Птушка года-2014

Новости Экология

Зязюля звычайная
Грамадская арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны” выбрала птушкай 2014 года зязюлю звычайную (Cuculus canorus, рус. – кукушка обыкновенная).
Лічыцца, што зязюлі – нашы птушкі, але ў Беларусі яны праводзяць толькі тры месяцы ў год. Большую частку года яны мігрыруюць альбо зімуюць у Афрыцы. Колькасць зязюлі ў Еўропе скарачаецца ў сувязі са зменай практык вядзення сельскай гаспадаркі. У Беларусі сітуацыя больш спрыяльная, таму вывучэнне дазволіць лепш зразумець асаблівасці біялогіі гэтага незвычайнага віду.
Даўжыня цела зязюлі 32-38 см, размах крылаў 54-68 см. Калі сядзіць на дрэве, крыху апускае крылы. Самец з шэрым горлам і валлём, у самкі і маладых птушак гэтыя часткі апярэння паласатыя.
Жывуць у невялікіх лісцевых, змяшаных цi хваёвых лясах; выбіраюць невялікія групы дрэў сярод палёў і лугоў, паркі, сады, агароды, адкрытыя тэрыторыі з адзінкавымі дрэвамі або групамі кустоў, вільготныя тэрыторыі з трыснягом, балоты, прыморскія дзюны. Пазбягаюць скальных гор, густых лясоў, акіянскіх астравоў, шчыльнай гарадской забудовы.
Зязюля падкідвае яйкі ў гнёзды іншых відаў вераб’іных. У кожнае гняздо адкладваецца адно яйка.
10 цікавых фактаў
пра зязюлю:
1. Кукуе толькі самец. Голас самкі падобны да чалавечага рогату.
2. Самкі маюць дзве морфы – шэрую і рудую.
3. З-за завостраных крылаў і паласатага малюнка на жываце падчас палёту зязюля падобна да драпежнай птушкі. Дзякуючы гэтаму самец зязюлі палохае птушку-гаспадара гнязда, а ў гэты час самка падкідвае яйка.
4. Зязюлі хапае ўсяго 10-16 секунд, каб падкласці яйка ў гняздо.
5. Зязюля падкідвае яйкі ў гнёзды не ўсім відам птушак, але спіс “ахвяраў” налічвае больш за 100 відаў.
6. Падкінутыя яйкі амаль супадаюць па колеры з яйкамі гаспадароў гнязда. Самка зязюлі за адзін сезон можа адкласці ад 8 да 25 яек, але з кожных 5 падкінутых яек вырастае толькі адно птушаня.
7. Час ад кладкі яек да вывядзення птушанят зязюлі меншы, чым тых, у чыіх гнёздах яны знаходзяцца.
8. Зязюля – дальні мігрант. Узімку яна ляціць у Афрыку. Ляцяць птушкі не чарадой, а паасобку.
9. Зязюлі ядуць вусеняў, пакрытых валаскамі, якіх іншыя птушкі не чапаюць.
10. У паданнях шматлікіх народаў зязюля з’яўляецца сімвалам дабрабыту.
Па інфармацыі ГА АПБ.
Надрукавана ў №5 ад 21.01.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *