К профессиональному празднику

Общество

Самае галоўнае – аператыўнасць
На пытанне, што самае важнае ў рабоце выратавальнікаў, Віктар Леанідавіч Вішнякоў адказвае:
– Самае галоўнае – аператыўнасць, дакладнасць дзеянняў, граматнасць.                                     Віктар Леанідавіч працуе вадзіцелем у райаддзеле па надзвычайных сітуацыях больш за дваццаць гадоў. “Мне падабаецца тут працаваць, – прызнаецца мужчына. – Статус выратавальніка прымушае заўсёды быць у форме, не губляцца ў экстрэмальных сітуацыях”. І ён стараецца быць сабраным і ўважлівым, ніколі не панікуе.
Вядома, у абавязкі вадзіцеля перш за ўсё ўваходзіць догляд машыны, але ён часта дапамагае выратавальнікам. Калі, напрыклад, не хапае рук пры тушэнні травы, ці ў іншых надзвычайных сітуацыях. Ён успамінае, як спяшаліся на дапамогу людзям, якія трапілі ў аварыю, як ратавалі і галубоў, якія заляцелі ў праём паміж двайным шклом вокнаў, і кошак, якія трапілі ў каналізацыйныя калодзежы.
– А яшчэ запомніўся выпадак, калі мужчына з  вёскі Пятніцкія палез чысціць калодзеж, – згадвае Віктар Леанідавіч. –  Дно калодзежа аказалася надзвычай гліністым, ногі мужчыны завязлі ў гэтай гразі. Вяскоўцы чатыры гадзіны спрабавалі выцягнуць чалавека з калодзежа – аніяк не атрымалася. Выклікалі выратавальнікаў. І калі мы выцягнулі пажылога чалавека, ён ад удзячнасці нават заплакаў.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №4 ад 17.01.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *