В Шумилинском районе начались выселения за долги по квартплате

Общество

Высяленне
У новым Жыллёвым кодэксе Рэспублікі Беларусь, які ўступіў у дзеянне з 2 сакавіка 2013 года, высяленню грамадзян з займаемага жылога памяшкання прысвечана асобная 13 глава. У яе дванаццаці артыкулах падрабязна распісаны магчымыя выпадкі, калі наймальнік ці нават уласнік жылля можа быць выселены, акрэслены парадак дзеянняў, устаноўлены дакладныя тэрміны працэдуры высялення, асаблівасці высялення з розных катэгорый жылых памяшканняў.
Такім чынам жыллёва-камунальныя службы, уласнікі жылых памяшканняў атрымалі законны і эфектыўны сродак уздзеяння на хранічных неплацельшчыкаў за жыллё. На 1 снежня 2013 года па даных УП ЖКГ у Шумілінскім раёне 1345 неплацельшчыкаў. Гэта вельмі многа, улічваючы, што ўсяго ў раёне наймальнікаў і карыстальнікаў жылля 8847.  Некаторыя не плацілі за кватэру два месяцы, некаторыя не плацяць гадамі.
Артыкул 86, у прыватнасці, тычыцца высялення грамадзян, якія ўхіляюцца ад унясення платы за жыллёва-камунальныя паслугі і платы за карыстанне жылым памяшканнем. Прычым высяленню падлягаюць не толькі наймальнікі жылых памяшканняў, але і ўсе члены сям’і, якія пражываюць з ім, нават непаўналетнія. Працэдура высялення пачынаецца, калі наймальнік мае шасцімесячны доўг па плаце за камунальныя паслугі і за карыстанне жылым памяшканнем. Гэта тычыцца і жылых памяшканняў у інтэрнатах.
Спачатку наймальнік атрымлівае папярэджанне  з прапановай заплаціць доўг на працягу месяца. Прычым доўг трэба пагасіць у поўным памеры, частковая плата не спыняе працэдуры высялення. Калі доўг не пагашаны ці наймальнік адмаўляецца плаціць, падаецца іск у суд на высяленне з прадастаўленнем жылога памяшкання ў дзяржаўным жылым фондзе меншай плошчы і (ці) з горшымі спажывецкімі якасцямі. Калі сказаць прасцей – без камунальных даброт, у тым ліку і за межамі дадзенага населенага пункта. У судовым парадку можа быць праведзены прымусовы абмен займаемага даўжніком жылога памяшкання на меншае па плошчы.  З інтэрната высяленне праводзіцца без прадастаўлення жылога памяшкання (арт. 93 Жыллёвага кодэксу).
Як расказаў юрысконсульт УП ЖКГ А. В. Шчарбакоў, у 2013 годзе было падрыхтавана сем судовых іскаў на высяленне.
Хто ж яны, над кім завіс дамоклаў меч правасуддзя? Можа яны якія гаротнікі, хворыя, якія не могуць зарабіць на кавалак хлеба, не тое, што плаціць за кватэру. Дарэчы, у такіх выпадках можна звярнуцца за субсідыяй ці абмяняць вялікую кватэру на меншую.
Грамадзянін В. атрымаў інтэрнат ад райаграсэрвісу, там і працуе, але за жыллё не плаціў з кастрычніка 2012 года. Доўг склаў 1,6 мільёна рублёў. Атрымаў папярэджанне, не заплаціў. У ходзе суда даказваў, што не плаціў з-за таго, што на прадпрыемстве не плацілі зарплату. Але даведка з бухгалтэрыі пацвярджала, што няхай і маленькую, але зарплату атрымліваў рэгулярна. Плаціць за пакой перашкаджала гарэлка. Нягледзячы на тое, што частку доўгу ён усё ж выплаціў, яго выселілі.
Грамадзянін С. пражываў у інтэрнаце з жанчынай, якая пабудавала кватэру і пераехала туды, пакінуўшы сужыцеля ў інтэрнаце. Права на інтэрнат ў яго няма, да таго ж ён і не плаціў за пражыванне, бо нідзе не працаваў. Рашэнне суда – выселіць без прадастаўлення іншага жылога памяшкання.
Грамадзянін І. пражываў у трохпакаёвай кватэры са зручнасцямі, за кватэру не плаціў з сакавіка 2012 года, доўг склаў каля 3 мільёнаў рублёў. Нідзе не працуе, п’е, кватэру пераўтварыў у прытон для мясцовых п’яніц. УП ЖКГ спрабавала атрымаць ад яго доўг рознымі спосабамі: адключылі камунальныя даброты, папярэджвалі, скарысталі працэдуру выканаўчага надпісу. Але толькі пасля іску ў суд ён заплаціў частку доўгу. У ходзе судовага працэсу згадзіўся добраахвотна перасяліцца ў аднапакаёвую кватэру.
Яшчэ па двух ісках справы знаходзяцца ў судзе. Грамадзянін, які пражывае ў інтэрнаце і адмаўляецца плаціць, бо нідзе не працуе, хутчэй за ўсё будзе выселены. А вось другі выпадак больш цікавы: мнагадзетная сям’я, абодва бацькі працуюць і маюць, па шумілінскіх мерках, неблагую зарплату, за кватэру не плацілі “з прынцыпу”, калі можна так выказацца. Толькі ў ходзе суда зразумелі сур’ёзнасць становішча і вырашылі папрасіць тэрмін для аплаты доўгу.
Работа з даўжнікамі працягваецца, і ўжо зараз у камунгасе рыхтуюцца ў суд каля дзясятка іскаў на высяленне.
Для перасялення даўжнікоў рашэннем райвыканкама выдзелены дом № 6 па вуліцы Дубасарскага і некаторыя іншыя дамы без камунальных даброт.
Дарэчы, па рашэнні суда выселіць могуць і з прыватызаванай кватэры, калі ўласнік жылога памяшкання не плаціць за камунальныя паслугі ці абслугоўванне жылога памяшкання. Уласнік павінен на працягу года аплаціць доўг. Калі доўг не аплачаны, яго перасяляюць у іншае жылое памяшканне, а кватэра прадаецца на таргах. З атрыманай сумы гасіцца доўг, а астатнія грошы перадаюцца былому ўласніку кватэры.
Артыкул 94 Жыллёвага кодэкса агаворвае працэдуру высялення абавязаных асоб. У гэтым выпадку па судовым рашэнні абавязаная асоба перасяляецца з жылых памяшканняў дзяржаўнага ці прыватнага фонду ў жыллё меншай плошчы, з горшымі спажывецкім якасцямі, у тым ліку і за межамі дадзенага населенага пункта, а кватэра здаецца – выручаныя грошы ідуць на пагашэнне доўгу дзяржаве за ўтрыманне дзяцей. У нашым раёне ўжо ёсць адзін прыклад такога рашэння.
Лёс жылых памяшканняў, з якіх выселены даўжнікі, вырашаецца мясцовымі выканаўчымі органамі: жыллё пераводзіцца ў разрад сацыяльнага ці камерцыйнага і размяркоўваецца ва ўстаноўленым законам парадку.
Як паказвае практыка, даўгі па камунальных плацяжах з-за складанага матэрыяльнага становішча ўзнікаюць не так і часта. У большасці выпадкаў прычына даўгоў – пазіцыя наймальніка ці ўласніка жылля: калі, мякка кажучы, адсутнічае звычка плаціць за камунальныя паслугі, ці, што часцей, яны вядуць асацыяльны лад жыцця: пакуль грошы ёсць – п’юць-гуляюць, а калі ўспамінаюць пра квартплату, то плаціць ужо няма чым.
Прыклады высялення, напэўна,  прымусяць некаторых задумацца пра своечасовую аплату камунальных і іншых паслуг, бо магчымасць застацца без даху над галавой становіцца рэальнай.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №3 ад 14.01.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *