День защитника Отечества в шумилинском детском саду и обольском клубе

Культура Образование

Быць такім, як тата
Стаць абаронцам Айчыны марыць кожны хлопчык. А больш за ўсё і хлопчыкі, і дзяўчынкі мараць быць падобным да свайго таты – такога моцнага і спрытнага. І як здорава, што спаборнічаць у спрыце, выконваць цікавыя, часам смешныя, заданні можна разам са сваімі татамі.
Ну хаця б у свята Дня абаронцаў Айчыны. Хочацца адзначыць, што такія сустрэчы ў д/с №3 райцэнтра традыцыйныя.
Работнікі ўстановы – музычны кіраўнік Н. А. Самарукава і кіраўнік фізічнага выхавання І. І. Шкулава – багатыя на выдумку і фантазію і чаго толькі не напрыдумлівалі ў якасці конкурсаў. Спаборніцтвы на ваенна-марской, ваенна-паветранай, ваенна-палявой “базах”, на пагранічнай заставе, конкурсы “Злаві дыверсантаў”, “Трапны стралок”, дзе ўдзельнікам давялося мяшэчкам з пяску збіваць варожы танк.
А як цікава прайшлі конкурсы, у якіх таты выконвалі ролю “моста” і разведчыка! Нашы бацькі – Юрый Барысаў, Віталь Донаў, Андрэй Голуб і Канстанцін Рабушаў – спраўляліся з заданнямі годна, па-мужчынску.
Колькі станоўчых эмоцый, радасці ад сумеснага выканання “баявых дзеянняў”, а самае важнае – гонару (паглядзіце: гэта мой тата!) было ў дзяцей. Несумненна, такія святы яднаюць, ствараюць эмацыянальны камфорт, надаюць пазітыву ад таго, што бацькі і дзеці разам.
Г. АЎТУШКА, выхавальнік д/с №3 г. п. Шуміліна
Пра салдацкую кухню і танцы пад “Кацюшу”
21 лютага ў Обальскім ДК прайшло святкаванне Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Мерапрыемства было прымеркавана да 70-годдзя вызвалення Шумілінскага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Усё пачалося ў фае Дома культуры,
дзе быў арганізаваны салдацкі прывал, працавала салдацкая кухня. Тут праходзілі разнастайныя конкурсы накшталт скручвання шыняля і цыгарэты (казінай ножкі), конкурс скакуноў пад “Кацюшу” і многія іншыя. Тут спявалі ваенныя песні, былі наладжаны выставы дзіцячых малюнкаў, армейскіх альбомаў, нават выстава падарункаў для мужчын “Для цябе, каханы”. Было шмат мужчын, пераапранутых у ваенную форму, жанчын у сукенках тых гадоў. Выдатным атрымаўся і канцэрт “Удзячнасць усім салдатам”, які сабраў поўную залу гледачоў і мора апладысментаў. Пра ўсё гэта расказала Т. П. Партная, мастацкі кіраўнік Обальскага ДК.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №16 ад 28.02.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *