К Дню памяти воинов-интернационалистов

Актуалии Общество

Памяць сэрца
Нядаўна ў Башнёўскім сельскім клубе прайшоў вечар-партрэт у гонар палкоўніка Ромаса Юхневічуса. Мерапрыемства прымеркавана да 25-годдзя вываду савецкіх войск з Афганістана.
Ромас Канстанцінавіч Юхневічус – кадравы афіцэр з баявым мінулым, ён узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, “За службу Радзіме ва Узброеных Сілах СССР” ІІІ ступені, Знакам Міністра абароны СССР “За размініраванне”, медалём “За баявыя заслугі” і афганскімі “За храбрасць”,  Зоркі ІІІ ступені.
На пачатку вечара-партрэта – аповед пра дзяцінства Р. К. Юхневічуса, пра тое, як літоўскі хлопчык цвёрда вырашыў абраць афіцэрскую сцежку. Пасля вядучая расказвае пра службу ў Забайкаллі, Прыбалтыцы, Афганістане, гартаюцца фотаздымкі з сямейнага архіва Юхневічусаў.
Асаблівая старонка вечара  прысвечана афганскаму перыяду службы Ромаса Канстанцінавіча.  У 1982 годзе маёра Юхневічуса накіроўваюць у Пулі-Хумры зампалітам 395-га мотастралковага палка. Ромас Канстанцінавіч расказваў і пра ўзяцце вышыні, і пра вызваленне ад душманаў афганскіх мястэчак… Р. К. Юхневічус падкрэсліў, што як ні было цяжка на вайне, але ў яго быў надзейны тыл – яго сям’я. На вечарыне прысутнічалі жонка Ромаса Канстанцінавіча, яго дачка, унукі.
Старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” М. А. Калянковіч і намеснік старшыні арганізацыі  М. І. Андрэеў адзначылі сталую грамадзянскую пазіцыю Р. К. Юхневічуса, уручылі яму памятны знак, прысвечаны 20-годдзю  з дня ўтварэння арганізацыі.
Завяршылася мерапрыемства канцэртам “Памяць сэрца”, які падрыхтаваў Башнёўскі сельскі клуб.
“Салдат вайну не выбірае”–  пад такой назвай у Шумілінскім краязнаўчым музеі праходзіць цыкл сустрэч з воінамі-інтэрнацыяналістамі. Галоўныя героі мерапрыемства –  ветэраны афганскай вайны.
Карэспандэнт раённай газеты пабываў на сустрэчы М. І. Андрэева і І. Я. Бурава з другакласнікамі. Намеснік старшыні раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” М. І. Андрэеў расказаў пра афганскія падзеі, баявыя аперацыі і жыццё ў тагачасным Афганістане. Вучні з інтарэсам слухалі аповед Мікалая Іосіфавіча і задавалі пытанні. І хай гэтыя пытанні былі па-дзіцячаму наіўныя, затое шчырыя і непасрэдныя.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №12 ад 14.02.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *