Топят жизнь в «черниле»

Общество Президент

Топяць жыццё ў “чарніле”
На мінулым тыдні адбылося чарговае пасяджэнне савета грамадскага пункту аховы парадку пад кіраўніцтвам намесніка старшыні райвыканкама А. М. Зайцава. На пасяджэнне запрашаліся парушальнікі грамадскага парадку, асобы, прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці, адказныя асобы і іншыя грамадзяне, схільныя да правапарушэнняў.
Такіх у спісе было больш за 40 чалавек. Прычым узрост ці пол асобы не мае значэння, сюды трапляюць мужчыны і жанчыны, 20- і 70-гадовыя. І ў пераважнай большасці выпадкаў гэта тыя, хто злоўжывае алкаголем і здзяйсняе свае ганебныя ўчынкі ў п’яным выглядзе. Менавіта гарэлка ды віно правакуюць самыя прыкрыя паводзіны, адкрываюць негатыўныя рысы характару чалавека.
Малады хлопец выпіў на дзень нараджэння з сябрамі, ішоў дамоў, здалося мала, зайшоў у магазін, каб дадаць півам, але прадавец, у адпаведнасці з правіламі, адмовіла ў продажы алкаголю, а калі хлопец пачаў сварку, выклікала міліцыю. Вынік зразумелы: штраф, а за супраціўленне міліцыі пагражае крымінальная справа.
Сталы мужчына напіўся і ўчыніў скандал маці, якая была вымушана выклікаць міліцыю. Раней адбыў год у ЛПП, трымаўся год, потым пачаў піць. Калі трапіць яшчэ ў пьяным выглядзе, зноў можа быць накіраваны ў ЛПП. Дарэчы, такіх “храбрых” нападпітку скандалістаў было некалькі. З кожным гутарылі, кожны атрымаў папярэджанне, што паўторна такія паводзіны цягнуць за сабой больш жорсткія меры з боку праваахоўных органаў.
Яшчэ адзін, можна казаць “штатны” наведвальнік, бо трапляе на год па некалькі разоў за тое, што п’яны бадзяецца па грамадскіх месцах, выпрошвае грошы на чарговую бутэльку. Нідзе не працуе апошнія некалькі гадоў, хаця мае даволі дэфіцытную спецыяльнасць муляра-печніка і мае доўг па штрафах. Нарэшце афармляе пенсію па ўзросце, цяпер штрафы з яго будуць утрымліваць з пенсіі.
Было некалькі вадзіцеляў, якіх затрымалі за рулём ў нецвярозым стане. Шклянка гарэлкі псуе лёс чалавека: яны губляюць правы кіравання аўтатранспартам на тры гады, павінны заплаціць штраф у памеры 10 мільёнаў – адарваць ад сям’і далёка не лішнія грошы. Міжволі ўзнікае думка: “Няўжо тое “чарніла” вартае такіх страт?”
І так бясконца: “знаходзіўся п’яны ў грамадскім месцы”, “знаходзіўся п’яны на рабоце”…
Члены савета кагосьці толькі саромелі, бо бачна, што чалавек сам перажывае, а з кімсьці складалі жорсткую гутарку, папярэджвалі пра больш строгія меры адказнасці, пра крымінальнае пакаранне, бо адчувалася, што чалавек не імкнецца працаваць, не імкнецца неяк выправіць сваё жыццё.
***
На пасяджэнне наглядальнай камісіі былі запрошаны асобы, якія вызваліліся з месцаў пазбаўлення волі і зараз знаходзяцца пад прэвентыўным наглядам у РАУС.
З кожным праведзена грунтоўная гутарка, каб высветліць адносіны чалавека да працы, да планаў на будучае жыццё.
Маладая жанчына вызвалілася пасля зняволення, жыве ў адной з аддаленых вёсак раёна. Па яе словах, гатовая працаваць, але не можа знайсці працу. Анатоль Мікалаевіч Зайцаў адразу ж тэлефануе кіраўніку гаспадаркі, цікавіцца наконт працоўнага месца, і такое знаходзіцца. Хочацца верыць, што жаданне працаваць у маладзіцы шчырае і яна сапраўды будзе сумленна зарабляць на жыццё.
Яшчэ адна жанчына. Таксама вызвалілася. Але няма ні пашпарта, ні іншых дакументаў. Ёй таксама падказваюць крокі, якія патрэбны, каб аднавіць дакументы, атрымаць жыллё, матэрыяльную дапамогу, работу.
Такія ж рашэнні прапануюць і яшчэ некалькім грамадзянам, якія апынуліся ў маргінальным стане.
А вось калі ў чалавека не бачна жадання працаваць, неяк выправіцца, то і размова іншая: узмацніць кантроль, а будзе ўхіляцца ад работы, піць-гуляць –адправіць зноў за краты, калі там яму спадабаецца больш.
Наогул работа савета грамадскага пункта аховы парадку, як і наглядальнай камісіі, скіравана на прафілактыку правапарушэнняў, на дапамогу такім асобам, каб яны мелі магчымасць выправіць свае паводзіны, весці нармальнае, прыстойнае жыццё.
Сяргей ПАЎЛАЎ.
Надрукавана ў №102 ад 31.12.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *