Новогодняя акция «Наши дети»

Актуалии Образование

НА СВЯТА – У СТАЛІЦУ…
1750 дзяцей з усіх гарадоў і раёнаў нашай краіны сустрэнуць свята на  галоўнай ёлцы Беларусі ў Палацы Рэспублікі.
Як паведамілі ў аддзеле адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, з нашага раёна ў Мінск адправяцца сёлета тры дзяўчынкі – Афанасьева Валерыя (6 клас Шумілінскай СШ №1), Разуменка Анастасія (8 клас Мішкаўскай д/с-БШ) і Ермаловіч Карына (8 клас Кардонскай д/с-СШ). Усе дзяўчынкі выдатна вучацца, актыўна ўдзельнічаюць у грамадскім жыцці школы, яны з’яўляюцца ўдзельнікамі, пераможцамі ці прызёрамі розных конкурсаў, алімпіяд міжнароднага, рэспубліканскага, раённага ўзроўню.
У сталіцы іх чакаюць два незабыўныя дні: 26 снежня – знаёмства са славутымі мясцінамі Мінска, культурная праграма, а 27 снежня адбу-дзецца сустрэча з Дзедам Марозам.
… І Ў ВІЦЕБСК
Дабрачынная ёлка ў Віцебску пройдзе 27 снежня. На яе па традыцыі запрашаюцца пераможцы прадметных алімпіяд, творчых конкурсаў, спартыўных спаборніцтваў, грамадскія актывісты, а таксама дзеці-сіроты, дзеці, якія засталіся без бацькоўскай апекі, дзеці са шматдзетных і малазабяспечаных сем’яў, дзеці-інваліды.
У складзе шумілінскай дэлегацыі 25 вучняў з Обальскай, Мікіціхінскай, Башнёўскай, Мішневіцкай сярэдніх школ, Слабадской, Амбросавіцкай і Кардонскай дзіцячых садоў-сярэдніх школ, Навікоўскай, Язвінскай, Лаўжанскай дзіцячых садоў-базавых школ, шумілінскіх СШ №1 і СШ №2, раённай гімназіі.
У абласным цэнтры дзяцей чакае цікавае навагодняе прадстаўленне, сустрэча з галоўнымі святочнымі персанажамі – Дзедам Марозам і Снягуркай, мора ўражанняў і салодкія падарункі.
РАЁННАЯ ДАБРАЧЫННАЯ ЁЛКА
У Шуміліне традыцыйная дабрачынная ёлка пройдзе таксама 27 снежня. У гарадскім Доме культуры для дзяцей падрыхтавалі цікавую святочную праграму, а раённы бюджэт выдаткаваў больш за 16 мільёнаў рублёў на салодкія падарункі для ўдзельнікаў свята. Усяго запрошана на раённую ёлку больш за 300 дзяцей.
Дарэчы, не застануцца без падарункаў і дзеці, якія знаходзяцца на стацыянарным лячэнні ў Шу-мілінскай ЦРБ. Святочную праграму для іх рыхтуюць раённая арганізацыя ГА “БРСМ” і вучні Шумілінскай СШ №1.
ДАРЫЦЬ ДАБРО ДЗЕЦЯМ
Не пакінуць без увагі дзяцей, якія ў святочныя дні апынуліся ў сацыяльным прытулку, стала добрай традыцыяй. Каб ніводнае дзіця не засталося без свята і без навагодніх падарункаў, прадстаўнікі многіх арганізацый і прадпрыемстваў раёна, прадпрымальнікі, проста добрыя людзі накіроўваюцца ў прытулак з падарункамі.
Многія не чакаюць запрашэння і самі адпраўляюцца ў прытулак з дарамі. Так, кожнаму з 8 дзяцей, што там знаходзяцца зараз, прынёс салодкія падарункі обальскі прадпрымальнік І. В. Пазднякоў, шэраг арганізацый раёна падпісалі ў прытулак дзіцячыя часопісы і газеты. Але большасць гасцей з падарункамі чакаюць тут 30 снежня, калі ў 15.00  пачнецца навагодні вечар.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №100 ад 24.12.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *