Да 90-годдзя з дня ўтварэння раёна. Чытаючы старыя газеты

Край шумілінскі

Несатлелая  памяць
Не тлеюць газеты. Нават калі яны доўга ляжаць недзе на паддашку ці  загорнутыя ў мешкавіну ў зямлі. Лішні раз пацвердзіў гэтую думку Аляксандр Пятровіч Барысевіч, які не так даўно пераехаў жыць у в. Прыазёрная. Разбіраў ён печы ў хаце, якую купіў, рабіў рамонт і на паддашку, якраз наўкруг коміна, там і раскапаў кіпы газет. Яны былі схаваны пад спрасаваным за гады пластам кастры.
– Дапамагалі мне ў рамонце мужчыны, – расказваў А. П. Барысевіч. – Я позна спахапіўся: некаторыя газеты яны парвалі, не думаючы, што гэта наша гісторыя. А вось раёнка захавалася.  І два нумары газеты “Правда”.
Трымаю ў руках нумар газеты “Запаветы Ільіча” (у той час такую назву мела газета “Герой працы”), датаваны 7 чэрвеня 1957 года. Газета не стлела, хаця з бурымі плямамі ад падцёкаў, з абгарэлымі і парванымі краямі. Уверсе, над газетным лагатыпам, напісана алоўкам “Самсонава”. Гэта гаспадыня, якая выпісвала раённую газету. Наклад газеты тады быў 1500 асобнікаў, і каштаваў асобнік 15 капеек. Выходзіла газета тройчы на тыдзень. У нумары за пятніцу 7 чэрвеня справа ад лагатыпу – кідкая інфармацыя: “Калгасы Сіроцінскага раёна выканалі паўгадавы план здачы малака і мяса”.   Менавіта Сіроцінскага, бо Шумілінскім раён стаў праз чатыры гады.
Злева на першай старонцы – заклік разгортваць нарыхтоўку кармоў. Прыблізна так, як і зараз. А розніца ў тым, што ў зводцы пра ход нарыхтоўкі і вывазкі ўгнаенняў, завярстанай знізу, налічваем ажно 37 калгасаў, 3 МТС. Сярод перадавых – калгас “Рассвет” (вёска Клётчына).  Тут і з вывазкай торфу справы ладзіліся, і з вытворчасцю малака і мяса (пра гэта сведчыць зводка на развароце). І тады, у далёкім 57-ым, у калгасе “Рассвет” за 5 месяцаў на карову надаілі 1075 кілаграмаў малака. За год выходзілі на лічбу ў 2,5 тысячы. Сёння, амаль праз 60 гадоў, з нашымі тэхналогіямі і селекцыяй, такіх кароў трымаць проста злачынна. А тады гэта былі рэкорды.
Дарэчы, у в. Клётчына, мяркуючы па зводцы, было тры калгасы. Можа, і больш – толькі тры пазначаны ў дужках, што ў  в. Клётчына. Некалькі гаспадарак было ў вёсках Лескавічы, у Дабеі, Мішневічах.
Не абыходзілася ў нумары, вядома, без палітыкі. На першай старонцы ладнае месца адведзена артыкулу пад назвай “Па Савецкаму Саюзу”, у якім адзначаецца, што Ленінград святкуе 250-годдзе з дня заснавання, падаецца інфармацыя пра тое, што Старшыня Савета Міністраў СССР Н. А. Булганін і член Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР М. С. Хрушчоў адправіліся па запрашэнні  прэзідэнта Фінляндыі ў Хельсінкі. А  за дзень да гэтай падзеі ў Вялікім тэатры ў Маскве адбыўся заключны канцэрт ў рамках дэкады татарскага мастацтва і літаратуры.
На развароце газеты ёсць некалькі адметных заметак. Хаця б вось гэтая, з загалоўкам “З якіх жа сродкаў?” Прыводзім яе даслоўна, вядома, з папраўкай на сучасную арфаграфію: “Нядаўна ў калгасе імя Хрушчова (Першы сакратар ЦК КПСС жывы, але ягоным імем называюць калгас. – Аўт.) Сіроцінскага сельсавета захварэла даярка Марыя Емяльянава. Кіраўнікі сельгасарцелі даручылі даіць кароў яе групы Кацярыне Асіпенка, якая адвозіць малако на зліўны пункт і з’яўляецца калгасным паштальёнам. Даіць кароў у абед яна не магла, а гэта прывяло да зніжэння надояў малака.
Каб пазбегнуць гэтага, заатэхнік калгаса Свечкін знайшоў выхад – наняў калгасніцу Еўдакію Іванову, якой вырашана выплачваць па 20 рублёў за дзень. Цікава, з якіх сродкаў калгас будзе выплачваць грошы тав. Івановай?” Подпіс “С. Паўлаў”.
Паразважаем крыху. Даярка за дзень атрымлівае 20 рублёў. На той час  гэта былі вялікія грошы. Вялікія, бо падпісацца на раённую газету на цэлы квартал каштавала ўсяго 5 рублёў 85 капеек. А яшчэ – выклікае павагу тое, што ў заметцы прама, без хітрыкаў называюцца прозвішчы ўсіх дзеючых асоб. Як і ў сатырычным артыкуле пад назваю “Вочкаўцірацелі і іх пакравіцелі”. Даруем аўтару якасць перакладу з рускай мовы, адзначым жа    выкрывальніцкі характар публікацыі.
Чытаючы газеты “Запаветы Ільіча” і “Правда” (адпаведна за 7 і 6 чэрвеня 1957 года), прыходзіш да думкі (асабліва з інтэрв’ю, якое даў М. С. Хрушчоў галоўнаму рэдактару японскай газеты “Асахі-Сімбун” і змешчаным у галоўнай газеце камуністаў краіны), што разгараліся нежартоўныя палітычныя  спрэчкі і непаразуменні з ЗША. Пацвярджэннем гэтай думкі гучыць заклік (сёння ў яго вельмі іранічны падтэкст):  “У бліжэйшыя гады дагонім ЗША па вытворчасці мяса, малака і масла на душу насельніцтва!”
Чытаў газеты Мікалай МАРОЗ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *