафілактыцы злачыннасці і па барацьбе з карупцыяй. У абмеркаванні ўдзельнічалі таксама намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў, старшыні сельскіх Саветаў, прадстаўнікі праваахоўных органаў, кіраўнікі прадпрыемстваў.
Пракурор раёна найперш выказаў занепакоенасць тэндэнцыяй росту злачыннасці. За гэты год у раёне былі здзейснены два забойствы і адзін замах на жыццё; у два разы больш, чым летась, зафіксавана цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў (17 супраць 8); расце ўдзельная вага рэцыдыўнай злачыннасці (па гэтым паказчыку наш раён займае другое месца ў вобласці); намнога вышэй сярэднеабласнога і паказчык “п’янай” злачыннасці.
“Калі сёння не ўзяць сітуацыю пад самы пільны кантроль, то па выніках года мы будзем мець рост злачыннасці”, – робіць несуцяшальныя прагнозы Я. Ю. Гуляеў. У сувязі з гэтым узнікла шмат пытанняў да работы дабравольных дружын, якія часцей за ўсё створаны на прадпрыемствах “дзеля птушачкі” і не выконваюць абавязкаў па ахове грамадскага парадку, да работы старэйшын, саветаў грамадскіх пунктаў аховы парадку, наглядальнай камісіі і іншых структур.
Не менш нараканняў у свой адрас атрымала і міліцыя, асабліва ў сувязі з выкананнем Дэкрэта №18. Намеснік начальніка РАУС І. А. Шаціла прычыну бачыць у сур’ёзным недакамплекце работнікаў. Асабліва востра на сёння стаіць сітуацыя з участковымі інспектарамі, двое з якіх зусім нядаўна звольніліся. Моладзь не вытрымлівае нагрузкі і ідзе шукаць іншае месца працы, таму і спадзявацца сёння можна толькі на тых, хто аддаў службе 10 год і болей.
Кіраўнік раёна У. П. Куранны патрабаваў ад міліцыі больш смелага выкарыстання сваіх паўнамоцтваў па ахове парадку. Не трэба дапускаць, каб дэкласаваныя элементы ставілі ўмовы і не падпарадкоўваліся ўладам. Што датычыцца кадраў, дык іх недахоп не знімае адказнасці і не змяншае аб’ём работы. “Ідзіце ў школы, наладжвайце сустрэчы, дэманструйце прывабнасць і пачэснасць службы ў міліцыі”, – раіў Уладзімір Пятровіч.
Не раз у ходзе мерапрыемства гучала думка пра тое, што на добрыя вынікі можна разлічваць толькі, калі будзе наладжана ўзаемасувязь паміж суб’ектамі прафілактыкі. На справе часта аказваецца так, што, скажам, вяртаецца з турмы чалавек, жыве на тэрыторыі сельсавета, а старшыня сельсавета пра гэта нічога не ведае, а значыць, не займаецца кантролем і прафілактыкай. Не паведамляюцца ў Саветы і адноўленыя звесткі пра колькасць здзейсненых злачынстваў, што таксама замінае прафілактычнай рабоце.
Пра гэта гаварыў старшыня Светласельскага сельвыканкама В. В. Шчарбакоў. Справаздачу аб рабоце па прафілактыцы злачыннасці трымалі прадстаўнікі і іншых сельсаветаў.
Было дадзена слова кіраўнікам прадпрыемстваў, дзе выяўлены факты крадзяжу работнікамі. Кіраўнік раёна і пракурор упэўнены, што такая сітуацыя можа быць вынікам нізкай дысцыпліны на прадпрыемствах. Гэта датычыцца ПМС, ОКЗ і лясгасу. Кіраўнікі гэтых прадпрыемстваў  далі тлумачэнні і запэўнілі, што сітуацыя пад кантролем. “Гэтыя лейцы трэба заўжды трымаць напятымі” – выказаўся Яўген Юр’евіч адносна дысцыпліны.
А наогул заявіў усім прысутным, што калі трэба дапамога ці садзейнічанне, то ён гатовы адрэагаваць на любы званок. Пракурор упэўнены, што добра наладжаная работа па прафілактыцы дазваляе істотна знізіць узровень злачыннасці.
Гаварылі і пра карупцыю, пра тое, што зноў жа недапрацоўваюць праваахоўныя органы ў выяўленні злачынстваў такога характару. Уявіць, што раён “чысты” ў плане карупцыі – складана.
Па выніках абмеркавання было прынята рашэнне.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №83 ад 22.10.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *